Розныя плоскасці жыцця хірурга

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

Неяк у славутага матэматыка запыталіся, што сталася з ягоным надзвычай таленавітым вучнем, ад якога навуковая грамада чакала выдатных дасягненняў? Ён стаў паэтам, — адказаў мэтр, — для матэматыкі ў яго не хапіла фантазіі. Я гэта да таго, што мастацтва — прафесія, а творчасць — стан душы. Творчы чыннік прысутнічае ў кожнай прафесіі, якая вымагае інтэлекту і майстэрства. Скажу болей, брацца за пяро ці пэндзаль варта, калі ўжо нешта ведаеш пра жыццё і маеш грунтоўны досвед у нейкай важнай справе. Зусім невыпадкова мае любімыя пісьменнікі — Антон Чэхаў, Самерсэт Моэм і Міхаіл Булгакаў мелі цудоўную базавую спецыяльнасць — медыцыну. Гэта адна з прычын маёй цікавасці да выставы “Розныя плоскасці”, што праходзіла ў галерэі “DК”. На ёй экспанаваўся жывапіс хірурга-анколага Аляксея Калабухава. Раней ніякага дачынення да мастацкай справы спадар Аляксей не меў. Узяцца за пэндзаль яго справакавалі акалічнасці, якіх бы лепей пазбегнуць. Урач атрымаў траўму, якая на пэўны час адсунула яго ад хірургічнай практыкі. Каб гэты час не быў змарнаваным, Аляксей Эдуардавіч заняўся жывапісам. Я бачыў спадара Аляксея на выставе. Гутарку з ім прапаную ўвазе чытачоў.

/i/content/pi/cult/760/16443/pages-12-13-copy-2-SS.jpg— Спадар Аляксей, хто-небудзь з вашага роду меў дачыненне да мастацтва?

— У сямейных хроніках такіх звестак няма. Наша сямейная традыцыя — медыцына. Земскім урачом на Міншчыне быў мой прадзед. Урачаваў у глыбінцы. Фактычна быў адзіны прафесіянал на ўсю акругу. Рабіў усё — пачынаючы ад прыняцця родаў да лекавання спецыфічных хвароб пажылых людзей. Меў ад пацыентаў вялікую павагу. Дзед мой у медыцыну не пайшоў, а бацька стаў. Гледзячы на яго, абраў прафесію ўрача і я. Тата працаваў у Навукова-даследчым інстытуце анкалогіі, што ў Бараўлянах. Бліжэй да заканчэння школы я пачаў хадзіць да яго на працу, глядзеў, што ён робіць, і такім чынам прыкіпеў да медыцыны. Дарэчы, мой прадзед пакінуў ліст пра тое, што медыцына як прафесія не павінна сыходзіць з нашага роду, што ягоныя нашчадкі павінны ўдасканальвацца ў гэтай сферы і дасягнуць большага, чым дамогся ён. Памёр прадзед у дзевяноста пяць гадоў. Але калі я нарадзіўся, ён яшчэ жыў і хацеў, каб услед за ягоным унукам — маім бацькам — я стаў урачом.

— Вы зыходна абралі хірургію?

— Усведамленне, што я хачу быць хірургам, прыйшло не адразу, курсе на трэцім. Мяне ў хірургіі вабіла і вабіць тое, што ты адразу маеш вынік. Або-або, што называецца. У большасці выпадкаў зніжаеш усе рызыкі і атрымліваеш “або” на сваю карысць. І чым большы ў цябе досвед, тым больш шанцаў на поспех. Да таго ж, хірургія лічылася, так бы мовіць, мужчынскай прафесіяй. Так што недзе курса з трэцяга, з чацвёртага я бачыў сябе хірургам.

— Ваш бацька таксама хірург?

— Не, ён хірургіяй не займаўся. Бацька тэрапеўт. Ягоная спецыяльнасць промневая і хімія-тэрапія. Ён працаваў з усімі вядомымі постацямі беларускай анкалогіі, і з тымі, хто і сёння пры справе, і каго ўжо няма. Але не было ў яго імпэту, каб і напісаць дысертацыю. Ён не меў схільнасці да навуковай дзейнасці. Ён найперш урач-практык. А я ўвесь час працаваў у Першай клінічнай бальніцы, за выключэннем аднаго года ў інтэрнатуры пры Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры імя Аляксандрава на спецыялізацыі па анкалогіі.

/i/content/pi/cult/760/16443/pages-12-13-copy-SSS.jpg— Ваша спецыялізацыя?

— Я абараняўся па шчытавіднай залозе. Крыху займаўся малочнай залозай, займаўся і лёгкімі, і страўнікам… Так што нешта канкрэтнае і не вылучыш. Рэч у тым, што я пачынаў сваю анкалогію, калі ў нас было адно толькі вялікае аддзяленне, дзе ўсё было. І таму, усё давялося памацаць сваімі рукамі. І гэты досвед аказаўся вельмі карысным потым, калі пачаліся дзяленні на нейкія вузкія спецыяльнасці. Так здарылася, што дзесяць гадоў я быў хірургам, потым дзесяць гадоў я быў намеснікам па хірургіі ў бальніцы. Усёй хірургіі. З улікам таго, што я ўсімі праблемамі валодаў, вырашылі, што я гэтай пасады варты. А цяпер дзесяць гадоў яшчэ на кафедры.

