Вядома толькі адно: свята яйка прайшло ў Крупаўскім Доме культуры. Чаму менавіта ў гэтым аграгарадку? Як мне патлумачылі ў Лідскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, мясцовая сельскагаспадарчая арганізацыя забяспечвае кармамі Лідскую птушкафабрыку. Так што адрас мерапрыемства — невыпадковы. Натуральна, што галоўным атрыбутам гульняў ды конкурсаў было курынае яйка. Выступілі народны ансамбль песні “Васільковая раніца” Васілішкаўскага цэнтра культуры, артысты з Бердаўскага і Мінойтаўскага культурна-дасугавых цэнтраў Лідскага ЦКіНТ.
Галоўнае свята апошняга часу — Дзень ведаў. Метадыст сектара па рабоце сярод дзяцей Бабруйскага палаца мастацтваў Наталля Давідовіч распавядае: “Наш сектар наладзіў для пачаткоўцаў інтэрнатаў “Белшыны” тэатралізаваную праграму “Добры дзень, школа!” Дзеці бралі ўдзел у конкурсах, прысвечаных школьным дысцыплінам”.
Працягну гаворку пра брэндавыя святы, якія вызначаюцца сваёй арыгінальнасцю. Аграгарадок Жупраны, што на Ашмяншчыне, зладзіў свята “Вясковы сыравар”. Лепшы сыр аказаўся ў Алены і Аляксандра Калініных. Сыравінай для яго вырабу стала каштоўнае казінае малако. Гэты і іншыя малочныя вырабы можна было набыць у Сырным казіно. Усім спадабалася, да прыкладу, вялізная піца… Штосьці ніхто не спяшаецца арганізаваць свята, скажам, кілбасы. Я ў журы напрасіўся б.
Каравай новага ўраджаю і хлебаробаў шанавалі ў Дварцы (Дзятлаўскі раён). Мясцовая бібліятэка падрыхтавала тэматычную выставу, прысвечаную 70-годдзю гаспадаркі і 75-годдзю Гродзенскай вобласці. Артысты Дзятлаўшчыны падрыхтавалі канцэрт.
Яшчэ адно свята Дзятлаўскага раёна было прысвечана гарадскому пасёлку Наваельня. Мясцовыя жыхары запэўніваюць, што больш прыгожага і ўтульнага куточка на Дзятлаўшчыне не існуе. Віншаванні ў той дзень атрымалі перадавікі вытворчасці, старажылы і самыя маленькія гарпасялкоўцы. Адзначылі і гаспадароў самых чыстых падворкаў. Мясцовы мастак Анатоль Кардаш парадаваў выставай карцін. А скончылася ўсё вялікім канцэртам.
У Зэльве прайшоў традыцыйны Ганненскі кірмаш, які калісьці не меў сабе роўных на Беларусі. Святлана Якута піша: “Ішоў жвавы гандаль сувенірамі, працавалі майстар-класы, былі арганізаваны выставы антыкварнай мэблі і рэтра-адзення, ахвотных чакала вандроўка на карэце… Сельскагаспадарчыя падворкі называліся “Ягаднае”, “Грыбное”, “Хлебнае”, “Гародніннае”. Фестываль ежы праходзіў пад дэвізам “Гатуем сваё!”
Свіслацкі кірмаш (пяты па ліку) быў арганізаваны ў Свіслачы. Традыцыя была адроджана ў 2013 годзе ў рамках праекта “Супрацоўніцтва і культурны дыялог гарадоў Укмерге і Свіслач” праграмы трансгранічных стасункаў “Латвія — Літва — Беларусь”. Упершыню кірмаш аб’ядналі з раённымі дажынкамі. Рэй тут па-ранейшаму вялі героі графа Вінцэнта Тышкевіча і яго жонкі Тэрэзы Панятоўскай. Працавалі Свецкі салон графа Тышкевіча, карчма “Дажыначная”. Відовішчнай аказалася конкурсная праграма “Вальс кветак”.
Культурна-спартыўнае свята “Саламянае дэрбі” прайшло ў Малюшавічах, што ў Карэліцкім раёне. Тут гулялі ў футбол на саломе, драліся мяшкамі і рабілі абярэгі. Перад жыхарамі Малюшавічаў выступілі самадзейныя артысты з Іўеўскага раёна.
