Здольная на многае

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

Займаюся я справай ад дызайну вельмі далёкай, але заўжды памятаю правіла, засвоенае падчас вучобы — не верыць праектнай задачы, сфармуляванай у невядомых табе варунках. Інакш кажучы, перш чым брацца за работу, трэба вызначыць, каму і навошта яна патрэбна. Бывае, што цвяроза паразважаўшы, дызайнер, калі ў яго хапае мужнасці і прынцыповасці, адмаўляецца марнаваць свой час і чужыя грошы, бо не бачыць у прапанаванай для распрацоўкі ідэі сэнсу і перспектывы. І прапаноўвае замоўцу ўласную ідэю. Гэта называецца сацыяльная адказнасць. Пра гэта мне думалася на адкрыцці Трэцяга беларускага трыенале дызайн-графікі ў сталічным Палацы мастацтва.

/i/content/pi/cult/762/16482/17.JPGНа вернісаж прыйшлі не толькі ўдзельнікі выставы са сваімі сябрамі, але і шмат тых, хто мае да дызайну хоць нейкае дачыненне. Было шмат выпускнікоў БДТМІ — БДАМ, шмат моладзі — будучых дызайнераў, сённяшніх студэнтаў нашай акадэміі. Мяркую, што многія прыйшлі паглядзець не так на выставу, як адзін на аднаго. Гэткая прафесійная тусоўка. А ў наступныя дні ў залах Палаца было даволі самотна. З гэтага вынікае, што хоць дызайн-графіка, бадай, самае масавае мастацтва, з якім мы сутыкаемся штодня, у свядомасці грамады ягонае месца на далёкай перыферыі.

/i/content/pi/cult/762/16482/18.JPGШкада… Бо такія, здавалася б, “несур’ёзныя” рэчы, як знакі-лагатыпы прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў, паштовыя маркі ці тэатральныя афішы, з’яўляюцца чыннікам культурнага іміджу краіны, свайго роду візітоўкай нацыі. Падобныя развагі я чуў неяк і ад аднаго з выкладчыкаў кафедры графічнага дызайну БДАМ. Ён казаў, што Беларусі з яе абмежаванымі матэрыяльнымі рэсурсамі будзе надзвычай цяжка выбіцца ў сусветныя ці рэгіянальныя лідары ў сферы прамысловасці ці навукі, а вось праз эстэтыку, праз мастацтва, тым больш мастацтва, разлічанае на масавае ўспрыманне, мы, калі ўключым галаву, здольныя дамагчыся годнага месца сярод краін і народаў. Каб нас ведалі ў свеце, трэба сярод іншага развіваць уласную школу дызайну. У тым ліку і дызайну графічнага.

Сёння наш графічны дызайн не можа прэтэндаваць на лідарства хаця б на еўрапейскім узроўні. Нам да гэтага пакуль далёка. Але ў гэтай галіне ёсць творцы з выразным почыркам, здольныя канкураваць з замежнымі мэтрамі. І тое ёсць добры задзел на перспектыву.

/i/content/pi/cult/762/16482/19.JPGА ўвогуле я параўнаў бы гэту выставу з традыцыйным Восеньскім салонам “Белгазпрамбанка”. Замежныя эксперты, прыцягнутыя да працы ў культурніцкай акцыі, звыкла адзначаюць тую акалічнасць, што маладыя беларускія мастакі добра засвоілі міжнародную выяўленчую мову, што іх прынялі б як сваіх у культурных цэнтрах Еўропы. Такія развагі, безумоўна, лашчаць слых, але мушу адзначыць, што нацыянальнае аблічча маладых пры гэтым не надта ўцямнае. Вось і на Трыенале дызайн-графікі мы бачым, што мастакі па-майстэрску валодаюць сучасным інструментарыем, маюць уяўленне пра брэнды і трэнды сусветнай масавай культуры, але Беларусь не з’яўляецца для іх магістральнай тэмай творчасці. Яны збольшага толькі намацваюць шлях да беларускага кантэнту. Экспазіцыя складаецца з плакатаў і ўзораў каліграфіі. Кажучы шчыра, я не ўпэўнены, што каліграфію ўвогуле можна лічыць дызайнам. Гэта спецыфічны від мастацтва, дзе творчая самарэалізацыя не абапіраецца на трывалы канцэптуальны грунт, без чаго дызайну як такога ўвогуле няма. Каліграфія — гэта натхненне ў чыстым выглядзе. Дадам, з непрадказальным вынікам. Тое зноў жа дызайну неўласціва: дізайнер зыходна ведае “што”, “навошта”, “для каго”. Але я з задавальненнем узіраўся ў работы Паўла Семчанкі, Генадзя Мацура, Уладзіміра Васюка. Хай гэта і “чыстае мастацтва”, але майстэрства згаданых творцаў проста заварожвае.

