Больш, чым проста забава

№ 37 (1424) 14.09.2019 - 20.09.2019 г

Тэмай сёлетніх Дзён еўрапейскай спадчыны стала “Спадчына і забава”. Прыдумалі дык прыдумалі. А я, карыстаючыся момантам, хачу заклікаць задумацца пра сур’ёзнае. Сапраўды, мы, людзі, якія займаюцца спадчынай прафесійна, неяк звыкліcя, што галоўным зместам гэтай працы з’яўляецца адстойванне права на захаванне памяці, прыняцце складаных рэстаўрацыйных рашэнняў, палкія спрэчкі. А з іншага боку — памяць сівых вякоў, гераізм і мудрасць продкаў. Якія тут жарты?

/i/content/pi/cult/762/16475/_opt.jpegМіж тым, так гэта толькі для нас. Даўно ўжо сфарміраваўся, так бы мовіць, іншы бок барыкад. Для абсалютнай большасці людзей спадчына з’яўляецца элементам індустрыі забаў і вольнага часу. Вось той жа турызм. Тут спадчына канчаткова трансфармавалася ў прадукт і ацэньваецца ў катэгорыях спажывання — не столькі па высокіх культурных крытэрыях, колькі па эканамічных паказчыках.

Яна стала таварам, ператварылася ў атракцыён. Нават дысанансная спадчына — закінутыя пасля чарнобыльскай катастрофы паселішчы або бункеры часоў “Халоднай вайны”… Раней іх бы знішчылі, а сёння — паспяхова “прадаюць” турыстам.

У 1790 годзе парыжане разбурылі ўзятую штурмам Бастылію. Якая памылка! У наш час яе, без сумневу, ператварылі б у музей!

У расійскага рэжысёра Сяргея Лазніцы ёсць дакументальны фільм “Аўстэрліц”, названы так зусім не з-за Напалеона. Падзеі адбываюцца на тэрыторыі былых нацысцкіх канцлагераў, якія дзейнічаюць у якасці музеяў-мемарыялаў. У цэнтры ўвагі не самі лагеры ці іх гісторыя, а людзі, якія іх наведваюць. Сем’і з дзецьмі ў летні дзень робяць сэлфі на фоне печаў крэматорыяў. Яны ходзяць у кароткіх шортах, смяюцца, абедаюць, загараюць, паводзяць сябе так, быццам трапілі ў Дыснэйлэнд. Што за дзіўная сіла прымушае іх праводзіць выхадны дзень у канцлагеры? Няма адказу…

Уварванне масавай культуры ў сферу працы са спадчынай прыводзіць да негатыўных наступстваў — наіўнасці, некрытычнасці, нізкага мастацкага ўзроўню. Пры гэтым, ацэншчыкам работы са спадчынай становіцца не эксперт, а канчатковы спажывец, не надта абцяжараны веданнем прадмета.

Гэта раней элітарнае спажыванне спадчыны абапіралася на сілу чалавечага ўяўлення. Людзі культуры падарожнічалі ў Грэцыю або Італію, каб там, на руінах — сведках мінулага хараства — чытаць Гамера ці Вяргілія (вядома, у арыгінале!). Сёння большасць аддае перавагу аўтобусным турам у стылі “сем дзён — восем краін”, а потым блытае, дзе ж стаяў той прыгожы касцёл: у Вене ці ў Празе?

Спадчына, прысутнічаючы на канкурэнтным рынку культурных прадуктаў, цяпер павінна ўлічваць чаканні спажыўцоў, трапляць пад класіфікацыі, стаяць ва ўсемагчымах рэйтынгах (“Сем цудаў Беларусі” або нават Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА — якраз такія). Яна адпавядае катэгорыям фармату, узроставай цэнзуры, аўтарскага ды іншага права. Апафеозам стала “брэндзіраванне”, якое закранула ўжо і беларускія гарады.

Усё гэта прыналежыць больш да маркетынгу і прасоўвання продажаў, чым да гістарычнай інтэрпрэтацыі. Музейшчыкі, рэстаўратары, мастацтвазнаўцы і гісторыкі ўваходзяць у неўласцівыя ім ролі менеджараў, прадзюсараў і шоуменаў. Калі экскурсавод не апрануты ў касцюм польскага афіцэра, нашто мы наогул прыехалі!? Дзіўна, як хутка постсавецкая Усходняя Еўропа прайшла гэты шлях ад самаадданай грамадскай абароны помнікаў да іх дыснэйлэндызацыі.

Ды што я такі злы… Чаму б, урэшце, не паскакаць на “Мотальскіх прысмаках”, не набыць магніцік з Горадні, не паслухаць байкі пра савецкі Мінск? А тут яшчэ танныя квіткі ў Рым “выкінулі”. Хто адмовіцца ад добрай піцы — элемента нематэрыяльнай спадчыны чалавецтва. З’ем, мо і палягчае…

Шануйце спадчыну, яна больш, чым проста забава!

Сцяпан СТУРЭЙКА,
старшыня праўлення
Беларускага камітэта ICOMOS