Нечаканая меланхолія

№ 38 (1425) 21.09.2019 - 28.09.2019 г

Старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў Сяргей Міхаленка раптам паказаў вытанчаную выставу пейзажаў — у Музеі гісторыі беларускага кіно, напярэдадні адкрыцця Месяца фатаграфіі, але па-за праграмай МФМ. Для гледача, магчыма, так і лепей: бачная розніца падыходаў, творчых метадаў. І ўдвая цікава, што персанальная выстава аўтара адбылася пасля вялікага, больш чым дзесяцігадовага перапынку.

/i/content/pi/cult/763/16499/013.JPGЭкспазіцыя дзівіць высакароднай прасторай кадра: апошняя заўсёды адкрыта, заўсёды выяўляе погляд фатографа ў перспектыву, у далеч. Гэта лясы, палі, мора — паколькі перад намі дзве вялікія серыі, беларуская і балтыйская. Сыходзяць за гарызонт дарогі, сцелюцца раўніны... Фотаздымкі чорна-белыя, але хутчэй, “белыя”, і ў літаральным сэнсе белыя на белым — так шмат тут паветра і адценняў белізны. Несумненна, праца з прасторай была асноўнай задачай фатографа, гэта відавочна. Як і тая акалічнасць, што аўтар пастараўся ўзняцца над фактычным пейзажам і пазначыць настрой. Свой, глядацкі, ці самога прыроднага ландшафту, калі мы ўсё ж такі надзяляем яго здольнасцю да настрою.

Дзіўным чынам беларускі і балтыйскі пейзажы падобныя. Мора, пагоркі і лугі можна, вядома, аднесці да блізкіх стыхій, але больш сумленна будзе сказаць, што аб’ядноўвае іх агульнасць бачання аўтара і метаду, які ён абраў для вобразаў. Акрамя візуальнага інструмента агульным апынуўся і ментальны — тая самая меланхолія. Слова выклікала пэўнае здзіўленне, паколькі трывала звязана з назвай фільма Ларса фон Трыера. Зрэшты, перабудавацца на меланхолію больш міралюбівага парадку аказалася нескладана: у нашым выпадку гэта вытворнае ад значэнняў “сум”, “смутак”, “хандра”, і гэта светлы смутак. Так ужо атрымалася, амаль з Пушкіна.

Не менш цікава, што нават міні-серыя з некалькіх гарадскіх відаў з тыпавой забудовай не разрывае гэтую накіраванасць за гарызонт падзей. Брутальнасць, якую мы прызвычаіліся бачыць у падобнага роду кварталах, “памякчэла”, не выстаяла перад снегам, белым небам і зімовай цішынёй, якая накрывае практычна ўсе сюжэты фатографа. Аб сюжэтах, мабыць, варта сказаць асобна — іх няма. Яшчэ і таму я назвала б усю калекцыю сціплай: яна лаканічная і маўклівая. То-бок, яна нічога не “распавядае”, ніякіх гісторый, хіба што сюды можна падцягнуць экалагічную позву. Не без іроніі: маўляў, гэта ж пейзаж, надвор’е, прырода.

І яшчэ пра “калекцыю”. Гэта сапраўды калекцыйная фатаграфія. І як аўтар, і як старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў Сяргей Міхаленка настойліва нагадвае пра тое, што ўсе работы можна купіць, што ўсе яны надрукаваны па стандарце fine аrt і захоўваюцца 200 гадоў. Тэма рынку фатаграфічнага мастацтва ўзнікала ўжо не раз: ён і ёсць, і яго няма адначасова. Развіццё гэтага рынку ідзе вельмі марудна, і кожны раз аб’яднанне фатографаў робіць акцэнт на неабходных аўтарскіх намаганнях і прапановах самога саюза. Спадзяюся, што “Меланхолія” будзе паспяховая ў гэтым плане. Усё ж аўтарскія адбіткі прывабныя не толькі для калекцыянераў, але і цалкам глядацкія, зразумелыя. Звычайны наш погляд у сябе, злучаны з поглядам вакол сябе. Не такое ўжо складанае дзеянне, асабліва для рамантычных натур. Меланхолія нам не чужая.

Любоў ГАЎРЫЛЮК