Камень, які нараджае дождж, або Чаму турысту не далучыцца да святыні?

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

Традыцыям шанавання Святога каменя ў вёсцы Крамянец Лагойскага раёна 22 студзеня 2014 года на пасяджэнні Рэспубліканскай рады па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь нададзены статус элемента нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці.

/i/content/pi/cult/761/16458/pages-5-S.jpgУ розныя часы гэты сакральны Святы камень жыхары вёскі Краменец называлі па-рознаму: Святы камень, Богаў камень, Дажбог, Дадзьбог, Дажбогаў камень, Цудатворны, Богавы сляды, Сляды Божай Маці і маленькага Ісуса, Божыя слядкі…

Госць са Скандынавіі

Камень знаходзіцца за 0,6 кіламетраў на паўночны захад ад вёскі, у нізіне лесу. Даўжыня яго 1,03 метра, шырыня 0,7 метра, вышыня 0,6 метра. Петраграфічны склад пароды каменя — граніта гнейс шэравата-ружовы, дробназярністы. Адносіцца да антрапагенавых адкладаў, якія сфарміраваліся падчас сожскага зледзянення прыкладна 200 тысяч гадоў таму. Радзіма валуна — Скандынавія.

На плоскай паверхні каменя — адпаліраваныя паглыбленні штучнага паходжання: тры авальныя і два круглыя талеркападобныя паглыбленні. Побач з каменем захаваўся падмурак капліцы. З супрацьлеглага боку — рэшткі драўлянага зруба калодзежа.

Гаючыя слядкі

Упершыню Святы камень апісаў беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля ў 1911 годзе ў газеце “Наша ніва”. Аўтар паведамляў: у народзе лічаць, што некалі на камень ступіў святы, і засталіся яго сляды, а потым адчынілася і крыніца. Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя тут адбываліся вялікія кірмашы на Іллю і Спаса, ішоў продаж тавараў. Ахвяры ў выглядзе палатна, грошай у той час складалі ў каплічку каля каменя. З вёсак Батурына Хаценчыцкай воласці прыязджаў святар і адпраўляў набажэнствы падчас кірмашоў. Але савецкае начальства забараняе набажэнствы каля каменя.

У 1977 годзе пра Святы камень пісаў журналіст Леанід Пракопчык. У гэтыя гады драўляная каплічка ўжо была разбурана і ахвяраванні складалі на камень — грошы, аўчыны. На камені два авальныя паглыбленні сталі называць “божыя слядкі”. Раз у тыдзень дары збірае “божы служка” (яго звалі Іван Рогач) і аддае іх жабракам.

Пракопчык апісвае, што ў Крамянцы некалькі пакаленняў жыхароў здабываюць крэйду. Добрай якасці сіне-белая, як замазка, крэйда залягае на вялікай глыбіні, да 100 метраў і болей. Часта шахты абвальваліся і засыпалі людзей. Крэйду людзі ляпілі ў камякі, якія сушылі дома і вазілі прадаваць у мястэчкі Ілля, Даўгінава, у Вілейку.

Падыход — навуковы

У 1985 годзе камень трапіў у поле зроку геолага Эрнэста Ляўкова. У 1986 годзе ён абследаваў яго сумесна з Аляксандрам Карабанавым і Валерыем Вінакуравым. У гэтым жа годзе археолаг Эдвард Зайкоўскі правёў раскопкі, ускрыўшы 19 квадратных метраў плошчы былога Крамянецкага свяцілішча (ён і ўвёў у навуковае карыстанне гэты тэрмін). Высветлілася, што камень знаходзіцца пасярод выбрукаванай малымі камянямі пляцоўкі памерам 2,8 на 3 метры, арыентаванай па магнітных палюсах. Па краі выбрукоўкі ляжалі большыя камяні. На захадзе пляцоўкі — невялікі выступ трапецыявіднай формы, складзены з камянёў. У далёкім левым кутку пляцоўкі — бочачка без дна. Пры паўторным аглядзе тэрыторыі вакол каменя Эдвард Зайкоўскі выявіў, што за 200 метраў ад яго знаходзіцца курганная група з больш чым дзясяткам насыпаў.

