На цеплаходзе музыка іграла

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

Днямі на шлюзе Дамброўка ў 19-ты раз прайшоў абласны адкрыты фестываль “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў”. Галоўны бібліятэкар па інфармацыйна-бібліяграфічнай рабоце Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Вольга Гулеўская распавядае “К”, што аніматары і самадзейныя калектывы з Літвы, Польшчы і Беларусі ўцягвалі людзей у творчы інтэрактыў, усе разам спявалі ды танцавалі.

/i/content/pi/cult/760/16433/avg-(9)-S.jpg

Фестываль на шлюзе Дамброўка.

Слухачы з гледачамі канцэнтраваліся не толькі ля сцэны, але і побач з ганчарамі і вышывальшчыцамі, якія прапаноўвалі майстар-класы па вырабе гладышаў і ўпрыгожванні сурвэтак. Ахвотных паспрабаваць свае сілы ў рамесніцтве было шмат. А можна было і танцаваць навучыцца.

Бібліятэкары Гродзенскага раёна ў баку не заставаліся. Супрацоўнікі інфармацыйна-бібліятэчнага аддзела Раціцкай сельскай бібліятэкі і Сапоцкінскай гарпасялковай бібліятэкі арганізавалі чытальную залу пад адкрытым небам ды з красамоўнай назвай “Кніга будуе масты сяброўства”.

А па канале курсіраваў цеплаход. Да поўдня ён паспеў зрабіць адзінаццаць рэйсаў. Падчас кожнага прыгажосцю прыбярэжных краявідаў любавалася паўсотні чалавек.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"