1000-годдзе пачынаецца з “…Вежы”

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

8 верасня ў Брэсце адкрываецца ХХІV Міжнародны тэатральны фестываль “Белая вежа”. Цягам тыдня на пяці пляцоўках будуць паказаны 28 спектакляў з 13-ці краін свету: Арменіі, Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Грузіі, Літвы, Казахстана, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі і, вядома, Беларусі. Ды ўсё ж галоўная асаблівасць сёлетняга фэсту — яго “ўпісанасць” у святкаванні 1000-годдзя Брэста. Ці не згубяцца сур’ёзныя спектаклі на яркім карнавальным фоне?

Арганізатары на чале з мастацкім кіраўніком Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Аляксандрам Козакам упэўнены, што фестывальная праграма стане ўдалым дапаўненнем да шырока разгорнутых святочных мерапрыемстваў, падкрэсліць яркі сучасны складнік культуры старажытнага горада.

На мой погляд, яшчэ адна сёлетняя асаблівасць — у фестывальнай пераемнасці. Летась у рамках “Белай вежы” ўзнікла размаітая дзіцячая праграма, якую любоўна ахрысцілі “Белавежкай”. Сёлета яна адмежавалася ў Першы Міжнародны фестываль тэатраў і кніг “Кніжная шафа”, што пройдзе 6 — 8 верасня, на базе новага будынка Брэсцкага тэатра лялек. Апошні спектакль гэтага фэсту адбудзецца за паўтары гадзіны да ўрачыстага адкрыцця “Белай вежы” — і праз некалькі дзён будзе на ёй паўтораны, звязаўшы абодва фестывалі нават на ўзроўні праграмы. Такая пераемнасць вельмі важная ў мастацкай практыцы, бо тэатральную публіку трэба выхоўваць змалку і рабіць гэта паслядоўна, без перапынку на падлеткавы ўзрост. Усяго ў “Кніжнай шафе” — не паверыце, больш за 30 спектакляў, некаторыя з якіх атрымаюць па два паказы. Такая колькасць стала магчымай, бо задзейнічаны ажно чатыры залы тэатра лялек.

Што ж да “Белай вежы”, дык ёй да тэатральных “сеансаў адначасовай ігры” не прывыкаць: падобная форма прыжылася тут здавён. Як і надзвычай разнастайная жанравая палітра, сярод якой сёлета будзе нават балет “Стварэнне свету” Андрэя Пятрова — не з харэаграфіяй нашага Валянціна Елізар’ева, да якой кампазітар дапісваў новыя музычныя фрагменты, а ў першапачатковай версіі Маскоўскага класічнага балета, якая не пакідае светлага камедыйна-парадыйнага рэчышча. Сярод беларускіх удзельнікаў гэтага буйнога форуму ёсць не толькі гаспадары: Брэсцкі тэатр драмы з нядаўняй прэм’ерай “Сярожа вельмі тупы”, тэатр лялек — з “Новай зямлёй”. Нацыянальны тэатр імя Якуба Коласа прывязе з Віцебска “Сымона-музыку”. Магіляўчане — два спектаклі: лялечны “Самы маленькі самалёт на свеце” і драматычны “Жоўты пясочак” паводле Васіля Быкава. Сталічная тэатральная прастора будзе прадстаўлена незвычайным гогалеўскім “Віем” майстэрні “Студыёзы” Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Цікавостак чакаецца — безліч! У тым ліку, аўдыё-тактыльны дзіцячы спектакль “Сябры Фядоры” з Казахстана, вечар-канцэрт Уладаса Багдонаса з Літвы, монаспектакль Канстанціна Райкіна і шмат чаго іншага.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"