У хэдлайнеры б пайшоў, няхай мяне навучаць…

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

Глядзеў я тут надоечы па інтэрнэце фрагмент выступу Макса Каржа на мінскім стадыёне “Дынама” і прыкрасць мяне брала: чаму аднаму 35 тысяч аўдыторыі, а другому ў лепшым выпадку ў коле сяброў хрыпець “Не было Галілея i Боба Марлея, не было Сальвадора Далі. Ні Леніна, ні Ленана, ні Карла Лінея, а кіты, чарапахі былі”? Несправядліва? Несправядліва! У мяне таксама голас ёсць, я таксама спяваць хачу! Якія мае гады?! І ўжо зусім было я сабраўся ашчаслівіць грамадства сваім мастацтвам — таленавіты, харызматычны, асабіста знаёмы з Анатолем Іванавічам Ярмоленкам чалавек, вядома ж, толькі новай апорай і выклікам стане як мінімум у айчынным шоу-бізнесе, але ўсё-ткі спачатку вырашыў параіцца з таварышамі, крыху больш дасведчанымі ў музычнай індустрыі, чым я. А раптам там такія падводныя камяні, такое другое дно, што нават мне з маім дарам асталявацца ў ёй будзе немагчыма? А калі сур’ёзна, сённяшнія мае рэспандэнты раскажуць вам пра тое, наколькі музыканту-пачаткоўцу ў наш час складана / лёгка прабіцца на сцэну і што чакае яго на гэтым шляху — пачынаючы з вучобы ў профільнай установе.

/i/content/pi/cult/762/16486/21.JPGАляксандр САПЕГА, старшы выкладчык кафедры духавой музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, ударнік гурта Apple Tea:

— Выглядае, вядома, дзіўна, але я не ўваходжу ў склад прыёмнай камісіі нават тады, калі ва ўніверсітэт імкнуцца паступіць людзі, што жадаюць атрымаць прафесійную адукацыю па маім профілі — як выканаўцы на ўдарнай устаноўцы. Можа, з-за таго, што выпускнікі каледжаў у асноўным ідуць не на нашу кафедру, а на кафедру мастацтва эстрады — да Аляксандра Старажука. Тым не менш, у “латарэі” мне вязе: за ўсе гады свайго выкладання працэнтамі сямюдзесяццю абітурыентаў я застаўся задаволены. З галавой у іх усё было ў парадку, рукі — пастаўленыя, яны проста не ведалі спецыфіку канкрэтна ўдарнай устаноўкі. Іх вучылі iгры на вялікім барабане, талерках і гэтак далей, але не на ўстаноўцы. А менавіта яна зараз самая галоўная сярод перкусій у любым аркестры.

Цяперашняе пакаленне музыкантаў — шчасліўчыкі. Яны аперуюць велізарнымі масівамі прафесійнай інфармацыі, якой мы былі пазбаўленыя. Дзе таму, хто разам са мной пачынаў у канцы 1970-х, можна было штосьцi даведацца аб сучаснай сусветнай музыцы, навучыцца нечаму актуальнаму для тых гадоў? Ды практычна нідзе. Мы “здымалі” з замежных пласцінак, якія цудам траплялі ў СССР, з магнітафонных запісаў, капіявалі з іх ігру — вось у чым заключалася дадатковая адукацыя. Зараз поўна і прыватных школ, і якога заўгодна відэа ў інтэрнэце, толькі паспявай самаўдасканальвацца. З іншага боку, маладым людзям хочацца ж стаць знакамітымі ў максімальна кароткія тэрміны, таму часцяком веды, якімі яны валодаюць, занадта павярхоўныя. І такое хуткае ахопліванне ўсяго і ўся ў маім выпадку часцяком небяспечна: не рэдкасць, калі да мяне прыходзяць навучэнцы са скрыўленымі рукамі, ужо хворымі суставамі. Нават даводзіцца адпраўляць іх у паліклінікі, а потым ужо прыступаць да заняткаў.