Сівыя легенды

На памяці старажылаў, вакол каменя былі плот і веснічкі. Вось што распавядала навукоўцам мясцовая жыхарка 74 гадоў Зося Рогач. Спрадвеку да каменя хадзілі па святах — на Вялікдзень, Тройцу, Яна, Пакроў і іншыя, а таксама па нядзелях. Перад гэтым мылі ногі. Стараліся трапіць да каменя да ўсходу сонца. Той, хто прыходзіў, клаў на камень ахвяру, затым ішоў па ваду з бочачкі, жменямі наліваў яе ў лункі (сляды) на камені. Гэтай вадой абмывалі балючае месца. Прасілі вылечыць ад хваробы, знайсці карову, наслаць дождж і іншае. Калі была засуха, дзевяць удоў драўлянымі калкамі ў рост чалавека падважвалі камень. На трэці дзень чакалі дажджу.

У 2010 годзе адна з жыхарак вёскі Крамянец Соф’я Мардас 1951 года нараджэння ўспомніла легенду, якую калісьці расказваў яе свёкар Іван Мардас 1912 года нараджэння: на могілках будавалі каплічку. І захацеў святар пакласці гэты камень у фундамент, каб не хадзілі людзі ў лес, а маліліся ў каплічцы. І везлі гэты камень чатыры паркі коней, такі ён быў цяжкі. Паклалі — і пайшоў бясконцы дождж. Некаму прысніўся сон, што камень гаворыць: “Будзе ісці дождж, пакуль не схаваюся ў ваду, калі не вернеце мяне на месца”. А могілкі ў Крамянцы на высокім пагорку. Гэта ж патоп будзе! — спужаліся людзі. І павезлі камень назад, для чаго спатрэбілася толькі пара коней. І сціх дождж.

Калі хапіла ўдоў

У 2012 годзе ўпершыню за гадоў 20 у вёсцы назбіралася неабходная колькасць удоў, каб здзейсніць абрад выклікання дажджу, — дзесяць жыхарак Крамянца і тых, якія ўжо жывуць у Мінску, а на лета прыязджаюць у Крамянец, як на лецішча. На працягу гэтых 20 гадоў хадзілі выклікаць дождж і па пяць удоў, запрашаючы мужчын-удаўцоў, і па чатыры ўдавы, бо патрэбнай колькасці не хапала. Нарэшце ў жніўні 2012-га дзевяць удоў, як і належыць па традыцыі, дзевяццю каламі ў рост чалавека падважылі камень, і назаўтра пайшоў дождж, якога тут не было месяцы два.

Старыя лечацца і абракаюцца

Падчас апытання мясцовых жыхароў цягам 2010 — 2012 гадоў высветлілася, што апошнія гады да каменя сталі хадзіць і маладыя — на другі дзень вяселля, у дзень нараджэння, са сваімі гасцямі з горада. Старэйшае пакаленне, як і даўней, лечыцца і абракаецца каля каменя, прыносіць яму дары на вялікія святы, асабліва на Вялікдзень перад разгаўленнем. Бывае, камень вылечвае. Ядвіга Саўрыцкая 1936 года нараджэння ўспамінала, як мама вадзіла яе і іншых дзяцей да Святога каменя — на святы, а калі лячыцца — да ўсходу і на захад сонца, як прыносіла на Вялікдзень да каменя пірагі, яйкі-крашанкі і казала: “На табе, Божанька, паесці!” Ганна Мардас 1932 года нараджэння згадвала, што ў каменя прасілі здароўя сабе і скаціне.

Цікавыя звесткі дала Алія Знак 1948 года нараджэння, якая жыве ў Мінску, а ў Крамянцы трымае бацькоўскую хату і прысядзібны ўчастак пад лецішча. Настаўніцы малодшых класаў вадзілі іх на экскурсіі да Святога каменя. На ім заўсёды ляжалі капейкі, і ніхто іх не забіраў. І кветкі — яна не памятае, каб раней іх насілі да каменя.

Сатаністы?

