Юрачка ў Афрыцы

№ 38 (1425) 21.09.2019 - 28.09.2019 г

Аддзел народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур выпусціў першую кніжку двухтомніка “Творчыя калектывы беларусаў замежжа”. Мы папрасілі кіраўніка аддзела Алеся Лозку, кандыдата філалагічных навук, аднаго з аўтараў-укладальнікаў унікальнага выдання, адказаць на нашы пытанні і распавесці пра феномен культуры беларусаў замежжа.

/i/content/pi/cult/763/16502/016.JPG— Падобнае выданне ў Беларусі здзейснена ўпершыню. Гэта даследаванне аб таленавітых суайчынніках, калектывах мастацкай творчасці, якія прадстаўлялі і прадстаўляюць нашу краіну за мяжою, прэзентуюць беларускую нацыянальную культуру. Розныя крыніцы называюць ад 2,4 і да 3,5 мільёна беларусаў, якія пражываюць больш чым у 70-ці краінах свету. Многія выхадцы з беларускіх земляў сталі ўплывовымі дзяржаўнымі і грамадскімі дзеячамі, вядомымі навукоўцамі, мастакамі, артыстамі… Францыск Скарына, Сімяон Полацкі, Міхал Клеафас Агінскі, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Валянцін Ваньковіч, Напалеон Орда, Іван Хруцкі, Станіслаў Манюшка, Элаіза Ажэшка, Фердынанд Рушчыц, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Мечыслаў Карловіч, Казімір Малевіч, Мікола Равенскі, Марк Шагал, Міхась Забэйда-Суміцкі, Пётр Конюх і іншыя, якія складаюць славу не толькі Беларусі, але і тым краінам, дзе пражывалі.

У кнізе, над якой працаваў 21 аўтар розных арганізацый культуры, адукацыйных і навуковых устаноў, прадстаўлены артыкулы аб гісторыі знаходжання беларусаў у розных краінах свету, развіцці іх грамадска-культурных аб’яднанняў, мастацкіх калектываў і дзейнасці творчых асоб.

— Сапраўды ў мінулым было нямала выдатных беларусаў-“замежнікаў”, якія праславіліся талентам ды дзейнасцю. Згадаць хаця б майстроў ХVII стагоддзя з Вялікага Княства Літоўскага, якія ўпрыгожвалі маскоўскія палацы і саборы, шчыравалі ў Залатой і Сярэбраных палатах Крамля, навучалі маскоўцаў еўрапейскім тэхналогіям, пачыналі кнігадрукаванне ва ўсходняй Еўропе, дзейсна спрычыніліся да развіцця асветы, культуры ў розных краінах. Чым жа цяпер праславіліся нашы суайчыннікі?

— Назавём некалькі малавядомых у Беларусі, але добра вядомых за мяжою імёнаў. Фотамастак з Ялты (нарадзіўся ў Гомелі) Яўген Камароў, заслужаны работнік культуры Украіны, заслужаны мастак міжнароднай федэрацыі фотамастацтва (EFIAP), сябра фотаклубаў Лондана, Пакістана, Аргенціны, Румыніі, Расіі, лаўрэат 10-ці залатых медалёў Амерыканскага фотатаварыства (PSA) і 12-ці залатых медалёў Міжнароднай федэрацыі фотамастацтва (EFIAP), удзельнік 900 міжнародных выстаў, на якіх атрымаў 320 узнагарод, у тым ліку сем Гран-пры і 60 залатых медаляў і кубкаў. Вячка Целеш — старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, сябар саюзаў мастакоў Латвіі і Беларусі, педагог, краязнаўца, калекцыянер, пісьменнік, грамадскі дзеяч (родам з Ваўкавышчыны), які за асабістыя заслугі атрымаў грамадзянства Латвіі, Знак гонару Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі, вышэйшую ўзнагароду Латвійскай Рэспублікі — Ордэн Трох Зорак, прыз года Рыжскай думы “За шматгадовы ўнёсак у адукацыю”. Папулярная спявачка Юлія Руцкая, заслужаная артыстка Кыргызстана, дыпламант розных міжнародных конкурсаў. Старшыня Таварыства малдаўска-беларускай дружбы Маргарыта Івануш, народная артыстка Малдовы, уладальніца Гран-пры міжнароднага конкурсу раманса “Залатая хрызантэма” ў Румыніі, мастак Вячаслаў Ігнаценка, член Саюза мастакоў Малдовы і Міжнароднай асацыяцыі мастакоў, лаўрэат міжнародных выставак.