Лепшыя ж мае вучні — сапраўды ўпартыя. І інтэрнэт паглядзяць, і кніжкі разумныя шануюць, і з аднагодкамі-калегамі пагавораць, і рады ў старэйшых спытаюць, і на заняткі ў ВНУ прыйдуць. Для іх і для талентаў яшчэ малавядомых, уласна, і быў мною прыдуманы фестываль “Барабанны біт” — конкурс маладых барабаншчыкаў. Узровень яго, па меншай меры, прызёраў звычайна вельмі высокі. І ўсіх удзельнікаў фэсту, і, вядома, сваіх студэнтаў я перасцерагаю ад аднаго: не спакушайцеся зорнаму ўзлёту, калі ён адбудзецца ў вашай кар’еры. Неаднаразова назіраў, як у музыкантаў “зрывала дах”, і яны пераставалі працаваць над сабой, задавальняючыся дасягнутым. І сёння я ведаю такіх, цудоўна стартаваўшых, што вядуць уласныя школы на “ютубе” і вучаць наведвальнікаў грувам з кампазіцый... Цімы Беларускіх. Гэта значыць, чапляюць сябе да яго папулярнасці, атрымліваючы “лайкі” і новых падпісчыкаў. Усё, далей аб самарэалізацыі можна забыцца, застацца ў “топе” за кошт іншых — вось іх задача. Смешна? Горка. А сярод тых сваіх выхаванцаў, якімі я безумоўна ганаруся, — Дзмітрый Габрусеў, Ілля Сцяпанаў (яны наведвалі мой факультатыў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі), Аляксандр Шэлег, Дзмітрый Белы, Андрэй Чарнавокі, Аляксей Земляны, Мікалай Халадзінскі. Думаю, добрыя перспектывы ў Ксеніі Шчарбіны. Зараз мы з ёй грунтоўна заняліся джазам, свінгам, бачу, што ёй гэта не цяжка і яна атрымлівае задавальненне ад музыкі.

Ксенія ШЧАРБІНА, студэнтка другога курса кафедры духавой музыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў:

— У музычнай школе я спачатку вучылася на аддзяленні фартэпіяна, а скончыла яе па класе віяланчэлі. Але звязваць жыццё з сімфанічным альбо з камерным аркестрам не захацела. А гуртоў кшталту фінскай Apocalyptica, дзе з пяці музыкантаў трое граюць на віяланчэлях, у нашай краіне няма. Авалодаўшы ж ударнымі інструментамі, чалавек можа выбраць калектыў любога кірунку, у першую чаргу, натуральна, той, што яму па душы. Як кажа нам, сваім вучням, Аляксандр Мікалаевіч Сапега, без хлеба мы ніколі не застанемся: перкусіяністы заўсёды і ўсюды запатрабаваныя, няхай гэта будзе выканаўца на ўдарнай устаноўцы, асобна на барабанах, марымбе або ксілафоне. У іх пастаянна маюць патрэбу і вялікія склады, што працуюць у самых розных жанрах — ад класікі да народнай музыкі, і аматарскія бэнды, якія спецыялізуюцца, да прыкладу, на кавер-праграмах. Аднак я абсалютна перакананая: не маючы прафесійнай базы, чалавек наўрад ці патрапіць у калектыў або гурт, што па-сапраўднаму адбыліся, ды ставяць перад сабой сур’ёзныя мэты. А ўсе тыя барабаншчыкі, якія ладзяць сёння “шоу”, дапусцім, у Мінску на вуліцы Зыбіцкай, праз год — два знікнуць і на змену ім прыйдуць іншыя — такія ж аднадзёнкі. Я ж у будучыні планую ўладкавацца ў ансамбль, які іграе энергічны рэпертуар, па стылістыцы бліжэй да альтэрнатыўнага рока, хоць і фолькавыя каманды мне таксама цікавыя.

Леанід ШЫРЫН, мастацкі кіраўнік прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”, кампазітар:

— Пачынаючыя спевакі і спявачкі трапляюць да мяне трыма шляхамі: яны самі звяртаюцца ў наш цэнтр; калі бываю на самых розных мерапрыемствах, я там магу прыкмеціць, на мой погляд, перспектыўнага выканаўцу, і прапанаваць яму супрацоўніцтва; калі мяне “чапляе” дагэтуль невядомы чалавек, які небанальна пераспяваў песню... Леаніда Шырына. Наогул, рынак маладых артыстаў у нас невялікі, таму я ведаю іх практычна ўсіх. А з тым, каго не ведаю, рана ці позна сутыкнуся, паспрабуй ён выйсці на вялікую сцэну.

