Смачна вам пачытаць!

№ 38 (1425) 21.09.2019 - 28.09.2019 г

З нагоды Дня бібліятэк супрацоўнікі Смаргонскай гарадской бібліятэкі № 2 прыгатавалі кніжны торт. Страва — смачная. Асноўным яе інгрэдыентам стала Залатая калекцыя “Беларускага кнігазбору”: творы Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Кузьмы Чорнага… “Торт” карыстаецца вялікім чытацкім попытам. Шчыра віншую ўсіх беларускіх бібліятэкараў са святам, а наведвальнікам бібліятэк жадаю смачна чытаць!

/i/content/pi/cult/763/16500/014.JPG10 — 12 верасня Брэст — Культурная сталіца Садружнасці 2019 года — прыняў выязное пасяджэнне Бібліятэчнай Асамблеі Еўразіі. Мерапрыемства арганізаваў мясцовы гарвыканкам пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва. У абласной філармоніі прайшла міжнародная канферэнцыя “Кніга ў фарміраванні інтэлектуальнай культуры народа”. У мерапрыемстве бралі ўдзел кіраўнікі нацыянальных бібліятэк Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана. Былі ацэнены сучасны стан і перспектывы развіцця адзінай інфармацыйнай прасторы. Напярэдадні 75-гадовага юбілею Вялікай Перамогі на форуме былі прадстаўлены тэматычныя інфармацыйныя рэсурсы нацыянальных бібліятэк пра Вялікую Айчынную вайну. Удзельнікі сходу наведалі Брэсцкую цэнтральную гарадскую бібліятэку імя Аляксандра Пушкіна. Яго вершы гучалі на мовах краін Садружнасці.

Напярэдадні Дня бібліятэк ва ўстановах Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі прайшоў Тыдзень адчыненых дзвярэй “Шчыра запрашаем у кніжны свет”. Загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Юлія Міхайлава распавядае: “У дзіцячай бібліятэцы прайшоў інфа-квэст пра кнігі і чытанне. А падчас акцыі “Бібліятэчная мазаіка” дзеці адгадвалі казачныя крыжаванкі і складалі з пазлаў партрэты літаратурных герояў. Школьнікі пазнаёміліся з самымі прыгожымі і незвычайнымі бібліятэкамі свету”. Да прыкладу, на даху бібліятэкі Дэлфцкага тэхнічнага ўніверсітэта для гукаізаляцыі будынка расце трава.

Да Года малой радзімы і 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці Гезгалаўская сельская бібліятэка — цэнтр экалагічнай культуры (Дзятлаўскі раён) арганізавала творчую вечарыну, прымеркаваную да 80-годдзя мясцовай паэткі Веры Хрышчановіч. Цягам жыцця Вера Ігнатаўна піша пра родны край. Чытачы пажадалі творцы далейшых поспехаў у жыцці і літаратурных шчыраваннях. Пра гэта напісала бібліятэкар Гезгалаўскай сельскай бібліятэкі — цэнтра экалагічнай культуры Марына Грэцкая.

15 верасня ў Мёрах ладзілася экалагічнае свята “Жураўлі і журавіны Мёрскага краю”. Мерапрыемства прайшло ў сёмы раз. І прыдумана яно было невыпадкова. Гэты край, як вядома, багаты на журавіны. І кожны год больш за чатыры тысячы шэрых журавоў і дзясяткі тысяч гусей падчас восеньскай міграцыі спыняюцца для адпачынку на мясцовым балоце Ельня. Сёлета згаданае свята стала часткай праекта “Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця Мёрскага раёна праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці”. Рэалізацыю праекта па ўстойлівым развіцці рэгіёна фінансуе Еўрасаюз. Як паведамляе каардынатар праекта Надзея Дударонак, “падчас свята запачаткавана ініцыятыва стварэння Музея жураўлёў і журавін, экспанаты для якога збіраюцца ўсімі ахвотнымі. Апрача кірмашу была адкрыта і экасцяжынка на балоце Ельня, дзе поруч з прадстаўнікамі арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” можна будзе паназіраць за жураўлямі”.

Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы рэалізавала праект “Бібліятэчны Арбат”. Можна было наведаць бібліякавярню “Рэцэпты добрага настрою”, вернісаж малюнкаў на асфальце, выставу-дэгустацыю “Вінаградныя гронкі Лідчыны” (арганізатары — удзельнікі клуба вінаградараў пры раённай бібліятэцы), выставу мастацкіх работ навучэнцаў мясцовай ДШМ.
Прайшла і акцыя “Запішыся ў бібліятэку”.