Жанчыны расказваюць, што некалькі гадоў таму прыязджалі нейкія людзі і спраўлялі нейкі свой рытуал ля Святога каменя, нешта скандзіравалі і білі абухом па каменю, прымаючы ў сваю арганізацыю нейкага Руслана. Назаўтра Таццяна Вязьміна, якая гэта ўсё бачыла, знайшла драўляны крыж, які яны разам са святаром устанавілі ля каменя, на сцяжынцы, што вяла да каменя. “Проста ў грудзі крыжа яны ўсадзілі сякеру, — расказвала яна з абурэннем. — І прывалаклі нейкі пень рагаты, устанавілі яго, абклаўшы камянямі. Не закапалі, таму той пень хутка зваліўся. Мы крыж зноў устанавілі, дык яны, прыехаўшы яшчэ раз, занеслі яго далёка, каб мы не знайшлі. Сатаністы нейкія…”

Усе, хто ўшаноўвае Святы камень, просяць дапамагчы ім захаваць яго, абараніць ад злых людзей. Яны не супраць, каб добрыя людзі ездзілі і лячыліся, каб ездзілі паглядзець на камень, але каб не рабілі шкоды і не здзекваліся над іх праваслаўнай верай.

Ці ўбачаць турыстычны патэнцыял?

Статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці не толькі абавязвае раённыя ўлады садзейнічаць захаванню элемента, яго папулярызацыі, але і забяспечыць пераемнасць традыцыі ў вёсцы, дзе карэннае насельніцтва старэе, яго колькасць змяншаецца, а прыезджыя людзі не далучаны да святыні. Што трэба зрабіць для далейшага шанавання Святога каменя — прапісана ў мерах па захаванні, аднак раённыя ўлады падыходзяць да гэтага фармальна. Такое ўражанне, што гэты элемент, уключаны ў Нацыянальны інвентар, не асэнсоўваюць каштоўнасцю раёна: на афіцыйным сайце райвыканкама сярод іншых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны пра яго як адзіны помнік нематэрыяльнай спадчыны раёна — ні слова. Пару гадоў таму работнікі сельсавета прывезлі да Святога каменя нейкую старую агарожу, спілавалі дрэва, пашкоджанае караедам, і ўсё. Між тым, кожны, хто азнаёміцца з апісаннем традыцыі, убачыць у ёй вялікі турыстычны патэнцыял. У першую чаргу — для азнаямлення мясцовых школьнікаў з гісторыяй роднага краю, поглядамі людзей у старажытнасці на акаляючае асяроддзе, у якім яны жылі, першабытныя вераванні, сляды касмічных прышэльцаў. Непадалёк ад ледавіковага валуна — Дажбогавага каменя — знаходзіцца месца падзення Лагойскага метэарыта, які каля 40 мільёнаў гадоў таму ўтварыў 14-кіламетровы кратар у дыяметры і глыбінёй у тысячы метраў. Гэты кратар запоўніўся вадой і ўтварыў возера каля цяперашняй вёскі Кузевічы. Балота ля Плешчаніцаў — таксама даўні след ад падзення гэтага метэарыта. Вярхоўе ракі Гайна па дарозе да вёскі Крамянец знаходзіцца ў жывапіснай мясцовасці, якую людзі спрадвеку шанавалі і стваралі пра яе легенды і паданні, выкарыстоўвалі ў традыцыйных абрадах.

Увогуле Крамянецкае свяцілішча трэба аднавіць у тым выглядзе, у якім яно было, размясціць указальнікі, бо яго наведвае шмат людзей. Мясцовых карэнных жыхароў засталося мала для таго, каб суправаджаць гасцей да Святога каменя, ды і ўзрост ужо шаноўны. Узгоркавы ландшафт Лагойшычыны, утвораны ў выніку таяння ледавіка, трэба разглядаць комплексна, стварыўшы турыстычны маршрут на аснове культурнага кластара, бо прыроднае асяроддзе і культурны ландшафт складаюць тут адзінае цэлае і маюць выключны патэнцыял для развіцця на гэтай аснове пазнавальнага турызму для сталічных жыхароў і гасцей краіны.

Рэгіна ГАМЗОВІЧ