“Жызэль”: бамбук не пусты

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

Сталічная восень даўно ўжо асацыюецца ў сферы культуры з Міжнародным форумам тэатральнага мастацтва TEART, які сёлета пройдзе з 21 верасня па 8 кастрычніка. Але Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”, што яго ладзіць, цягам усяго года ўскалыхвае грамадскасць яшчэ многімі іншымі запамінальнымі айчыннымі прэм’ерамі і паказамі лепшых замежных спектакляў — найперш у рамках праекта Theatre HD, калі далучыцца да прызнаных шэдэўраў і нашумелых найноўшых спектакляў можна праз іх адмыслова праведзеныя відэатрансляцыі. Той жа верасень, да прыкладу, пачаўся з “Жызэлі” — на новы лад.

/i/content/pi/cult/761/16462/e1b7da5a7d67899643dd1b3f1e2dd946253f8573-S.jpgВерсія Англійскага Нацыянальнага балета — узор прынцыпова новага і адначасова надзвычай гарманічнага спалучэння традыцыі і, разам з тым, яе смелага парушэння, прычым абсалютна ва ўсіх складніках. Музыка Вінчэнца Ламанья ў аркестроўцы Гэвіна Сазерлэнда поўніцца спасылкамі на класічны арыгінал Адольфа Адана: усе самыя знакавыя меладычныя моманты, асобныя інтанацыі і, вядома, лейтматывы — захаваны, але пададзены быццам праз завесу заварожана-гіпнатычнага вэлюму, сатканага па законах мінімалізму, што ідуць ад старадаўніх заклічак-заклёнаў. І спалучаны з натуральнымі шумамі, уласцівымі драмтэатру ці кіно, дзе замест пастаралі — урбаністычныя павевы, бо дзеянне перанесена з прыгожа ідэалістычнай вёскі ў сімвалічна рэалістычную прастору закінутай ткацкай фабрыкі.

Такое ж багацце асацыятыўных спасылак — у сцэнаграфіі Ціма Йіпа, шчодра аздобленай майстэрствам мастака па святле Марка Хендэрсана. Сцяна, што нагадвае знакамітую Сцяну плача ў Ізраілі, становіцца сімвалам вечнасці, дзе мы пакідаем свой след. Яна падзяляе прастору на прынцыпова палярныя, але ўзаемазвязаныя сусветы. У першай дзеі — на мігрантаў-жабракоў і заможную знаць, на ментальнасць Усходу і Захаду. У другой — на жывых і мёртвых. Невыпадкова ў канцы першай дзеі сцяна пачынае вярцецца — атрымліваецца гэткі кругазварот двух бакоў аднаго медаля.

Харэограф Акрам Хан адштурхоўваецца ад неакласікі. Хіба ў самым пачатку Іларыён, які ў класіка-рамантычнай версіі быў палясоўшчыкам Гансам, дэманструе элементы брэйка, што трактуецца не столькі ў эстрадным, колькі ў фальклорным кірунку, а сам герой замест адданага сябра становіцца непрыемна агрэсіўным уласнікам-уладаром, якога не хвалююць сапраўдныя пачуцці Жызэлі. Але наколькі адметным атрымліваецца індывідуальны почырк балетмайстра! Ураджэнец Бангладэша, пастаноўшчык не хавае свайго ўсходняга паходжання — наадварот, менавіта арганічны сплаў з народнымі карагодамі, абрадавымі дзеяннямі, пераасэнсаванне іх у сімвалічным ключы становяцца чароўным ключыкам, што адмыкае нябачныя дзверы паміж згаданымі “неспалучальнымі” сусветамі. У пэўны момант той карагод становіцца “салярысам”, з якога быццам выплываюць на паверхню героі ў адмыслова скульптурных і разам з тым гнуткіх, рухомых позах. І роспач Альфрэда, які назаўжды страціў каханую, перададзена “мадуляцыяй” яго пластыкі ад неакласікі да народна-ўсходніх дэталяў: ён гатовы прыняць і пераняць светаадчуванне памерлай Жызэлі./i/content/pi/cult/761/16462/a9fd61fce6695106a43613abb90321fc4f8390ad-S.jpg

Пуанты, якія распаўсюдзіліся ў эпоху раматызму, каб падкрэсліць падзел на рэальных і казачных персанажаў (паветраныя, эфірна-эфемерныя сільфіды не маглі дакранацца да зямлі, быццам “завісаючы” над ёй), тут сталі прыкметай прывідаў — душ загубленых жанчын. Бамбукавыя палкі ў вілісаў (шыкоўна распрацаваны сучасны прыём работы з прадметамі) — зусім не пусты атрыбут, бо напоўнены сэнсам, нагадваюць то більярдныя кіі, то дзіды, стрэльбы, старадаўнія флейты, вёслы, сімвалізуюць посах, жазло, агароджу, галлё ў вогнішчы разладу, крыж-распяцце, лёс. А наколькі тонка, пранікнёна выкарыстаны намёкі на класічны арыгінал, дзе танец быў спалучаны з пантамімай. І галоўнае — усё “чытаецца” без абавязковых падгляданняў у лібрэта, выключна праз бязмоўна візуальнае рашэнне.

Чарговы паказ — 11 верасня. А колькі яшчэ іншых цікавых праглядаў можна наведаць — сачыце за афішамі!

Фота з сайта theatrehd.ru

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"