14 верасня Гомель адсвяткаваў 877-годдзе. З гэтай нагоды Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці правёў абласны конкурс нацыянальнага касцюма “Палатно стагоддзяў”. Прэзентаваліся строі этнаграфічныя, аўтарскія, нацыянальныя сцэнічныя, а таксама — галаўныя ўборы і аксесуары.

А 20 верасня ў выставачнай зале Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці адкрылася выстава традыцыйных, аўтарскіх і сувенірных лялек “Мастацтва з характарам”. У экспазіцыі — калекцыі майстроў з Гомельскага дзяржаўнага каледжа народных мастацкіх промыслаў і Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжа. Традыцыйная лялька прадстаўлена абрадавымі абярэгамі. Асноўная іх асаблівасць — безаблічнасць. Аўтарскія лялькі ў нацыянальных ці стылізаваных касцюмах уяўляюць сінтэз мастацтва скульптуры, дызайну, дэкарацыі.

У Смаленску на тэрыторыі санаторыя “Чырвоны бор” прайшоў Міжнародны конкурс фальклору і рамёстваў “Смаленскі ражок”, які сабраў больш за 400 удзельнікаў — майстроў народных мастацкіх рамёстваў, удзельнікаў фальклорных і тэатральных калектываў, інструментальных ансамбляў з Расіі і Беларусі. Віцебшчыну, распавядае Андрэй Струнчанка, прадстаўлялі артысты і рамеснікі з Бешанковічаў, Гарадка, Наваполацка, Оршы і Віцебскага раёна.

Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу і работы з фондам Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя Восіпа Кавалеўскага Алена Аліферовіч распавядае: “У бібліятэцы дзейнічае выстава “Фотаімгненні для нашчадкаў”. Тут адлюстраваны гістарычныя будынкі Вялікай Бераставіцы: млын, палац Касакоўскіх, гаспадарчыя забудовы, ратуша, сінагога. Фотавыстава з’яўляецца неад’емнай часткай экскурсій па бібліятэцы. Аналагічная выстава адкрылася і ў Масалянскай ды Пархімаўскай інтэграваных сельскіх бібліятэках. Плануецца арганізаваць такія экспазіцыі ва ўсіх сельскіх бібліятэках раёна”.

Дзяржаўны музей гісторыі Беларускай літаратуры разам з Баранавіцкім райвыканкамам запрасілі 21 верасня на свята “Восень у Завоссі” ў філіяле “Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе”. Тут, як вядома, нарадзіўся Адам Міцкевіч, тут бавіў свае летнія вакацыі. Падчас мерапрыемства прайшлі літаратурна-грамадская акцыя “Чытаем класіка”, выступленні гурткоўцаў літаратурных суполак раёна, канцэртная праграма, выстава работ майстроў народнай творчасці.

Кіраўнік дзіцячага ансамбля народных інструментаў “Калінка” Свіслацкай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Вайцяхоўская паведамляе, што гэты калектыў быў створаны ў 2006 годзе і дадае: “Ансамблевая ігра значна пашырае музычны кругагляд навучэнцаў, развівае такую неабходную музыканту якасць, як уменне слухаць не толькі ўласнае выкананне, але і партнёраў, актывізуе фантазію і творчы пачатак. Дзеці, якія прайшлі школу ансамбля, добра знаёмыя з пачуццём локця і калектыўнай адказнасці. Сёння “Калінка” — актыўны ўдзельнік школьных, раённых і абласных святочных акцый: конкурсаў і фестываляў. Склад музыкантаў мяняецца амаль штогод. А вось набор інструментаў застаецца нязменным: цымбалы, домры, баяны, балалайка-кантрабас, фартэпіяна і ўдарныя. У рэпертуары ўзорнага калектыву — п’есы беларускіх, рускіх, еўрапейскіх кампазітараў, інструментальныя апрацоўкі народных мелодый, песні розных этнічных рэгіёнаў Беларусі.”

Навіна ад інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра. 75 гадоў споўнілася сельскагаспадарчаму вытворчаму кааператыву “Свіслач”. З гэтай святочнай нагоды супрацоўнікі Свіслацкай і Квасоўскай сельскіх бібліятэк адкрылі чытальню пад адкрытым небам. Тут можна даведацца пра мінулае і сучаснае гаспадаркі, паглядзець фотавыявы сённяшняга аграгарадка. Маленькія госці былі задзейнічаны ў праграме “Шукальнікі прыгод”, адказвалі на пытанні бібліятэкараў і дэманстравалі таленты ў стварэнні малюнкаў. А пачытаць можна было на траве.

Пішыце пра цікавае. Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"