Наша “Клякса”, ды не промах

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

Пра творчы і гаспадарчы бок сваёй справы распавядае дырэктар Палаца культуры МТЗ Уладзімір КІРУТА
Мы даволі рэдка пішам пра такія буйныя ўстановы культуры, як Палац культуры на сталічнай вуліцы Даўгабродскай. А шкада. У мясцовых супрацоўнікаў ёсць чаму павучыцца. Пра маштабы дзейнасці і сур’ёзнасць намераў сведчыць той факт, што ПК — філіял Мінскага трактарнага завода. Я буду спакойны за лёс беларускай вёскі, калі сельскія клубы стануць творчымі філіяламі мясцовых сельскагаспадарчых арганізацый.

/i/content/pi/cult/762/16485/22.JPG— Уладзімір Іванавіч, вы ж, напэўна, у дзяцінстве не марылі стаць кіраўніком Палаца культуры, бо наша пакаленне ўсё больш у касманаўты рвалася?

— Ці ў міліцыянеры...

— Сяргей Міхалкоў са сваім “Дзядзькам Сцёпам” пастараўся?

— Безумоўна! Але на мяне ў не меншай ступені паўплывала мая вялікая вясковая сям’я — пяць дзяцей, я — самы меншы. Збіраліся разам, спявалі песні. Потым тата купіў гармонік Маладзечанскай фабрыкі. Старэйшы брат пачаў іграць, я за ім пацягнуўся. Праз час тата павёў мяне ў Слуцкую музычную школу. Не памятаю, каб гэта была мая ініцыятыва, але хто запярэчыць волі бацькоў? Так у жыццё ўвайшло сальфеджыа. Потым з лёгкасцю паступіў у Мінскае культасветвучылішча.

— Пад уплыў бітлоў у 1970-х трапілі?

— Натуральна, музыка іх паўплывала істотна. Але ні бітнікам, ні хіпі не стаў. Тут справа вось у чым. Матэрыяльнай дапамогі ад сям’і чакаць не даводзілася. Вельмі рана зразумеў, што разлічваць трэба на асабістыя сілы. Так што бітлы падштурхнулі з першага курса стварыць вакальна-інструментальны ансамбль, з якім і пачалі выступаць на вяселлях. Супер-зоркамі сябе лічылі. Падпрацоўваў уніфармістам у цырку. Мяне нават у два нумары бралі, але не пагадзіўся, бо хацеў стаць вялікім дырыжорам ці баяністам. Потым служыў у войску. Паспеў і танкістам пабыць, і пайграць у духавым аркестры. Паступіў у Інстытут культуры. Таксама падпрацоўваў на вяселлях. Нават аўтамабіль купіў на апошнім курсе. Пасля інстытута застаўся працаваць у Мінску, у Доме самадзейнай творчасці Белсаўпрофа. На заводзе Вавілава вёў ВІА і быў выхавальнікам інтэрната. Потым давялося стаць супрацоўнікам дырэкцыі нацыянальных мастацкіх праграм пры Міністэрстве культуры. Стварылі дырэкцыю да 500-годдзя Францыска Скарыны. Быў адміністратарам ансамбля “Бліскавіца” і аркестра Міхаіла Фінберга…

— Словам, арганізатарскія здольнасці выявіліся рана. Мара стаць дырыжорам у нейкай ступені здзейснілася.

— Ладзіў семінары кіраўнікоў самадзейных калектываў ведамасных устаноў культуры. З верасня 2003 года — на пасадзе дырэктара палаца культуры МТЗ.

— Які вы па ліку дырэктар і колькі гадоў будынку?

— Чацвёрты. А палац узведзены ў 1965 годзе. Чатыры гады таму яго рамантавалі. МТЗ тады святкаваў сваё 70-годдзе. Няма мяжы дасканаласці, але механізмам сцэны, святлом і гукам я задаволены. Дзесяць тысяч квадратных метраў — агульная плошча нашай гаспадаркі. Навучыўся атрымліваць ад яе максімальную карысць.

