Опера па-пекінску

№ 35 (1422) 31.08.2019 - 06.09.2019 г

Першыя дні верасня будуць пазначаны ў Мінску ўсходняй тэматыкай: тут адбудуцца Дні культуры Кітая, цэнтральнай падзеяй якіх стане паказ спектакля “Ваяўніцы сям’і Ян” Кітайскага дзяржаўнага тэатра Пекінскай оперы на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларусі.

/i/content/pi/cult/760/16429/Pekin1.jpgАрганізатарамі падзеі выступаюць Міністэрства культуры і турызму Кітая, Пасольства КНР у РБ, Міністэрства культуры Беларусі. Асаблівасць сёлетніх Дзён культуры яшчэ ў тым, што яны праходзяць у перадпачатку 70-годдзя з дня ўтварэння Кітайскай Народнай Рэспублікі і традыцыйнага кітайскага Свята сярэдзіны восені.

Пекінская опера абрана для паказу невыпадкова: яна занесена ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА і з’яўляецца адным з самых запатрабаваных брэндаў кітайскай культуры. Каб больш падрабязна пазнаёміць жадаючых з дадзенай мастацкай з’явай, напярэдадні спектакля “Ваяўніцы сям’і Ян”, а менавіта 1 верасня, у Кітайскім культурным цэнтры ў Мінску пройдзе прысвечаная гэтаму лекцыя. Абяцаюць, што гэта будзе не простая размова пра паходжанне пекінскай оперы, размеркаванне ў ёй роляў і майстэрства артыстаў: сустрэча будзе суправаджацца выступленнямі ўдзельнікаў спектакля і інтэрактывам гледачоў.

Але ж, вядома, ніякая лекцыя, ніякія відэапрагляды і папярэднія стасункі не змогуць замяніць уражанняў ад жывога прагляду спектакля. 2 і 3 верасня зала нашага Вялікага тэатра напоўніцца не самымі звыклымі для беларускага вуха гукамі. А вось сюжэт, пры ўсёй яго скіраванасці да кітайскіх гістарычных рэалій і міфалогіі, можа быць аднесены да артхетыповых. У сям’і Ян гінуць мужчыны-ваеначальнікі. Дык што, народ будзе мусіць здацца? Не, іх месца вырашаюць заняць удовы адразу трох пакаленняў ваяроў.

Як бачыце, некаторыя перазовы ў гэтым аповедзе можна знайсці не адно з гісторыяй кітайскай дзяўчыны Мулан, якая пайшла ў войска замест свайго старога бацькі, але і з французскай Жаннай д’Арк, з расійскай Надзеяй Дуравай, подзвіг якой стаў падставай таксама для мноства самых разнастайных твораў і, у тым ліку, для аднайменнай оперы беларускага класіка Анатоля Багатырова. А наша Анастасія Слуцкая і, адпаведна, балет “Анастасія” Вячаслава Кузняцова — хіба не пра такі ж патрыятычны парыў жанчыны-ваяра? Дадайце сюды подзвігі жанчын на франтах Вялікай Айчыннай, помнікі, дзе жанчына, трымаючы меч, становіцца сімвалам Радзімы і яе абароны.

Што ні кажыце, а падобныя культурныя абмены заўжды становяцца штуршком для развіцця нацыянальнай культуры, бо даюць глебу не проста для параўнанняў, а для больш глыбокага, удумлівага, асэнсаванага ўсведамлення сваіх уласных нацыянальных рысаў.

Шмат цікавага абяцае і знаёмства з асаблівасцямі ўласна пекінскай оперы, з тым, як традыцыйная кітайская культура ўвасабляецца ў сучаснасці. Зразумела, каб спазнаць гэта напоўніцу, давядзецца паехаць у Кітай. Але першым крокам можа стаць паход у наш Вялікі тэатр.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"