“Школьныя” сустрэчы тэатралаў

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

IX Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ” ладзіцца пад слоганам “Канцэнтрат”. Заснавальнікі спадзяюцца на засяроджанне глядацкай цікаўнасці, на пільную ўвагу крытыкаў, на шчыльнае ўзаемадзеянне паміж гледачом, тэатрам і арганізатарамі. “Стварэнне гэтага дыялогу — нашая мэта на працягу амаль дзесяцігоддзя працы”, — падкрэсліла дырэктар форуму Анжаліка Крашэўская.

/i/content/pi/cult/762/16481/_opt.jpegТэатральнае свята распачнецца з… оперы. 20-га верасня ў прасторы Оk16 рэжысёр Юра Дзівакоў пакажа сюррыялістычны спектакль у трох частках, праз які распавядзе сучасны міф пра стварэнне свету тэатра. Пастаноўшчык упэўнены: тэатр узнікае з поўнай свабоды, з кропкі абсалюта, у якой выпраменьвае паток свабоднай энергіі. Пасля ажно да 8-га кастрычніка глядач зможа на шасці сталічных пляцоўках далучыцца да 20 пастановак розных жанраў.

Акрамя айчыннай праграмы Belarus open і чатырох замежных спектакляў зладжана прыкметная платформа “Школа “ТЭАРТа”. Як зазначыў куратар праекта Аляксандр Марчанка, у яе рамках пройдзе пяць мерапрыемстваў, аб’яднаных лозунгам. “Концэнтрат. Персона — рэжысёр”.

— Мы прапануем разабрацца, якія функцыі рэжысёраў сёння запатрабаваныя. Мы паспрабуем прапанаваць пастаноўшчыкам магчымасці рассунуць асабістыя межы светапогляду, магчыма, і прафесійныя межы, — тлумачыць спадар Марчанка.

Акрамя лабараторыі швейцарскага рэжысёра Дэні Майфера, па выніках якой павінен з’явіцца спектакль “Рычард ІІІ”, на пляцоўцы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пройдзе закрыты майстар-клас польскага рэжысёра Войцэка Зямільскага “Як змясціць свет на сцэне. Формы дакументальнага тэатра”. Сюды будуць запрошаны толькі тыя, хто зможа пераадолець спецыяльны адбор. Абедзве імпрэзы накіраваны на развіццё ведаў, навыкаў маладых беларускіх рэжысёраў.

“Школьныя” мерапрыемствы ўключаюць спектакль “Дуплет” рэжысёра Канстанціна Абашыдзэ. Драму на аснове тэкстаў Вацлава Гавела і Гаральда Пінтара пакажуць на сцэне РТД. Пасля таго як апусціцца заслона, адбудзецца размова з пастаноўшчыкам, падчас якой можна будзе распытаць, у якіх умовах працуе тэатр у Грузіі, якія тэмы хвалююць калег і якая ў іх роля рэжысёра ў фарміраванні рэпертуару. Распачнецца ж платформа з круглага стала “Ураўненне ўраўновання”, удзел у якім возьмуць Дзмітрый Багаслаўскі, Ігар Казакоў і Аляксандр Янушкевіч.

— Рэжысёры, якія на працягу свайго творчага шляху зарэкамендавалі сябе людзьмі прафесійнымі, жывымі і арыгінальнымі пастаноўшчыкамі. Таму асноўным акцэнтам гэтай размовы стане пытанне, па якой прычыне яны вырашылі сысці са сваіх тэатраў. Разам з аўдыторыяй мы абмяркуем магчымасць самарэалізацыі, умовы працы ў дзяржаўных тэатрах і на альтэрнатыўных пляцоўках, пра асобу рэжысёра ў сучасным тэатральным працэсе, — зазначае куратар праграмы.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"