Экстрым, ды не толькі па-берасцейску

№ 36 (1423) 07.09.2019 - 13.09.2019 г

Значныя падзеі ў жыцці гарадоў і паселішчаў прынята адзначаць культурніцкімі акцыямі. У прыватнасці, мастацкімі выставамі. Зразумела, далёка не паўсюль у наяўнасці мастакі-прафесіяналы. Малыя гарадкі ў такіх выпадках ладзяць выставы работ выхаванцаў дзіцячых школ мастацтва альбо звяртаюцца да аматараў-самадзейнікаў. Здавалася б, у вялікіх гарадах, тым больш абласных цэнтрах па вызначэнні немагчыма ўявіць сітуацыю, калі не стае мастацкіх твораў, каб запоўніць гарадскую выставачную залу.

Здараецца, аднак, усялякае. Днямі я прысутнічаў пры адборы работ на рэспубліканскую выставу да 1000-годдзя Брэста, што мусіць адкрыцца напрыканцы тыдня ў горадзе над Бугам. Для адбору работ была сфарміравана спецыяльная камісія ад Саюза мастакоў. З Брэста прыехаў старшыня абласной арганізацыі творчага саюза Павел Рабаў. Адбылося гэта ў Палацы мастацтва. Пабачыўшы работы, прапанаваныя сталічнымі мастакамі для згаданай выставы, спадар Павел не стаў хаваць сваёй роспачы. Скульптура яго задаволіла, хоць тэматычная і сюжэтная прывязка да гісторыі горада і ягоных сённяшніх рэалій у творах адсутнічала. Тут хаця б у наяўнасці быў досыць прыстойны прафесійны ўзровень. А што датычыла жывапісных і графічных работ, якіх не набіралася і двух дзясяткаў, дык для выставы такога ўзроўню, скажам шчыра, яны не дацягвалі. Відаць, што аўтары валодаюць пэндзлем ці алоўкам, але адсутнічала тое, што ператварае работу ў твор. Ды і рабілася ўсё, прапанаванае мінскімі мастакамі, не спецыяльна для згаданай выставы. Проста кожны ўзяў і прынёс на разгляд камісіі нешта з таго, што даўно стаіць у куце майстэрні.

“Нават калі мы ўсё гэта возьмем, — казаў спадар Павел,— нам ўсё адно не будзе чым завесіць сцены. Трэба яшчэ некалькі дзясяткаў карцін ці графічных аркушаў. А дзе іх узяць?” Скульптур, паводле яго слоў, хапае, а вось палотнаў ды аркушаў і яшчэ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва катастрафічна не стае.

Тут жа пачалі шукаць па засеках Палаца мастацтва работы папярэдніх выстаў, якія аўтары не паспелі забраць і якія пры тэматычна-сюжэтнай нейтральнасці могуць больш-менш пасаваць брэсцкай выставе. Былі званкі да мастакоў: маўляў, будзе выстава, калі маеш што вартае, дык зараз да цябе ў майстэрню пад’едзем і возьмем. Члены камісіі, ратуючы сітуацыю, вырашылі самі паўдзельнічаць у выставе. Рабаў згадаў, што ўжо звяртаўся да мастакоў, сталічных і з рэгіёнаў, якія рэальна маглі б “выцягнуць” выставу. А ў адказ чуў “Зараз будую дом, на іншае часу няма”, “Усё вартае ўжо аддаў на іншыя выставы”, “Я зараз за мяжою” і гэтак далей.

Маючы пэўнае ўяўленне пра сітуацыю ў Брэсцкай абласной арганізацыі творчага саюза, скажу, што падобныя праблемы там узнікалі і раней. Але тое датычыла фарміравання экспазіцый выстаў абласных. Тут жа выстава рэспубліканская і, значыць, вышэйшы ўзровень адказнасці. Ведаючы асабіста спадара Паўла, не сумняваюся, што ён пры дапамозе творчага актыву Берасцейшчыны здолее сітуацыю разруліць і вывесці на добры лад. Але праблемы, выкрытыя згаданай падзеяй, нікуды не падзенуцца…

