Шлях да “Маленькага прынца”

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

З эпісталярнай спадчыны
Бадай, самай вядомай мелодыяй Яўгена Глебава трэба лічыць Адажыа з “Маленькага прынца”. Дый сам балет, замоўлены кампазітару Нацыянальнай операй Фінляндыі пасля надзвычай паспяховай тамтэйшай прэм’еры яго “Ціля Уленшпігеля”, ставіўся не аднойчы. Пра тое, якім быў шлях да той замежнай сусветнай прэм’еры, праліваюць святло некаторыя старонкі лістоў да кампазітара ад дырэктара тэатра Юхані Райскінена і харэографа Эльзы Сільвестарсан, а таксама ўспаміны ўдавы кампазітара — Ларысы Глебавай. Лісты друкуюцца ўпершыню.

/i/content/pi/cult/761/16468/page-14-copy-S.jpg04.11.1980

Дарагі сябра! Прабачце, што я вяртаюся так позна да пытання “Маленькага прынца”. Прычына спазнення наступная: я імкнуўся зацвердзіць аўтарскія правы са Швейцарыі на выпадак, калі яны, магчыма, высунуць вялікія патрабаванні пра падзел прыбыткаў ад прадстаўлення “Маленькага прынца” ў Фінляндыі. На жаль, я не атрымаў адказу, але мы ідзем на рызыку і звяртаемся да вас з просьбай напісаць музыку для Нацыянальнай оперы Фінляндыі з мэтай выканання прэм’еры ў горадзе Хельсінкі ў кастрычніку 1981 года.

Для ажыццяўлення дадзенай прэм’еры звяртаемся да вас з пажаданнем мець нотны матэрыял і па меры магчымасці гэтак жа магнітафонную стужку ў нашым распараджэнні ў лютым — сакавіку 1981 года. Што тычыцца эканамічных умоў, дык мы выплацім праз ВААП 12 адсоткаў тэатральных даходаў, калі твор будзе ўяўляць з сябе поўнамаштабны балет.

Нацыянальная опера Фінляндыі

Генеральны дырэктар Юхані Райскінен

Р.S. Я сустракаўся з дырэктарам ВААП Васілём Сітнікавым некалькі месяцаў таму і расказаў яму, што аўтарскія ганарары ад “Ціля Уленшпігеля” вы дагэтуль яшчэ не атрымалі. Ён сказаў, што з-за памылкі ВААП грошы былі незнарок запісаны на разлік іншага кампазітара. Справа будзе выпраўлена як мага хутчэй. Спадзяюся, што гэтае пытанне будзе вырашана ўжо пры атрыманні вамі гэтага ліста. Вітаю вас, дарагі сябра! І ў сувязі з пажаданнямі вам усяго найлепшага далучаю шчырую просьбу спадарыні Сільвестарсан, каб праект “Маленькі прынц” быў бы, нарэшце, ажыццёўлены.

16.09.1981

Прывітанне адсюль, з месца будучай прэм’еры “Маленькага прынца”. Я ўзгадваю з настальгіяй адну раніцу мінулай вясной у гатэлі “Расія”, калі я першы раз пачуў водгукі чароўных казачных сфер у духу Экзюперы. Але вернемся да фактаў. Запрашаю вас і вашу супругу 11 лютага 1982 года з разлікам на ваша знаходжанне тут ад прэс-канферэнцыі да прэм’еры, г.зн. з 3 па 13 лютага 1982 г. Спадзяюся, што ў вас знойдзецца магчымасць прыехаць сюды.

Ю.Райскінен

— Паехаць разам, як і запрашалі, — усміхаецца Ларыса Васілеўна, — у нас атрымалася не адразу, бо партыйнае кіраўніцтва не дазваляла. Не дапамагала ні тое, што гэта — сусветная прэм’ера, ні тое, што я не проста жонка, а яшчэ і аўтар лібрэта. Нарэшце, я знайшла аргумент: “Калі ласка, хай едзе сам, я не ірвуся. Але ж вы Жэнчыка ведаеце: ён там такое на прэс-канферэнцыі выдасць, што нам усім не паздаровіцца. Не хочаце гэтага, дык пашліце мяне, каб я яго там за руку трымала”. — “Я падумаю”. І ўсё, назаўтра быў дазвол на выезд нам удвох.

23.09.1981

Дарагі Яўген Аляксандравіч! <…> Прынца я ўжо знайшла [маецца на ўвазе артыст на выкананне гэтай партыі — Н.Б.], і з мастаком вяду перамовы. Да работы буду прыступаць у пачатку кастрычніка, падрыхтоўчая праца ў мяне пакуль у парадку. Не ведаю, як атрымаецца, але буду намагацца не сапсаваць ваш балет. Музыку слухаю без перапынку. Шкада толькі, што няма аркестра [спачатку быў дасланы фартэпіянны дэмазапіс, каб можна было пачынаць ставіць харэаграфію. Паралельна з гэтым кампазітар рабіў аркестроўку — Н.Б.]. Жадаю вам добрага здароўя. Пішыце ці званіце, калі ўзнікнуць якія-небудзь пытанні. Дайце ведаць, як ідуць справы з аркестравым матэрыялам і як адбудзецца яго перадача. Можа, прыедзе хтосьці за ім адсюль? Сардэчнае прывітанне Ларысе. Чакаю, хвалююся, радуюся — Эльза Сільвестарсан.

