Не прагнеш эфекта “ваў”

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

Не раз мне казалі: чым далей ты жывеш, тым марудней адчуваецца час. Не магу з гэтым пагадзіцца. Прынамсі, тут і цяпер. У Мінску час ідзе неяк ажно занадта ўжо хутка. Я вось не так даўно і жыву, але цудоўна памятаю, як выглядаў гадоў -наццаць таму Верхні горад, і як на Кастрычніцкай за ўвесь суботні вечар можна было не сустрэць ні душы. Усё змянілася літаральна вокамгненна, быццам фея махнула чароўнай палачкай. Тэхналогіі, незлічоныя прапановы індустрыі забаў, звыклы для мегаполіса рэкламны гул… Урэшце, мы настолькі хутка прызвычайваемся да несупынных зменаў, што развучваемся здзіўляцца. І на такім тле нават цяжка ўцяміць, якім павінна быць мастацтва, каб мець права называцца перадавым — так бы мовіць, у авангардзе. І ці трэба яму наогул такім быць?

Адзін з фрэндаў прыгадаў у сваёй стужцы, што акурат у пачатку верасня было 20-годдзе фестывалю перформанса Novinki. Добра памятаю тыя натоўпы гледачоў, што цягнуліся ў Палац мастацтва. На той час гэта быў сапраўдны культурны выбух: у Мінск з’ехаліся мастакі з усяго свету. Дзясяткі публікацый і рэпартажаў, бурлівы розгалас, эмацыйныя дыскусіі…

Цяпер такое нават цяжка сабе ўявіць. Сёння Мінск настолькі перанасычаны размаітымі культурнымі падзеямі, настолькі да ўсяго прызвычаіўся, што кагосьці здзівіць — або хаця б прыцягнуць чыю-кольвечы ўвагу — стала архіскладана. І таму новы міжнародны фестываль Performensk, які перахапіў эстафету ў даўно зачахлых ды спачылых “Навінак”, сабраў на мінулым тыдні, здаецца, болей удзельнікаў, ніж гледачоў. Такая з’ява для замежных фэстаў — ужо бадай завядзёнка. Цяпер і для нас таксама.

Тады, у дзевяностыя, здавалася, што галоўная задача мастацтва — паскорыць хаду часу, даць яму выспятка. Перформанс (а гэтае слова стала ў нас звыклай метафарай для вызначэння чагосьці шалёнага і яркага) успрымаўся як увасабленне падобных памкненняў. Менавіта таму ён і прыцягваў такую ўвагу. І многія расчароўваліся, даведаўшыся, што гэта ўсяго толькі яшчэ адзін від мастацтва, які далёка не заўсёды можа выклікаць шок.

Сёлета Performensk быў прысвечаны доўгатэрміновым дзеям: калі амаль нічога не адбываецца. Скажам, пасярод залы ў Музеі Заіра Азгура знаходзіцца стог сена, а ў ім амаль цалкам схаваны сівы чалавек. І так цягам дзвюх гадзін (прынамсі, паводле раскладу, я асабіста не правяраў). Гэта поўны антыпод шоу. Але раптоўна я заўважыў, што назіранне за тым, як 76-гадовы ірландскі прафесар Аластар Макленан на нейкі час замарудзіў свае жыццёвыя працэсы, мае прынамсі тэрапеўтычную карысць.

Сёння, як па мне, паскараць час ужо няма ніякай патрэбы: ён і так імчыць бы гоначная машына па аўтабане. І ў гэтым калейдаскопе дужа цяжка засяродзіцца хоць на хвілінку. Таму сёння ўжо не прагнеш мастацтва, здатнага здзіўляць і шакаваць, вокамгненна выклікаць эфект “ваў”: яго і так даволі. Наадварот, вельмі радуешся кожнай магчымасці засяродзіцца. Скажам, мне падабаецца падоўгу праходжвацца па пустэльнай зале галерэі, дзверы ў якую адчынілі мне спецыяльна: галерэй у нас сёння паназ’яўлялася багата, а публікі, здаецца, наадварот паменела. Люблю, калі музейны наглядчык уключае мне святло.

Вельмі рады, што такія месцы здатныя запаволіць час, вырваць цябе з бурлівай мітуслівай плыні. Займець хоць нейкі “Час цішыні”. Нагадаю, так называецца вядомая карціна Бялыніцкага-Бірулі — мастака-эскапіста, які правёў ці не самы шалёны ў сусветнай гісторыі час (вайна, рэвалюцыя, вайна, рэпрэсіі, вайна…) з пэндзлем у руцэ на беразе возера.

Не заклікаю следаваць ягонаму прыкладу. Але хаця б кароткі час цішыні нам, без сумневу, патрэбны.