Беларускую культуру прадстаўляюць: у Мексіцы — Вольга Сотнікава-Рамас, спявачка (меца-сапрана), лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў; у Люксембургу — цымбалістка Таццяна Ялецкая і піяністка Таццяна Зелянко; у Францыі — мастакi Барыс Забораў, Раман Заслонаў, Вольга Дзёмкiна, Ірына Котава, оперны спявак Аркадзь Валадось, спявачка Наталля Арцёмава, кампазітар Георгій Сасноўскі, піяніст Сяргей Смірноў; у Фінляндыі — арганістка Юлія Тамінен, піяніст, доктар музыкі Кірыла Казлоўскі; у Англіі і Ірландыі — мастачка Ганна Колас, піяністка Вольга Сцяжко, віяланчэліст Аляксей Кісялёў (саліст і канцэртмайстар Каралеўскага нацыянальнага шатландскага аркестра); у Галандыі — мастакі Вікторыя Каваленчыкава і Андрэй Задорын, піяністы Сяргей Смірноў і Віталь Стахіевіч; у Партугаліі — лаўрэат міжнародных конкурсаў, флейтыстка сімфанічнага аркестра Майдэры Любоў Бенедыктовіч; у Германіі — канцэртмайстар сімфанічнага аркестра Васіль Тарабука, кампазітар Лявон Гурвіч, цымбаліст Міхаіл Ляончык, віяланчаліст Мікаэл Самсонаў, гітарыст Віктар Смольскі; у Грэцыі — цымбалістка-віртуоз Ангеліна Ткачова-Статапоулас, у Кітаі — музыкант Іосіф Сяргей, ганаровы член асацыяцыі педагогаў фартэпіяна ў краіне і таксама ганаровы прафесар музычнай акадэміі ў Джакарце (Інданэзія), у Кітайскай Рэспубліцы — скрыпач Уладзімір Клачко, першы канцэртмайстар Нацыянальнага Тайваньскага сімфанічнага аркестра...

Гэты спіс можна працягнуць творцамі з Расіі, ЗША і іншых краін.

— Асноўная ўвага ў першым томе звернута на калектывы мастацкай творчасці…

— Сапраўды так. Намі выяўлена каля 200 творчых беларускіх калектываў у розных краінах свету, з якімі падтрымліваем сувязі, запрашаем на творчыя стажыроўкі мастацкіх кіраўнікоў, фестывалі мастацтваў беларусаў свету, дапамагаем з набыццём нацыянальных касцюмаў, музычных інструментаў, літаратуры. Гэта звычайна беларускія ансамблі песні, танца, тэатральныя калектывы, якія прэзентуюць айчынную культуру. Найбольш іх у Расіі, Польшчы, Латвіі, Літве, Эстоніі, Украіне, Казахстане, ЗША, Малдове, Італіі, маюцца таксама асобныя групы ў Аргенціне, Арменіі, Аўстраліі, Ізраілі, Канадзе, Сербіі, Узбекістане, Францыі, нават у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.