Можна згадаць мноства фактараў, якія паставілі рэспубліканскую выставу ў абласным цэнтры на мяжу аблому. Верагодна, што мастацкая імпрэза зыходна не трапіла ў “шорт-ліст” святочных мерапрыемстваў, што пра яе позна ўспомнілі, калі ўжо амаль не заставалася часу на якасную рэалізацыю планавай пазіцыі. Дапускаю, што бюджэт святкавання не прадугледжваў замоваў і закупак мастацкіх твораў, а значыць які сэнс марнаваць час і ўласныя сродкі на тое, што потым будзе гадамі пыліцца ў майстэрні. Ды шмат чаго можна згадаць. Здаецца, вядомаму дзеячу Савецкай эпохі належыць выслоўе: “Кожная бяда мае імя ўласнае, імя па бацьку і прозвішча”. У тым сэнсе, што заўжды можна знайсці канкрэтна вінаватага, які не прадугледзеў, не наладзіў — інакш кажучы, справу заваліў. Але ў дадзеным выпадку рабіць гэтага не варта, бо на ўсё згаданае ёсць прычына глыбінная, стрыжнявая. Прычына тая — адсутнасць у мастакоў, і не толькі берасцейскіх, творчай матывацыі на сур’ёзную, працаёмістую справу.

Я не настальгірую па савецкім часе, але мяркую, што пэўныя рэаліі тае эпохі былі б дарэчнымі ў суверэннай Беларусі. У прыватнасці, сістэма заключэння і шматступеньчатай рэалізацыі дамоў на стварэнне карцін, скульптур, графічных аркушаў. Мастак, прадставіўшы эскіз, які задавальняў замоўцу, атрымліваў аванс, што дазваляў яму працягваць работу. Замоўца мог на кожным этапе кантраляваць выкананне замовы. А рэспубліканская выстава, прымеркаваная да нейкай важнай для дзяржавы даты ці падзеі, была дэманстрацыяй грамадзе выкананых твораў і закрыццём заключаных дамоў. Тое, што сёння мы называем Беларускай мастацкай школай, залатым фондам нашай культуры стваралася такім чынам.

Што мы маем сёння? Пра гэта лепей запытаць саміх мастакоў, якія цяпер пазбаўлены і кантролю, і падтрымкі — прынамсі, у тым аб’ёме, які патрэбны для падтрымання высокай планкі прафесіяналізму.

І адбываецца гэта на тле фактычнай адсутнасці мастацкага рынку з прычыны невысокай пакупной здольнасці насельніцтва нашай краіны. Непрыемна гэта канстатаваць, але будзем называць рэчы сваімі імёнамі. Мастакі Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны сілкуюцца за кошт удзелу ў пленэрах за межамі нашай краіны. Добрая траціна выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў мастацтва нашай краіны па вышэйшую адукацыю едуць за мяжу і там застаюцца пасля атрымання дыплома.

Вось і маем тое, што няма каму творча асэнсаваць вялікую падзею нацыянальнай гісторыі — 1000-годдзе слаўнага горада над Бугам. Зразумела, час сёння не такі, каб аднавіць для мастакоў у поўным аб’ёме сацыяльныя гарантыі савецкіх часоў. Але пад падзеі надзвычайнага кшталту, якіх па вызначэнні шмат не бывае (1000-годдзе Брэста з гэтага шэрагу), трэба арганізоўваць конкурсы творчых праектаў, з пераможцамі заключаць дамовы. Ва ўмовах творчай канкурэнцыі будуць з’яўляцца творы калі і не на стагоддзі, дык на жыццё сённяшняга пакалення дакладна.

Уявіце, калі б за некалькі гадоў да сённяшняга свята Брэста быў праведзены такі конкурс нават не ў рэгіянальным, але ў нацыянальным маштабе. Не давялося б тады Паўлу Рабаву роспачна разважаць, чым запоўніць сцены гарадской выставачнай залы ў дні вялікага свята Брэста.

P.S.

Калі ўжо былі напісаныя гэтыя нататкі, я патэлефанаваў спадару Паўлу і пацікавіўся, што з выставай, ці здолеў ён выруліць сітуацыю. “Так! Збольшага за кошт берасцейцаў, — адказаў ён. — Мінчукі ж у асноўным не па тэме, хоць прафесійны ўзровень вышей, чым у брэсцкіх мастакоў. Зрэшты работ набралася столькі, што нават ёсць з чаго выбіраць. Скульптура вельмі выцягвае выставу”.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"