— Эльза сама прыязджала за партытурай і распісанымі аркестравымі партыямі, — дае каментар Ларыса Васільеўна. Слухаючы яе, узгадваю, што і сапраўды за тым часам не было капіравальнай тэхнікі, як цяпер, ноты перапісваліся ўручную нанятымі дзеля гэтага перапісчыкамі, іх працу аплочваў Музычны фонд, які дзейнічаў тады пры Саюзе кампазітараў.

— Дасылаць усё гэта поштай, — працягвае суразмоўца, — было небяспечна. Раптам згубіцца, затрымаецца, бо ўсё — у адзіным рукапісным экземпляры. Будучы юрыстам і разумеючы нашы рэаліі, я падрыхтавала да гэтага часу зацверджаны ў Міністэрстве культуры дазвол на вываз нотнага матэрыялу. Эльза не надала гэтаму значэння, нават не паклала гэтую паперу разам з нотамі, а запхнула кудысьці ў сумку: маўляў, навошта? А на мяжы ёй: “Мы ўсё гэта канфіскуем: не дазволена”. Тады яна і ўзгадала мяне добрым словам. Гаварыла потым: “Мне хацелася ажно даць ім па пысах гэтай паперай. Што за цэнзура? Якія ў нотах могуць быць дзяржаўныя сакрэты?”

04.09.1982

Дарагі Жэня! Сардэчна дзякую за тэлеграму. <…> Нашага “Прынца” перанеслі на вясновы сезон, нягледзячы на бясконцую цікавасць і аншлаг у глядзельнай зале <…> Спадзяюся ўбачыць вас у хуткім часе, вельмі і вельмі ўспамінаю нашы размовы. Вы і Ларыса сталі для мяне як родныя, даруйце за нясціпласць. Я пісала ў Маскву пра нашу сумесную працу па просьбе часопіса “Голос Родины” артыкул. І чакаю яго і яшчэ некаторыя выданні, каб іх вам даслаць <…> Які ў нас будзе наступны балет? Прыеду, падумаем і пагаворым.

20.12.1982

Паважаны сябра! <…> “Прынца” намячаюць паставіць зноў у красавіку <…> Опера будзе ў гэты час на гастролях у ЗША, і “Прынца” збіраюцца паказваць з музыкай, запісанай на плёнцы [маецца на ўвазе, пад фанаграму — Н.Б.]. Я не ведаю, як вы да гэтага ставіцеся. І нічога не магу зрабіць, паколькі з’яўляюся супрацоўнікам опернага тэатра і не маю аўтарскіх правоў. Лічу абавязкам паведаміць вам, бо вы можаце выказаць сваю нязгоду. Публіка запытвае ў касе квіткі на “Прынца”, але калі мы яго будзем так паказваць, гэта будзе не вельмі добра <…> У мяне набралася шмат добрых водгукаў у нашых газетах пра “Прынца”, вышлю іх усе разам <…> Мілы Жэня! Падумайце над тым, што я вам даклала пра “Прынца”. Мне б не хацелася яго пускаць з нежывым аркестрам. Могуць яго потым паказаць, калі прыедуць. Але ўсё залежыць ад вас <…> Баюся, што калі вы зараз пагадзіцеся, дык так гэты спектакль аркестра больш і не ўбачыць. Аб’явіце ваша рашэнне мне ці дашліце наўпрост Юхані Райскінену. Пра мяне не хвалюйцеся, пакуль жывая. Падумайце, ці зацікавіць вас “Тарцюф” Мальера.

— Потым Эльза цяжка захварэла, — згадвае Ларыса Васілеўна, — і тыя планы не ажыццявіліся.

15.02.1983

Дарагі Жэня! <…> Мне паступіла з гарадоў Фінляндыі многа запрашэнняў. Была ў Турку, Улу, Тамперы з дакладам аб савецкім і фінскім балеце. Паставіла ў Турку “Арфея” Стравінскага, Баха Варыяцыі, буду ставіць Адажыа з балета Глебава “Ціль” <…>

28.08.1983

Дарагі Жэня! Прабачце, што не пісала вам так доўга. Па-першае, дзякую за тэлеграму з віншаваннем і за ліст. “Маленькі прынц” у нас ішоў увесну — праўда, толькі восем спектакляў, але з аншлагам і, магчыма, яшчэ лепей, чым раней: артысты правялі іх па-сапраўдным <…>. Як шкада, што я не магла прысутнічаць на прэм’еры ў Маскве. Бо на конкурсе артыстаў балета ў Варне, дзе я прымала ўдзел у рабоце журы і нават была абрана намеснікам старшыні Юрыя Грыгаровіча, бачыла ўрывак. Паўтараю, зразумейце мяне правільна, але мне не спадабалася. Па-першае, гэты Маленькі прынц аказаўся здаровым дзядзькам у шырокай кашулі з шалікам. А Ліс — нейкім аблезлым. Пастаноўка — аднастайная, калі б не касцюмы і музыка. Магчыма, у маёй пастаноўцы таксама не ўсё было так, як павінна, але гэтая стала для мяне расчараваннем <…> Буду рыхтаваць праграму на свой юбілей, куды хачу ўключыць таксама Адажыа Нэле і Ціля <…> Так хочацца вас убачыць і пагаварыць у хатняй абстаноўцы <…> Не забывайце мяне. У мяне тякія-сякія планы ёсць на будучыню — напішу, калі стануць больш ці менш рэальнымі.

Цалую вас і Ларысу моцна, жадаю моцнага здароўя, дасылаю прывітанне.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"