— Калі згрупаваць вашы функцыянальныя абавязкі, а потым прыярытэты вызначыць, што атрымаецца?

— На першым месцы — развіццё творчых калектываў. Хоць і не харэограф, а аркестрант, усё роўна мне зразумелыя і гэтыя пытанні. У такім выпадку і задачы ставіць лёгка. Калі не хапае сваіх сіл, запрашаем спецыялістаў-практыкаў збоку. Ад Міністэрства культуры былі на фестывалі нацыянальных культур у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах з удзелам больш чым трыццаці краін. Запомнілася выступленне расійскіх мажарэтак. Стварылі і ў сябе такі калектыў (яму ўжо тры гады) для штогадовых фестываляў духавых аркестраў. Відовішча проста шыкоўнае… А ўсяго ў нас 26 аматарскіх клубных фармаванняў, восем з якіх — народныя і ўзорныя. Усе яны з поспехам выступаюць у Беларусі і за яе межамі.

— Цяжка сумяшчаць творчасць з гаспадарчай дзейнасцю?

— Я прызвычаіўся і дыскамфорту не адчуваю. Мне вельмі цікава. Дастаць фарбу ці новую апаратуру — таксама мастацтва.

/i/content/pi/cult/762/16485/23.JPG— А спачатку было страшна?

— Я пэўны час намеснікам дырэктара працаваў. Ведаў усё да драбніц. За Палацам тады шмат сур’ёзных даўгоў было па камунальнай аплаце. А на разліковым рахунку — нуль рублёў. Але генеральны дырэктар МТЗ прызначыў мяне кіраўніком і цягам паўгода ўзяў на сябе аплату нашых даўгоў. Каб іх не было, мы ўшчыльную заняліся б платнымі паслугамі. І цяпер я кожны тыдзень маю інфармацыю па нашым эканамічным стане.

— Перада мной у вас на прыёме быў эканаміст Палаца. Якая сітуацыя з выкананнем камерцыйнага плана?

— Усё нармальна, ідзём упэўнена і з запасам! Гаварылі і пра карэкціроўку штатнага раскладу на пачатку новага творчага сезона. У нас зусім невялікі кампактны штат — 75 чалавек, астатнія працуюць па дагаворах падраду. І вось яшчэ што хачу зазначыць: хоць лета — збольшага і мёртвы сезон (амаль усе ў адпачынку), але некалькі гадоў запар нашы калектывы працуюць на замежных гастролях з максімальнай аддачай і ўлетку.

— Які гурток самы даходны?

— Адказ адназначны. Гэта ўзорная студыя эстэтычнага выхавання “Клякса”, якую наведваюць больш за трыста дзяцей. Танцаваць прыязджаюць школьнікі з усіх куткоў сталіцы: з Уручча, Серабранкі…

— Я быў сведкам, калі ў вашым палацы выступалі ўдзельнікі пастаўскага міжнароднага фэсту “Звіняць цымбалы і гармонік”. Уваход быў платным, мерапрыемства прайшло з аншлагам. Партызанскі раён — раён з канцэртнымі традыцыямі, якія ўсталёўвае ПК МТЗ?

— Тут нельга жыць старымі напрацоўкамі. Любы канцэрт — прыкладанне максімуму сіл. Трэба не абмяжоўвацца рэкламай у сацыяльных сетках, неабходна сесці на тэлефон і ўзняць усе магчымыя знаёмствы, не толькі тэлефанаваць, але і хадзіць — пераконваць, даводзіць, прывабліваць. Тое ж самае і з нашымі буйнымі творчымі праектамі. Пачынаў я некалі з узнаўлення колішніх аглядаў-конкурсаў мастацкай самадзейнасці. Натуральна — платных. Сёння “Спявай, Беларусь” — запатрабаваны конкурс аматараў самадзейнай творчасці сярод работнікаў завода, які ладзіцца ў лютым. Праца з маладымі наведвальнікамі — адзін з нашых прыярытэтаў. Пры палацы дзейнічае камп’ютарны клуб, збіраюцца выпускнікі на рэпетытарскія курсы. Стараемся цягам года ўсю гэтую моладзь агітаваць наведваць і нашы мерапрыемствы. Атрымліваецца.

