Ван Дэйк “...прызямліўся ў Гародні”

№ 32 (850) 09.08.2008 - 15.08.2008 г

Жыхары і госці Гродна з 30 ліпеня маюць унікальную магчымасць атрымаць асалоду ад твораў фламандскага жывапісца Антоніса ван Дэйка (1599 — 1641). Нягледзячы на тое, што знакаміты вучань Рубенса значную частку жыцця прысвяціў алейным фарбам, парадным партрэтам, у Авальнай зале Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея ў экспазіцыі “Ван Дэйк і яго эпоха” прадстаўлены здабыткі больш позняга захаплення мастака — гравюры.

 /i/content/pi/cult/172/1645/Van Dejk.jpg

Партрэт Лукаса Ворстэрмана.
Пасля 1627 г.

Галерэя графічных партрэтаў “Іканаграфія” стваралася на працягу васьмі гадоў бесперапыннай працы з 1626 (усяго былі створаны партрэты ста дваццаці шасці асоб). Гравюры з выявамі манархаў і палкаводцаў, дзяржаўных дзеячаў і філосафаў, мастакоў і калекцыянераў майстар выконваў па-рознаму. Адна частка з іх была зроблена з натуры, другая — з уласнааўтарскіх малюнкаў ці твораў, напісаных іншымі мастакамі.

На выстаўцы ў Гродне экспануецца толькі пэўная частка яго здабытку — трыццаць гравюр. Загадчык мастацкага аддзела музея Святлана Янчалоўская пракаменціравала гэта наступным чынам: “Музей дэманструе ўсе шэдэўры гравёра ван Дэйка, якія маем з арыгіналаў ва ўласных фондах. Афорты выкананы на паперы XVII стагоддзя з металічных пласцінак-арыгіналаў, што знаходзяцца ў Луўры. Аўтэнтычнасць копій пацверджана, дзякуючы даследаванням спецыялістаў у галіне малекулярнай і атамнай фізікі НАН Беларусі”.

У межах выстаўкі “Ван Дэйк і яго эпоха” таксама можна пазнаёміцца з афортам, звернутым да рэлігійнай тэматыкі. Дарэчы, мастак вырашыў выказаць удзячнасць і прыхільнасць да свайго геніяльнага настаўніка ў справе. З гэтай нагоды гравёр даў “другое жыццё” малюнкам Рубенса, узнавіўшы іх у сваіх творах.

Назва “Ван Дэйк і яго эпоха”, па логіцы рэчаў, павінна несці не толькі дакладнае і яскравае адлюстраванне традыцый гравёрскага мастацтва. Гэта ўплывае на атачэнне, у якім павінны падавацца шэдэўры кожнай значнай асобы свайго часу. Выставачную залу Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея ўпрыгожваюць рарытэтныя кнігі таго ж XVII стагоддзя. Яны выдаваліся сучаснікамі жывапісца ў Антверпене, Амстэрдаме, Гаазе і Рыме. Многія з экзэмпляраў змяшчаюць гравюры знакамітых тагачасных майстроў. Дапаўняюць інтэр’ер таксама рэчы і мэбля XІХ стагоддзя.

Наталля ВАЛОДЗІНА