Куточак для існых музыкантаў

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

На працягу двух з паловай гадоў кожны 22-і дзень месяца ў Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура ў Мінску адкрываўся для паказу “Живой уголок” — у дзіўнай зале сярод магутных скульптур і бюстаў выступалі музыканты, якіх таксама можна назваць дзіўнымі, нестандартнымі, незвычайнымі. Жнівень не стаў выключэннем: поўная зала гледачоў сабралася, каб паслухаць музыканта з Гродна, вядомага як “.К/tochka K”, і мінскую групу “Morkvoцвет”. Але гэта быў апошні канцэрт праекта, і ім у музеі Азгура развітваліся са сваім сябрам, калегам і аднадумцам Леанідам Нарушэвічам — “Живой уголок” быў яго аўтарскім праектам. У чэрвені знакаміты музыкант, майстар інтуітыўнай імправізацыі і лідар групы “Князь Мышкін” заўчасна пакінуў гэты свет. Праграму на жнівень сабраў яшчэ ён сам, толькі прайшла яна без яго.

/i/content/pi/cult/760/16439/pages-8-9-SSSSS.jpg— У рамках праекта “Живой уголок” у нас выступілі больш за 30 музыкантаў і калектываў, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік музея Азгура Дзмітрый Міхееў. — Леанід запрашаў таленавітых музыкантаў з усёй Беларусі — электронная музыка, блюз, рок, аўтарская песня, фальклор — але тых, хто стварае нешта арыгінальнае, незвычайнае, і хто не ўпісваецца ў тое, што завецца камерцыйнай музыкай. Кагосьці праект нават адкрываў, многім даваў рэдкую магчымасць сустрэцца з публікай. Мы ведалі, што ў Леаніда бездакорны музычны густ, і нашы творчыя падыходы супадалі. Бо музей па сваёй прыродзе таксама цягнецца да сучаснага альтэрнатыўнага мастацтва, і на нашай творчай пляцоўцы было самае месца гэткім жа альтэрнатыўным музыкантам, якіх збіраў і песціў Леанід Нарушэвіч.

Дарэчы, назва “Живой уголок” была прыдумана з доляй гумару і іроніі. Яе асноўны сэнс быў нават не ў тым, што ўсё іграецца ўжывую, а ў тым, што падобная некамерцыйная, “разумная” музыка насуперак усяму ў нас існуе, жыве, і што такіх творцаў многа і яны вартыя быць пачутымі. Іван Пачывалаў, Аляксандр Цыганок, Sinie gory, Міхей Насарогаў, гурт “Ліцвіны”, шматлікія электронныя музыканты, фестывалі “Імпралета” і “Канатоп-блюз” — усё не пералічыш. Скончыўся праект праграмай, у якой Нарушэвіч аб’яднаў мінскую групу “Morkvoцвет” і музыканта з Гродна Яўгена Кучмейна, што выступае пад назвай “.К/tochka K”.

А іх, сапраўды, нягледзячы на рознасць творчых манер, можна аб’яднаць — гэта маладыя людзі, якія самі пішуць песні, самі спяваюць і самі іграюць, але якія выходзяць далёка за межы традыцыйнай песні і ствараюць на яе падставе многасастаўны інструментальна-вакальны твор з выкарыстаннем проста адной ці дзвюх гітар. Першая палова канцэртнай праграмы была аддадзена праекту “Morkvoцвет”, аснова якога — Павел Рыжкоў і Яўген Белановіч. Самі музыкі — дарэчы, з кансерваторскай адукацыяй — свой стыль называюць бард-корам: ад бардаў тут — аўтарскія песні, ад кансерваторыі — бліскучае валоданне інструментамі і кампазітарскі, амаль акадэмічны падыход, усё разам — своеасаблівы арт-рок і авангард. Група “Morkvoцвет” удзельнічала ў многіх фестывалях, атрымлівала ўзнагароды — у тым ліку і за свой дэбютны альбом “Брешь”. Неўзабаве ў калектыву выходзіць другая пласцінка.

