Соты сезон Купалаўскага

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

3 верасня традыцыйнай “Паўлінкай” адчыняе соты сезон Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. 21-га верасня ў Аляксандраўскім скверы з нагоды юбілейных урачыстасцяў гараджан чакае тэатралізаваны open-air, у працы над якім задзейнічаны мастак Руслан Вашкевіч. Ды ўвесь год публіку чакаюць выдатныя цікавосткі.

/i/content/pi/cult/760/16432/pages-2-3-copy-2-S.jpgСёлета тэатр абяцае вялікі гастрольны тур па краіне. Акцёраў ужо чакаюць у Гомелі, Гродне, Слоніме, Баранавічах, Маладзечне, Бабруйску, Салігорску. Кола прыхільнікаў купалаўцы збіраюцца павялічваць за кошт відэатрансляцый: намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 Антон Бладзік паабяцаў выпусціць у прамы эфір 11-ць пастановак тэатра. 21 верасня гэты праект стартуе з паказу ў прамым эфіры на Voka TV “Радзіва “Прудок” Рамана Падалякі.

Дарэчы, спадар Падаляка распачынае працу над новым спектаклем: на Камернай сцэне напрыканцы года выйдзе вербацім “Адзін” паводле аднайменнай п’есы, напісанай Раманам Падалякам і Міхаілам Зуем. Да таго пачынаючы рэжысёр запускае праект “Тэатр+літаратура”, у рамках якога будуць праводзіцца літаратурныя чыткі і ставіцца эскізы паводле актуальных беларускіх кніг.

На вялікай сцэне мастацкі кіраўнік тэатра Мікалай Пінігін рэпеціруе “Караля Ліра” з Віктарам Манаевым у галоўнай ролі. Сцэнаграфію да спектакля стварае вядомая маладая мастачка Кацярына Шымановіч. Закрыццё сезона купалаўцы збіраюцца адзначыць аднаўленнем легендарнай пастаноўкі “Тутэйшыя”. Праўда, сам спадар Пінігін сумняваецца, што можна будзе дасягнуць фурору, які меў арыгінал: усё ж нельга аднавіць гістарычную атмасферу пачатку 1990-х ды і зорны акцёрскі склад тых часоў не вярнуць на сцэну.

У планах таксама пластычная пастаноўка “Мой Шагал”, якую беларускім гледачам у студзені 2020-га года прадставіць вядомы расійскі рэжысёр Сяргей Зямлянскі. З “Пінскай шляхтай” купалаўцы выправяцца ў Беласток, а са спектаклем “Ураджай” паводле п’есы Паўла Пражко — у Парыж.

— Вядучымі для нас на працягу 100-га тэатральнага сезона будуць тры словы — гісторыя, сучаснасць і будучыня. Нам ёсць чым ганарыцца ў гісторыі Купалаўскага тэатра, нам ёсць што прадставіць на высокім творчым узроўні ў сучаснай дзейнасці, і на падставе гэтага і праз гэта мы пракладаем перспектывы і ствараем асновы для будучага развіцця Купалаўскага, — раскрывае канцэпцыю 100-га сезона генеральны дырэктар Павел Латушка.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"