Не пройдзе глядач міма работ Сяргея Саркісава і Юрыя Тарэева. Яны цудоўна працуюць з фактурамі, кампазіцыйна скіроўваюць увагу гледача на галоўнае, сутнаснае. Абодвум мастакам уласціва метафарычнасць мыслення.

З агульнай танальнасці выставы вылучаюцца работы Віялеты Дубоўскай і Марыі Лазарчук. Першая закранула тэму палітычных рэпрэсій 1937 года. Праўда, яе плакатная графіка, на маю думку, занадта прыгожая, нават вытанчаная для такой трагічнай тэмы — форма не зусім адпавядае зместу. Другая засяродзілася на пошуку нязвыклых, па магчымасці крэатыўных, форм прэзентацыі беларускай культуры. Мне падалося, што арыентуецца спадарыня Марыя на людзей, ад гэтай культуры вельмі далёкіх, якіх, на жаль, процьма. Каб прымусіць іх зацікавіцца роднымі каранямі, трэба сапраўды знайсці эфектны ход. У дадзеным выпадку скарыстоўваецца стылістыка Алены Кіш. Яе творчасць ужо стала нашым нацыянальным брэндам, і кожны адукаваны чалавек пра яе хоць штосьці, ды чуў, і, мажліва, бачыў рэпрадукцыі ейных работ.

Здзівіў мяне на гэтай выставе Уладзімір Цэслер. Творчасць спадара Уладзіміра — гэта, на думку многіх, самае высокае дасягненне нашага графічнага дызайну. Шэраг ягоных плакатаў — шэдэўры. Але апошнім часам яго калі-нікалі вядзе і падводзіць прыродная схільнасць да інтэлектуальных правакацый. Узоры такога, на маю думку, не надта карэктнага мастацтва шанаванага мэтра ёсць у экспазіцыі Трыенале.

Я не ведаю, як фарміравалася экспазіцыя, але ў ёй незразумела чаму адсутнічаюць работы нядаўняга часу, якія ўжо атрымалі высокую ацэнку і прафесіяналаў, і шырокай грамады. Я маю на ўвазе найперш эстэтычную аздобу Другіх Еўрапейскіх гульняў, увесь комплекс распрацовак дызайн-графікі, датычных гэтай падзеі — эмблема Гульняў, піктаграмы відаў спорту, розныя выявы Лёсіка — талісмана спартыўнага свята. Такая буйнамаштабная работа ладзілася ў Беларусі ўпершыню, і яе варта было паказаць грамадзе, кампактна размясціўшы ў выставачнай экспазіцыі. А год таму шырока і розгаласна было адзначана стагоддзе і абвяшчэнне БНР. І тут дызайнеры-графікі папрацавалі выдатна. Гэта якраз тыя праекты, дзе зразумела, што рабіў дызайнер, для каго рабіў, і навошта рабіў. Менавіта такія праекты працуюць на станоўчы імідж Беларусі за мяжой і выконваюць важную сацыяльную функцыю ўнутры краіны. Гэта тое, што яднае грамаду. Варта помніць, што дызайн мае і сацыяльную функцыю.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"