Другі герой апошняга “Живого уголка” — Яўген Кучмейна з Гродна, ён жа “tochka K”. У яго, дарэчы, таксама на падыходзе новы альбом, трэці ў дыскаграфіі. А дэбютаваў на шырокую публіку “tochka K” альбомам “УніСон” у 2017-м годзе — малады настаўнік гісторыі Яўген Кучмейна тады працаваў па размеркаванні ў вёсцы пад Гродна і там жа сам-насам запісаў пласцінку, якая імгненна звярнула на сябе ўвагу крытыкаў і меламанаў і мела надзвычай добрыя водгукі. Праект існуе ў фармаце one-man band, яго адрознівае пазнавальны музычны почырк: ізноў жа аўтарская песня якая і не песня, а спектакль з розных гукаў, слоў і мелодый — гэта называюць і псіха-фолкам, і індзі, часта гучыць слова “шаманізм”. Колішні настаўнік гісторыі зараз працуе гукарэжысёрам у гарадскім Доме культуры ў Гродне, і гуртуе вакол сябе гэткіх жа цікавых і сучасных творцаў.

Дарэчы, больш за сто чалавек, якія нейкім чынам умесціліся ў невялічкую выставачную залу музея Азгура, слухалі канцэрт проста зачаравана і потым бурна дзяліліся эмоцыямі. “Живой уголок” быў апошнім, але музей, канешне, працягне ладзіць выступленні музыкантаў ужо ў іншым фармаце.

Леаніда Нарушэвіча многа згадвалі і праз некалькі дзён — у межах фестывалю “Дах ХХХІІІ” прайшоў вялікі канцэрт яго памяці. “Дах” -фестываль эксперыментальнага мастацтва, і “Князь Мышкін”, натуральна, з года ў год удзельнічаў у імпрэзах “Даха”. Мерапрыемства адбылося ў прасторы Оk16 у Мінску сярод палотнаў мастака Алеся Родзіна, і спіс музыкантаў, што ў гэты вечар былі на сцэне, мог захапіць любога меламана, заканчвалася праграма выступленнем Minsk improvisers orchestra. А слухачоў было зусім няшмат, проста мала — вялізная і амаль пустая выставачная зала ў гэты суботні вечар была з двух бакоў заціснутая вясёлымі натоўпамі — на адным рагу вуліцы Кастрычніцкай праходзіў шумны фестываль піва і сідра з рэгі-музыкай, на другім — на стадыён “Дынама” збіраўся 35-тысячны натоўп на канцэрт Макса Каржа. “Але гэта нармальна, — кажа Юрый Паўлоўскі, які на пачатку 90-х і пачынаў разам з Нарушэвічам праект “Князь Мышкін”, а цяпер іграе ў гурце “Троіца”. — Ва ўсім свеце тое, што потым выходзіць на стадыёны, нараджаецца спачатку ў андэграундзе і эксперыменце, падпітвае і мацуе будучы мэйнстрым. І Лёня быў такой крыніцай энергіі для многіх”.

Сабраў музыкантаў на вечар памяці яшчэ адзін удзельнік “Князя Мышкіна” Віктар Сямашка, які таксама звяртае ўвагу на тое, наколькі Леанід Нарушэвіч быў творча шчодрым: “Ён думаў не толькі пра сябе — яму было цікава ствараць менавіта асяроддзе аднадумцаў, паказваючы прыклад таго, як можна жыць у музыцы і ў творчасці. Калі ўзяць нейкую сістэму каардынат у мастацтве, то Леанід займаў самую крайнюю ступень самарэалізацыі аўтарскага выказвання. Яго ролю ў нашай культуры яшчэ трэба асэнсаваць. Як звычайна бывае, з цягам часу шалупінне адсеецца, і застануцца толькі тыя, хто вылучаўся з астатніх. Леанід Нарушэвіч, безумоўна, з іх ліку. Ён не проста развіваў і ствараў беларускае мастацтва — ён рассоўваў яго межы”.