— А ці былі вашы дзяды-прадзеды звязанымі са знакавымі падзеямі нашай гісторыі? Скажам, як адбілася на лёсе вашага роду Вялікая Айчынная вайна?

— Дзед ваяваў. А калі занурыцца ў гісторыю глыбей… Пасля паразы паўстання Касцюшкі продкаў маці высялілі з іх родных мясцін. Частку зусім далёка — у Сібір пад Краснаярск, а частку ў Віцебскую губернію.

— За ўдзел?

— Так. Хоць у чым канкрэтна быў удзел, не скажу. Не ведаю. У Віцебску яны яшчэ да рэвалюцыі шчыравалі ў сферы парамедыцыны — арганізавалі Таварыства глухіх у Беларусі. Не ў асобнай губерні, а ўсёй тагачаснай Беларусі ўключна са Смаленскам. Яны займаліся ўсе сурдаперакладамі. Нават мама мая тое ведала, а яе дваюрадная сястра грунтоўна гэту справу спасцігла. Была сурдаперакладчыкам на тэлебачанні. Дагэтуль глухія, а гэта вялікая група людзей, вялікую пашану да матчынага прозвішча, да нашага роду маюць.

Дзед, як я казаў, ваяваў. Ён быў прафесійным вайскоўцам яшчэ да вайны. Потым вайна — трагічны Сорак першы, выхад з акружэння. Трапіў пад разборку, прызначылі вінаватым, разжалавалі і адправілі ў штрафбат, але потым зноў даслужыўся да афіцэра і вайну скончыў капітанам. Цяжкі вельмі ваенны лёс у яго. Артылерыстам быў пры гармаце такой маленькай, што ўвесь час на перадавой…

— Саракапятка?

— Так. Вайна гэта ўвогуле асобная тэма. Цяжкая. Не так ужо шмат літаратурных твораў, якія праўду гавораць. Як яно насамрэч было.

— Вам бліжэй хірургічная практыка ці арганізацыйная работа?

— Для мяне самае важнае тое, што я раблю ў дадзены момант. Жыццё распарадзілася так, што пэўны час галоўнай была праца арганізацыйная, а вось зноў вярнуўся ў практычную хірургію, потым у навуку. Абараніўся, і, адпаведна, пасля гэтага стаў працаваць на кафедры са студэнтамі, досвед ім перадаваць. Таму што насамрэч, варты досвед маю. Многае заспеў з таго, што людзі зараз і не бачаць. Можа ім гэта і не трэба ў жыцці. Але гляджу я на сённяшніх маладых урачоў: яны ў асноўным вузкаспецыялізаваныя. З аднаго боку, гэта добра. З другога — не надта.

— Вам як прафесійніку бывае карысна зазірнуць у сферу, для вас незнаёмую?

— Калі займаешся ўвесь час адной справай, вока замульваецца. Убачыць праблему з іншага гледзішча заўжды карысна.

— Як адчуваеце сябе пасля таго, як выстава адбылася? Штосьці змянілася ў вашым светаадчуванні?

— Ну, зразумела, ёсць узрушанасць. Нават з таго, што па іншаму свае работы пабачыў. Развешаныя на сценах яны зусім інакш глядзяцца. Ну і пэўную адказнасць адчуваю, што далей рабіць, у якім напрамку ісці.

Ёсць пазітыў, людзям спадабалася. Так атрымалася таму, што тыя, хто прыйшоў на вернісаж, мяне ведаюць. Я разумею: ішлі яны паглядзець не на карціны мастака Калабухава, а на хірурга, які, нібыта, без дайпрычыны заняўся жывапісам, і нешта ў яго атрымалася.

Выстава дала станоўчы штуршок мне і, спадзяюся, маім сябрам. Куды рухацца далей? Адразу і не скажу. Спачатку трэба асэнсаваць тое, што адбылося.

— Наколькі ўрачу карысна цікавіцца тым, што — па-за ягонай прафесіяй, тым жа выяўленчым мастацтвам, літаратурай?

— Што раней, што зараз ўрачы — гэта верх інтэлігенцыі. І, адпаведна, яны мусяць быць шматбакова адукаванымі. І кнігі чытаць, і музеі наведваць. Любая творчасць ідзе на карысць справе. Вось мой калега, кандыдат навук, дацэнт, вельмі някепскі піяніст, зараз піша доктарскую дысертацыю па анкалогіі. Хапае яму часу і на навуку, і на музыку. Да таго ж я ўпэўнены, што захапленне музыкай яму і ў навуцы дапамагае…

— Можаце назваць вашых любімых мастакоў і пісьменнікаў?

— У літаратуры люблю рускую класіку — Талстога і ягоных сучаснікаў. Сучасная літаратура мне менш цікавая, але ёсць шэраг рускамоўных аўтараў, за чыёй творчасцю сачу даволі пільна. У выяўленчым мастацтве люблю французскіх імпрэсіяністаў. Мне блізкія іх вобразны лад і светаадчуванне. Маю цікавасць да мастакоў ХІХ стагоддзя, што падрыхтавалі глебу, на якой імпрэсіянізм паўстаў. Люблю класікаў Адраджэння. Першыя альбомы па мастацтве, якія я трымаў у руках, якраз прысвечаны іх творчасці.

Фота аўтара

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"