Задачы абавязкова зрабіць са сваіх падапечных зорак перада мной не стаіць. Хутчэй, захапляе сам працэс — партнёрскі і ўзаемаўзбагачальны. Я прапаную ўласны шматгадовы вопыт, навыкі; вучні дзеляцца сваім бачаннем і музыкі, і нават нейкіх жыццёвых сітуацый. Але, вядома, спрабую развіць у іх усе тыя дадзеныя, маючы якія, ды ўдасканальваючы іх, яны могуць дасягнуць пэўных вышынь у песенным мастацтве.

Наяўнасць у тых, хто прыходзіць хоць нейкай музычнай базы для мяне пытанне не прынцыповае. Так, яшчэ гадоў пяць таму наша эстрада была больш прафесійнай у гэтым сэнсе. Аднак ёсць маса прыкладаў таго, як людзі, не маючыя ніякай музычнай падрыхтоўкі, станавіліся мегапапулярнымі, прычым, па праве. Дзякуючы і таленту, і за кошт праведзенай каласальнай працы. Так ці інакш, яны ўсё роўна абрасталі тэхнікамі, прыёмамі, якія дазволілі ім творча мацнець. Карацей, выканаўца, што не разбіраецца, дапусцім, у нотнай грамаце, на ўзроўні той жа інтуіцыі здольны дастаткова добра арыентавацца ва ўсялякіх прафесійных прамудрасцях, “лавіць алгарытм”.

Мне цікава гэта пакаленне, яго матывацыі, памкненні, што за музычныя трэнды для юных цяпер актуальныя. Я ж павінен быць у курсе, на якой мове ў прафесіі з імі размаўляць, больш за тое, — калі хачу заставацца сучасным аўтарам, то проста абавязаны дасканала разбірацца ў бягучым моманце ў сусветным шоу-бізнесе. Аднак пры ўсёй сваёй як бы “ўсёведнасці” ў музыцы, моладзь цяперашняя беспадстаўна амбіцыйная, — цвёрда перакананая ў тым, што ўжо заўтра стане новым Джасцінам Біберам. Упэўненасць у сабе — штука, натуральна, выдатная, але яна павінна грунтавацца на чымсьці. Некалькі гадоў таму сваіх падапечных, з якімі толькі пачынаў працаваць, я дзяліў на тры катэгорыі: таленавітыя, хай і слаба падрыхтаваныя; вельмі добра падрыхтаваныя і вельмі таленавітыя; і нешта сярэдняе. Зараз апошняя катэгорыя практычна знікла. Альбо — альбо. А дрэнна падрыхтаваных — здольных і не — пераважная большасць. Такіх пра сябе называю “дзеці фэнтэзі”, якія начыталіся ўсіх гэтых прыгод і вырашылі, што і ў рэальнасці іх чакаюць выключна казачныя пераўтварэнні: узмах чароўнай палачкай — і да іх прыйшоў поспех. Можа быць. Але праз два — тры гады яго трэба будзе падмацоўваць. А няма чым, бо яны думалі — таго хопіць на ўсё жыццё. І свята скончыцца. Я кажу ім пра тое. Чуюць — адзінкі, астатнія робяць выгляд, што чуюць, лашчачыся ў будучых вясёлкавых аблоках. Хаатычнасць мыслення ў цяперашніх 16 — 25-гадовых проста дзіўная. Засяродзіцца на чымсьці адным для іх — праблема. А музыка — навука дакладная, яна не трывае легкадумнасці. Але я не асуджаю людзей, а спачуваю, як пацярпелым ад Інтэрнэту: расці з ім у галаве — рэч жорсткая і небяспечная.

У мяне сёння больш надзеі на 10 — 12-гадовых, якія выхоўваюцца ў сем’ях, дзе ведаюць цану і працы, і жыццю наогул. Гэта зусім іншыя дзеці — і абсалютна свабодныя, яшчэ “благія”, але адначасова вельмі сур’ёзныя і адказныя, яны разумеюць сваім маленькім розумам, што для таго, каб дамагчыся чагосьці сапраўднага, трэба прыкласці масу намаганняў. Ім ужо не да такой ступені да смартфонаў, “лайкаў” і хобітаў. Спадзяюся, праз пяць — шэсць гадоў беларускі шоу-бізнес чакае нядрэннае папаўненне.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"