Аб іх поспехах і папулярнасці ў краінах пражывання сведчаць, напрыклад, ганаровыя званні, якія ім надаюцца. Асабліва такіх нямала ў Расіі і Польшчы. Дарэчы, не ва ўсіх краінах існуе такая практыка. Назаву некаторыя калектывы: у Цюменскай вобласці — народныя вакальны ансамбль беларускай песні “Лянок” і фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Вячоркі”, у Новасібірскай — народныя фальклорны ансамбль “Кумачкі”, гурт “Сібірскі ўзор”, ансамбль беларускай песні “Чапурушка”, фальклорны ансамбль “Зязюля”, узорны тэатр народнай песні “Вясёлка”, у Іркуцкай — народны фальклорны гурт “Варэнічкі”, у Калінінградскай — народныя ансамблі “Славяначка”, “Напеў”, “Крыніца”. А таксама — беларускі хор “Купалінка” (Рэспубліка Комі, Сыктывкар), Омскі народны фальклорны ансамбль “Славянскі вянок”, народны беларускі сямейны ансамбль “Лявоніха” (Кемераўская вобласць), заслужаны калектыў аматарскай творчасці Прыморскага краю ўзорны ансамбль народнага танца “Журавушка”.

— Памятаецца, у 90-х гадах мінулага стагоддзя добра былі вядомыя і папулярныя беларускі танцавальны ансамбль “Васілёк” са Злучаных Штатаў Амерыкі, спявак Данчык (Багдан Андрусішын), якія паспяхова гастралявалі і ў Беларусі… Больш падрабязней, калі ласка пра “беларускасць” іншых экзатычных краін.

— Па розных падліках у ЗША пражывае больш за 600 тысяч беларусаў. Эміграцыя сюды распачалася яшчэ ў перыяд ВКЛ. Першыя беларускія нацыянальныя арганізацыі былі створаны ў 1920-х гадах, ствараліся і шматлікія калектывы мастацкай творчасці. Цяпер асабліва вядомы сямейныя ансамблі Валянціны Пархоменка (заслужаная артыстка Беларусі), Дзямешчыкаў, Сокалава-Воюша, плённа працуе кампазітар Яўген Магаліф ды іншыя.

Першыя беларусы ў Аргенціну трапілі яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя, а стварэнне першых беларускіх арганізацый адносіцца да сярэдзіны 1930-х гадоў. Цяпер там прыблізна каля пяці тысяч беларусаў. Папулярны танцавальны ансамбль “Чайка” (кіраўнік Катрыэль Вініёнак) узнік у 50-я гады пры Беларускім клубе Vostok de Berisso. Танцоры, пераважна іспанамоўныя студэнты і навучэнцы, праўнукі дарэвалюцыйных эмігрантаў, у старадаўніх самаробных строях з натхненнем выконваюць “Віцебскую польку”, “Бульбу”, “Юрачку”.

Па перапісе 2011 года ў Аўстраліі зарэгістравана 2500 нашых суайчыннікаў, пры гэтым было адзначана, што 90 з іх дома размаўляюць па-беларуску. Асаблівую вядомасць набылі хор беларускай царквы святых Апосталаў Пятра і Паўла, створаны яшчэ ў 50-я гады ў Адэлаідзе, і ансамбль “Каліна” з Мельбурна.

А вось у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы беларускі факультэт на базе Рускай балетнай акадэміі танца ў Ёханесбургу пад кіраўніцтвам харэографа Алены Бычко-Сакс быў створаны ў 2011 годзе. Артысты факультэта — пастаянныя ўдзельнікі ўсіх маладзёжных фестываляў у ПАР, жаданыя госці на штогодніх дыпламатычных вечарах, сустрэчах і кірмашах.

Яшчэ больш актыўна дзейнічае ў Канадзе фольк-гурт “Яваровы людзі”, які стварыла ў 2001 годзе Віялета Кавалёва. Выконваюцца беларускія народныя песні, у тым ліку каляндарна-абрадавыя, ладзяцца танцы, тэатральныя пастаноўкі, штогод у Беларускім цэнтры адпачынку “Слуцак” праводзіцца Купалле. У гурце займаюцца дарослая і дзіцячая групы.

Аляксандр Лагвіновіч