Вось такі неймаверны феерверк стракатых святаў! Цяпер на парадку дня — бібліятэчныя навіны. Загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Астравецкай раённай бібліятэкі Вольга Тварагаль распавядае: “Чарговае пасяджэнне аматарскага аб’яднання “Астравецкай зямлі галасы” прайшло ў незвычайным фармаце. Мясцовыя паэты чыталі свае вершы ў цэнтры горада ля фантана.” Вулічны паэт, як і вулічны музыкант, дадае любому гораду цёплыя фарбы лірызму з рамантызмам.
Сёлета споўнілася б 70 гадоў з дня нараджэння паэткі Ірыны Данік, жыццё і творчасць якой звязана з Мастоўшчынай. Пэўны час Ірына Мікалаеўна працавала ў вёсцы Стральцы, дзе напісала многія свае творы. Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун піша: “Юбілей зямлячкі адзначаны ў Стралецкай сельскай бібліятэцы. На вечарыну прыйшлі сваякі і сябры пісьменніцы, актыўныя чытачы бібліятэкі.”
Яшчэ адна інфармацыя ад Вольгі Коршун. Нядаўна Масты адзначылі 533-годдзе з дня заснавання. Раённая бібліятэка прыняла ўдзел у свяце горада і арганізавала бібліяфэст “Горад мары, горад казання, горад надзеі”. Кніжная выстава знаёміла з гісторыяй і сённяшнім днём горада. Ахвотныя пісалі казку пра Масты. Радкі многіх складаліся на спецыяльным стэндзе ў адзіны тэкст. Дзецям прапаноўваліся гульні на Бібліятэчнай палянцы.
“Доўгія вёрсты вайны” — так называецца кніга, выдадзеная днямі ў адным з гродзенскіх выдавецтваў. Пісалі яе дзясяткі людзей, многіх з якіх ужо няма. Кніга пра жыхароў Бераставіцкага раёна, якія працавалі на Перамогу ў тыле і на фронце, якія прайшлі праз жахі канцэнтрацыйных лагераў. Рэдактарам-укладальнікам кнігі стаў навуковы супрацоўнік Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Мікалай Пацэнка. Вось што ён распавядае: “На фронт пайшло амаль дзве тысячы бераставічан, і толькі палова з іх вярнулася дахаты. У кнізе друкуюцца ўспаміны і лісты франтавікоў, партызанаў, падпольшчыкаў. Гаворка вядзецца і пра тых, хто заставаўся на акупаванай тэрыторыі… Грошы на выданне выдаткаваў Бераставіцкі раённы выканаўчы камітэт”.
Незвычайна вырашылі адзначыць свята 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці ў Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі. Быў створаны ўнікальны кукурузны лабірынт плошчай у адзін гектар. А быў яшчэ конкурс на веданне гістарычнай спадчыны: трэба было адказаць на пытанні па геральдыцы, па веданні лёсавызначальных для краю асоб. Не ўсе здолелі дайсці пераможцамі да выхаду з лабірынта. Паведаміла пра бібліятэчны крэатыў загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Шчучынскай райбібліятэкі Юлія Міхайлава.
З летам развіталася аматарскае аб’яднанне “Ветразь” Астравецкай раённай бібліятэкі. Загадчык адзела бібліятэчнага маркетынгу згаданай установы Вольга Тварагаль піша, што падчас першай часткі мерапрыемства дзеці згадвалі летнія вакацыі, удзельнічалі ў віктарыне на веданне мульцікаў пра лета, адгадвалі садавіну і гародніну навобмацак. Другая частка прысвячалася новаму навучальнаму году. Юныя чытачы збіралі школьныя ранцы. А пасля пазнаёміліся з гісторыяй Дня беларускага пісьменства і паглядзелі відэа пра сёлетнюю сталіцу гэтага свята — Слонім.
Загадчык бібліятэкі № 20 цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк Мінска Кацярына Звяровіч паведаміла: “У нашай установе вялікая ўвага надаецца адпачынку пенсіянераў. Для гэтага працуюць гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Наладжваюцца сустрэчы з пісьменнікамі, урачамі, садаводамі… Выступае хор ветэранаў Дома культуры чыгуначнікаў. А гарадскі клуб “У гасцях у бабулі” запрашае на пірагі і пасядзелкі. Кожную нядзелю праходзяць спаборніцтвы па шашках. Гэтымі днямі працуе выстава мастака Уладзіміра Жукава “Жыццё — творчасць, творчасць — жыццё”. У экспазіцыі — партрэты Уладзіміра Мулявіна, Расціслава Янкоўскага, Ігара Лучанка”.
Пішыце пра цікавае. Сустрэнемся праз тыдзень.