— Вы, наколькі ведаю, якасна адрозніваецеся ад іншых ведамасных флагманаў культуры сваімі традыцыйнымі творчымі праектамі. Назавіце іх, калі ласка.

— Міжнародны конкурс эстрадных дуэтаў “Песні, якія нас аб’ядноўваюць”, — яго я прыдумаў сам, — збірае выканаўцаў з 10 — 13 краін: Італіі, Індыі, Кітая, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Малдовы, Польшчы, Турцыі, Украіны, Расіі… Міжнародныя фэсты гарманістаў, казацкай песні (яму шэсць гадоў), народнай песні, бальных танцаў, фестываль духавых аркестраў (не толькі з горада артысты збіраюцца, але і з абласцей) — усе гэтыя мерапрыемствы платныя.

— Але ж гасцям трэба даць прытулак, трэба іх накарміць…

— Вось я і кажу, што трэба на тэлефоне сядзець, бо харчаванне і пражыванне самадзейных артыстаў заўжды бяром на сябе. Канешне, усё гэта не проста. Але 550 месцаў у глядзельнай зале — занятыя. Кожны фэст такім чынам — на самаакупнасці.

— Словы “самаакупнасць” і “рэнтабельнасць” не раздражняюць?

— На пачатку, калі цяжка было, раздражнялі. Вельмі часта згадваў тады пра несправядлівасць. Цяпер разумею, што для эканамічнай адаптацыі кожны кіраўнік павінен прайсці праз такое выпрабаванне. І калі чую ад калег стогны, толькі пасміхаюся.

— Я не раз пераконваўся, што падчас любой палацавай імпрэзы ў вядучых — вельмі багаты сцэнарны матэрыял. А ці адчуваеце часам дэфіцыт крэатыву ў сваёй каманды?

— Спецыялісты творчай групы (пяць чалавек) і падбіраліся такім чынам, каб дэфіцыту ідэй не адчуваць.

— За ўдалыя ідэі даплачваеце?

— Даплачваю штомесяц за актыўнасць пры максімальнай нагрузцы. Гэта 20 — 30 працэнтаў да акладу.

— У цырку нельга сядзець спінай да манежа. У вашага Палаца ёсць традыцыі, легенды?

— Трэба іх прыдумаць тэрмінова.

— На малой радзіме часта бываеце? Як там з культурай?

— Вёска Леткаўшчына на Случчыне літаральна магнітам мяне цягне. Стараюся быць там максімальна часта. Нават баян свой захоўваю ў бацькоўскай хаце, за якой без мяне даглядаюць суседзі.

— Клуб захаваўся?

— На жаль, хоць паселішча і не малое, але клуб не захаваўся. Разам з тым я яго цудоўна памятаю, бо бавіў там увесь вольны час, на баяне іграў.

— Варта чарговы канцэртны праект Палаца рэалізаваць у роднай Леткаўшчыне.

— Абавязкова! Тэматыка — 75-годдзе Вялікай Перамогі. Да слова, бацька мой — быў сур’ёзна паранены пад Кёнігсбергам. Карацей, тэма для мяне — вельмі сур’ёзная.

— Пра што яшчэ марыце?

— Тэма Вялікай Айчыннай павінна прагучаць сёлета не толькі з нашай сцэны. Мяркуем выехаць і за межы кальцавой.

— У якасці артыста выступаеце з баянам?

— Апошні раз гэта было гадоў дваццаць таму. А вось у вёсцы спрабую ажывіць вечарынкі.

— Вы, я гляджу, чалавек радасны.

— Калі побач — спрактыкаваныя калегі, толькі радавацца і застаецца. Моладзь радуе. Надзвычай амбіцыёзныя кадры з канкрэтнымі жыццёвымі і творчымі мэтамі! Наш агульны імідж гэта падвышае значна. І ўвогуле, людзі адчулі дэфіцыт зносін, і мы тут сваёй творчасцю павінны дапамагчы кожнаму. Вельмі радасны абавязак.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"