На Замкавай гары паставілі помнік святому Кірылу Тураўскаму. Але і гэта яшчэ не ўсё. Якраз у гэтым месцы, дзе калісьці быў манастыр, пачалі праводзіць археалагічныя раскопкі. Зараз гэтыя даследаванні праводзяцца пад імправізаваным купалам-храмам, асвечаным Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, які штогод у дзень памяці Кірылы Тураўскага праводзіць святочную літургію.
Што яшчэ “атрымалі” тураўчане, уся Беларусь пасля святаў беларускага пісьменства? Ці толькі матэрыяльныя каштоўнасці? У вялікай кнізе, прысвечанай гісторыі Турава і Тураўскай зямлі, што выйшла менавіта да Дня пісьменства, упершыню надрукаваны старонкі Тураўскага Евангелля, напісанага рукою самога Кірылы Тураўскага. Што ж можа быць даражэйшым за гэтую каштоўнасць?
...Узвялічыўся Тураў і духоўна, і сацыяльна. Тут яшчэ плануецца пабудаваць новы сучасны храм.
7 верасня ў Тураве і Жыткавічах адбудзецца IV фестываль камернай і духоўнай музыкі “Тураў-2008”. У межах свята пройдзе канцэрт Ансамбля салістаў на драўляных духавых інструментах Заслужанага калектыву Нацыянальнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь. Запланавана таксама адкрыццё выстаўкі вырабаў майстроў народных рамёстваў Жыткаўшчыны, творчая сустрэча беларускіх паэтаў з навучэнцамі і педагогамі Турава, а таксама ўдзел камерных калектываў рэспублікі ў канцэрце “Музычны свет Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча”.
Вольга ЯГОРАВА