Дакументалістыка — у кінафокусе

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

Сёння, 14 верасня, у Санкт-Пецярбургу бярэ старт адзін з адметных кінафорумаў у Еўропе — Міжнародны кінафестываль дакументальных, кароткаметражных ігравых і анімацыйных фільмаў “Пасланне да чалавека”. Сёлета яго праграма ўключае больш за 300 стужак, а ганаровымі гасцямі стануць нямецкі акцёр Удо Кір, японскі рэжысёр Кадзуо Хара, польская рэжысёрка-аніматарка Ізабэла Плучынска, сусветнавядомая дакументалістка з Фінляндыі Пір’ё Хонкасало, нідэрландская актрыса Ёхана Тэр Стэхе ды іншыя кінематаграфісты.

/i/content/pi/cult/762/16483/message_opt.jpeg“Пасланне да чалавека” — фестываль, які ладзіцца ў Санкт-Пецярбургу пачынаючы з 1989 года. Яго фокус — пераважна дакументальнае кіно, бо кінафорум нарадзіўся з дакументальнай секцыі Маскоўскага міжнароднага кінафестываля. У 1994 годзе конкурсная праграма “Паслання да чалавека” была пашырана: у яе ўвашлі кароткаметражныя ігравыя і анімацыйныя стужкі. А ўжо з 1999-га кінаагляд трывала збірае вялікую колькасць работ з усяго свету, садзейнічаючы папулярызацыі дакументалістыкі і пераадоленню яе крызіса ў Расіі. Зараз у праграму фэсту ўваходзіць і Нацыянальны конкурс, у якім дэманструюцца дакументальныя карціны маладых рэжысёраў. Прэзідэнтам фестывалю з 2010 года з’яўляецца Аляксей Учыцель.

“Дыега Марадона” — паўнаметражны фільм Азіфа Кападзіа з Вялікабрытаніі адкрые сёлетні, 29-ты фестываль, што будзе доўжыцца да наступнай суботы. На працягу тыдня гледачы здолеюць убачыць як дэбюты, так і гучныя “хіты” дакументальнага кіно. Сярод апошніх, напрыклад, “Варда вачыма Аньес” уласна Аньес Варда, “Форман супраць Формана” Гелены Тржэшцікавай, Якуба Гэйна, “У пошуках Евы” Піа Хэленталь, “Што яна сказала: мастацтва Полін Кэйл” Роба Гарвера, “Радзіма — гэта месца ў часе” Томаса Хайзе… Адмысловую праграму ігравых фільмаў “Кіно Звышрэальнасці” падрыхтаваў кінакрытык Андрэй Плахаў. Таксама ў межах кінафоруму адбудуцца дзве рэтраспектывы: слыннай бельгійска-французскай дакументалісткі Шанталь Акерман і выбітнага японскага рэжысёра Кадзуо Хары. Конкурсы анімацыйных і эксперыментальных стужак — сярод асноўных аглядаў.

Наш аглядальнік запрошаны арганізатарамі прыняць удзел у гэтым прэстыжным кінафоруме ў якасці члена журы FIPRESCI. Пра тое, што там будзе прэзентавана і абмеркавана, чытайце ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"