Спорт і культура крочаць поруч

№ 32 (850) 09.08.2008 - 15.08.2008 г

Карэспандэнты “К” цягам перадалімпійскага тыдня таксама рыхтаваліся да пекінскіх падзей, імкнучыся пазнаёміць чытачоў з апошнім этапам падрыхтоўкі — прычым не толькі ўласна спартыўным, але і культурным, мастацкім, інфармацыйным — і першымі ўражаннямі спартсменаў ад гасціннага Пекіна перад найважнейшым стартам чатырохгоддзя. У нумар — хроніка падрыхтоўкі і старту XXIX летніх Алімпійскіх гульняў у Пекіне.

Шчаслівая “васьмёрка”

Пачатак урачыстай цырымоніі адкрыцця XXIX летніх Алімпійскіх гульняў прызначаны на восем гадзін вечара, а сам агонь мусіў запаліцца, паводле задумы арганізатараў, праз 8 хвілін і 8 секунд ад пачатку, каб моц “васьмёрак”, як сведчыць павер’е, надзяліла міжнароднае спартыўнае братэрства шчасцем і поспехам.

Добрым знакам у гэтым кантэксце можна лічыць тое, што беларускай дэлегацыі ў Алімпійскай вёсцы дастаўся будынак пад лічбай “8”. Гэтая акалічнасць прынесла нашай зборнай дадатковую ўпэўненасць у тым, што на пляцоўках галоўнага старту дзесяцігоддзя спартсмены здолеюць праявіць сябе “на ўсе сто”.

 /i/content/pi/cult/172/1643/Sport.jpg
Натуральная калекцыя

На галоўны стадыён Алімпіяды беларуская каманда выйшла ў параднай форме, распрацаванай дызайнерам Уладзімірам Булгакавым. Між іншым, нашы алімпійцы шосты раз дэманструюць сябе ўсяму свету ў адзенні, распрацоўкай якога займаўся Булгакаў (сёлета — разам з канструктарам Таісай Зуевай). Адметнасцю калекцыі стала натуральнасць і “беларускасць” тканін. Як зазначаюць у Нацыянальным алімпійскім камітэце, раней для пашыву часткова выкарыстоўваліся штучныя тканіны. Лён браць баяліся, бо ён, як вядома, вельмі мнецца. Да пекінскіх спаборніцтваў тэхнолагі нарэшце змаглі пазбавіцца гэтай заганы. Адзначым, што беларуская форма таксама мае “алімпійскія” ўзнагароды: пад час зімовых Гульняў у Нагана яе, упоравень з французскай і італьянскай, прызналі найлепшай.

Над іміджам нашай зборнай сёлета працавала вялікая каманда дызайнераў. Эскізы паўсядзённых строяў рыхтавалі ў Беларускім цэнтры моды. Тэндэр на падрыхтоўку спартыўнага “абмундзіравання” выйгралі кітайскія дызайнеры.

Калі ў нашым “Доме” свята…

Другі раз у гісторыі летніх Алімпійскіх гульняў адчыніў дзверы “Беларускі дом” (упершыню падзея адбылася ў Афінах), арганізаваны пры Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Мяркуецца, што ён стане месцам сустрэч нашых спартсменаў, а таксама прадстаўнікоў алімпійскіх дэлегацый іншых краін. У адрозненне ад Грэцыі, “Беларускі дом” у Пекіне набудзе яшчэ і новую функцыю — забаўляльнага цэнтра.

Адзін крок да культурыі асветы

У Алімпійскай Хартыі адзначана, што алімпізм павінен спалучаць спорт з культурай ды асветай. Міжнародны алімпійскі камітэт звярнуўся да НАКаў, каб тыя развівалі шчыльнае супрацоўніцтва паміж светам спорту і светам мастацтва.

Напярэдадні Гульняў у Беларусі прайшло некалькі творчых конкурсаў. У нацыянальным этапе конкурсу “Алімпійскі спорт і мастацтва-2008” дыпломы першай ступені атрымалі Дзяніс Чубукоў (жывапіс) і Вольга Кісель (скульптура), другое месца заняў Вадзім Піліпенка, дарэчы, не прафесійны скульптар, а трэнер спартыўнай школы “Дынама”.

Упершыню беларускі НАК заснаваў песенны конкурс, у беларускім нацыянальным этапе якога аказаўся цэлы россып пераможцаў. Дыск з трэкамі магіляўчанкі Аліны Мошчанка, бабруйчаніна Вадзіма Санаценкі, вядомых выканаўцаў Альберта Скарахода і Анатоля Длускага разам з творамі пераможцаў мастацкага конкурсу прадставілі Беларусь на міжнародным фінальным этапе.

Медалі — у эфіры!

Ніводзін медаль нашай зборнай не застанецца па-за увагай беларускіх тэлегледачоў: у прэс-службе Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі запэўнілі, што традыцыйна ў эфір трапяць тыя спаборніцтвы, дзе ўдзельнічаюць беларусы, а таксама — найбольш відовішчныя віды спорту. Яшчэ на пачатку тыдня спецыяльная група Белтэлерадыёкампаніі на чале з Уладзімірам Шпітальнікавым разгарнула ў Пекіне ўласную мабільную студыю. Не абыдзецца без традыцыйных “дзённікаў” Алімпіяды і, вядома ж, рэпартажаў у выпусках навін Першага канала. Пабачыць ключавыя моманты Гульняў можна будзе штодня і на тэлеканале “ЛАД” у аглядавай праграме. Усяго ў тэлеэфіры чакаецца больш 200 гадзін спаборніцтваў. Прыхільнікі “шырокага экрана” змогуць назіраць тыя баталіі на святлодыёдным экране каля Палаца спорту.

Для самых гарачых заўзятараў падрыхтаваны добры падарунак: свае пажаданні і словы падтрымкі беларускім алімпійцам можна ўжо сёння накіроўваць на афіцыйны сайт Белтэлерадыёкампаніі, які дасць магчымасць нашым спартсменам у Пекіне адчуць падтрымку землякоў. Лепшыя з лістоў абяцаюць зачытаць ў эфіры Першага. Адкрылі ж тэлеэстафету пажаданняў нацыянальнай зборнай вядомыя палітыкі, дзеячы культуры і мастацтва.

Матэрыялы паласы падрыхтавалі
Настасся ПАНКРАТАВА, Сяргей ТРАФІЛАЎ, Юрый ІВАНОЎ