Не стала Мастака…

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

На 62-м годзе пайшоў з жыцця галоўны мастак Вялікага тэатра Беларусі Аляксандр Аляксандравіч Касцючэнка...

/i/content/pi/cult/760/16444/page-14-15-copy-5-S.jpgЁн нарадзіўся ў сям’і педагогаў 9 лютага 1958 года ў вёсцы Вішнева, але менавіта Мінск стаў для яго родным горадам. Тут ён скончыў мастацкую школу, затым — каледж імя Аляксея Канстанцінавіча Глебава, які, як не раз прызнаваўся Аляксандр Аляксандравіч, стаў для яго трамплінам у прафесію. А прафесія стала яго жыццём... Жаданне тварыць, складаць, працаваць у ім абудзілі яго выбітныя настаўнікі — Яўген Чамадураў, Май Данцыг, Пётр Крохалеў. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута Касцючэнка працаваў у Музычным тэатры, займаў пасаду галоўнага мастака ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Максіма Горкага. Тут да гэтага часу ідуць яго спектаклі... Адначасова супрацоўнічаў з Моладзевым, Купалаўскім тэатрамі ў Мінску, Коласаўскім у Віцебску, Сафійскай операй і шматлікімі тэатрамі Расіі.

Ён не раз успамінаў, як, аднойчы трапіўшы на “Лебядзінае возера” ў Вялікі беларускі, сказаў сабе: “Буду тут працаваць...” У Вялікі тэатр Беларусі галоўным мастаком ён прыйшоў у 2009-м... Аляксандр Касцючэнка — аўтар сцэнаграфіі да балетаў: “Папялушка” Сяргея Пракоф’ева, “Трыстан і Ізольда” Рыхарда Вагнера, “Зала чакання” Алега Хадоскі, “Метамарфозы” Іагана Себасцьяна Баха, “Сем прыгажунь” Кара Караева, “Хто я?” Сяргея Картэса, “Анастасія” Васілія Кузняцова — і опер: “Набука” Джузэпе Вердзі, “Тоска” Джакама Пучыні, “Фаўст” Антонія Генрыка Радзівіла, “Севільскі цырульнік” Джаакіна Расіні, “Сівая легенда” Дзмітрыя Смольскага, “Пікавая дама” Пятра Чайкоўскага, “Доктар Айбаліт” Маргарыты Марозавай, “Макбэт” Джузэпе Вердзі, “Сельскі гонар” П’етра Масканьі і многіх іншых.

У 2011-м Касцючэнка ажыццявіў рэканструкцыю сцэнаграфіі выбітнага мастака Яўгена Чамадурава ў новай пастаноўцы оперы “Аіда”. За высокія творчыя дасягненні, прафесійнае майстэрства і заслугі ў развіцці нацыянальнай культуры і мастацтва Аляксандр Аляксандравіч быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны; за пастаноўку “Царская нявеста” Мікалая Рымскага-Корсакава быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі. У 2017-м яму была прысуджана Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь за творчыя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, прапаганду духоўных каштоўнасцяў і значны асабісты ўклад у пастаноўку опернага спектакля на музыку Дзмітрыя Смольскага “Сівая легенда” паводле твора Уладзіміра Караткевіча.

Аляксандр Аляксандравіч у працы быў вельмі прынцыповым. Некаторыя рэжысёры, магчыма, скажуць, што працаваць з Касцючэнкам было цяжка, але абсалютна дакладна — неверагодна цікава. У яго творчасці спалучаліся і аўтар буйной архітэктурнай формы, і тонкі жывапісец, і выдатны вынаходнік з выключна багатай мастацкай фантазіяй. Ён любіў Беларусь і родны Мінск. Быў выдатным таварышам і паплечнікам — і ў радасці, і ў горы. Ён бясконца любіў жыццё і быў неверагодным аптымістам. І самае галоўнае — ён сапраўды любіў тэатр і быў адданы яму да канца сваіх дзён...

“Я — мастак. І толькі потым — усё астатняе...” Так не раз казаў Аляксандр Аляксандравіч. У майстэрні на Асмалоўцы засталіся яго карціны і эскізы да іх... На яго стале ў працоўным кабінеце ў тэатры працягваюць стаяць макеты да спектакляў, якія, вядома, здабудуць сваё жыццё на сцэне, вось толькі ўжо без удзелу Майстра...

Калектыў Вялікага тэатра смуткуе ў сувязі з незаменнай стратай і выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім мастака...