Народжаны ля Вострай Брамы

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

Падчас шлюбу не надта тады вядомага журналіста Аляхновіча і яго маладзенькай абранніцы ў старадаўнім бернардынскім касцёле сабраўся цэлы россып знакавых для віленскай інтэлігенцыі асоб. Што і нядзіўна, бо наш будучы класік — сапраўдны віленчук. Адзін са сведкаў — Адольф Наркевіч, які паходзіў са жмудскай шляхты — у будучыні стаў галоўным лекарам віленскага ваяводства. Ажаніўся ён з Ганнай з Умястоўскіх — роднай сястрой Францішка Умястоўскага, якога, у сваю чаргу, біёграфы называюць стрыечным братам Аляхновіча.

/i/content/pi/cult/759/16427/1E9807AD-1B95-4BAD-9F3_opt.jpegМагчыма, чалавеку не надта абазнанаму прозвішча “Умястоўскі” нічога і не скажа. Але ж даследчык адразу “навострыць вушы”. Гэта ж той самы “Дзядзька Пранук” — выдавец першай легальнай беларускай газеты “Наша доля”! Ёсць звесткі, што менавіта Умястоўскі канчаткова павярнуў Францішка Аляхновіча тварам да беларушчыны!

Іван Кеўліч — гэта, падобна, віленчук Ян Кеўліч, сын Юзафа і Міхаліны з Карэйваў. Таксама асоба вартая ўвагі. Нарадзіўся ён у Вільні ў 1882 годзе. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце на хімічным факультэце.У 1909 годзе быў дырэктарам віленскага газавага завода. А да таго часу паспеў заснаваць гарадскі Навукова-даследчы інстытут харчавання. Фактычна, усё жыццё прысвяціў навуцы! І жыццё яму лёс адмераў доўгае: памёр ён у Гданьску ў 1968 годзе, нашмат перажыўшы ці не ўсіх сяброў маладосці.

У надзеі на амністыю

Першы шлюб будучага драматурга быў нядоўгім. Папрацаваўшы журналістам у віленскіх газетах, Аляхновіч рашыўся на аванцюру: пачаў рэдагаваць польскамоўны гумарыстычны тыднёвік Perkunas. Для Вільні гэта быў тагачасны Charlie Hebdo — журналісты не надта цырымоніліся ні з зямнымі ўладамі, ні з нябеснымі. Як вынік — абвінавачванне адразу і ў “стремлении к ниспровержению существующего строя”, і ў блюзнерстве. Ратуючыся ад пакарання, рэдактар быў вымушаны з’ехаць у Аўстра-Венгрыю, дзе прыбіўся да вандроўнай тэатральнай трупы (варта нагадаць, што папярэдне Францішак атрымаў у Варшаве акцёрскую адукацыю) і падарожнічаў з ёю па украінскіх ды польскіх гарадах і мястэчках.

Праз тры гады, у 1913-ым, ён вярнуўся — у надзеі на амністыю. Але дарэмна: неўзабаве царскія ўлады пасадзілі Аляхновіча ў вязніцу тэрмінам на год. Аказалася, што амністыя, якая датычылася “дзяржаўных злачынцаў”, на артыкул “Блюзнерства” не распаўсюджваецца.

Так Францішак апынуўся ў знакамітай турме на Лукішках. Але ліха без дабра не бывае: нудзячыся ў камеры, ён усур’ёз захапіўся драматургіяй. Так з’явілася яго першая вядомая нам п’еса “На Антокалі”, якую Францішак спярша напісаў на польскай, а потым пераклаў на беларускую.

Дадамо яшчэ, што гісторыя “блюзнерства”, а таксама шмат новых і цікавых фактаў з жыцця Аляхновіча падрабязна апісаны ў публікацыі Зяновіўша Панарскага “Францішак Аляхновіч — выдавец, рэдактар, публіцыст” (1996).

Зразумела, што ўсе гэтыя прыгоды зусім не спрыялі захаванню сям’і. І шлюб, які так прыгожа пачынаўся, у хуткім часе распаўся, не вытрымаўшы ўсіх выпрабаванняў.

“Згубіла пані ружы”

/i/content/pi/cult/759/16427/24.JPGДругі шлюб Францішка Аляхновіча адбыўся ў 1918 годзе (падобна, што летам), прычым ягонай абранніцай гэтым разам стала дачка падляшскага банкіра — Станіслава Окалаў-Зубкоўская. Сын класіка Юрый Аляхновіч у сваім інтэрв’ю беластоцкаму Czasopis так падаў гэтую гісторыю: “З таго, што памятаю, знаёмства было даволі арыгінальным. Маці ішла па вуліцы, і раптам нехта яе спыніў, кажучы “Згубіла пані ружы”. Бацька падараваў ёй ружы, і так пачалося іх знаёмства. Маці нарадзілася у 1889 г. ў Абелях на Літве, хоць сям’я паходзіла з Падляшша. Шлюб бралі ў кальвінскім касцёле, хаця абодва былі каталіцкага веравызнання. Але бацька быў раней жанаты, таму не мог браць другі раз шлюб у рыма-каталіцкім касцёле.

Шлюбаваў іх пастар Астахевіч (калі добра памятаю ягонае прозвішча). З таго шлюбу нарадзілася дачка Ганна, але праз паўгады памерла (у 1919) і была пахаваная на бернардынскіх могілках у Вільні. Пасля вайны тая магіла яшчэ была. Я наступны па чарзе нарадзіўся — 21 сакавіка 1921 года ў Пецяргофе”.

Адкуль жа з’явіўся ў гісторыі роду гэты горад? Як вынікае з таго самага матэрыялу, мама выправілася туды да сваёй сястры Ганны Сасніцкай: “Загадзя выехала з Вільні, геапалітычны лёс якой быў няпэўны”.

А што ж робіць у гэтыя няпростыя гады галава сям’і? Ён, па словах сына, “кружляў паміж Вільняй і Менскам. Быў у тыя часы моцна заангажаваны ў будаўніцтва беларускай незалежнасці і культуры”. Можна яшчэ дадаць, што гэта быў надзвычай плённы перыяд у ягоным жыцці — прынамсі, творчым. Піша новыя п’есы, рэдагуе газету “Беларускі звон”, урэшце, стварае свой тэатр… На сям’ю часу, пэўна, хранічна бракавала.

Але ўрэшцэ яна злучаецца. У 1923 годзе жонка і сын нейкім цудам вяртаюцца з Савецкай Расіі ў Вільню і селяцца ў раёне Антокаль — у доме Замбрыцкіх, што ля самай плошчы святых Пятра і Паўла са знакамітым сваім убранствам касцёлам. Там з’яўляецца на свет другі сын — Казімір. Але бацька ўсё яшчэ не знаходзіць спакою. Чым далей тым болей расчароўваючыся ў польскіх уладах, ён апантаны шалёнай думкай — эміграваць у Савецкую Беларусь, дзе квітнее нацыянальны тэатр і наогул культура. Наўрад ці жонка падтрымлівала ягоныя памкненні.

Як вядома, вольным грамадзянінам БССР Аляхновіч пабыў ажно дзесяць дзён — якім наступствавалі сем гадоў пакутаў. Найвыбітныя дзеячы беларускай культуры — Купала, Колас, Гарэцкі ды многія іншыя — спрабавалі за яго заступіцца. Але безвынікова: людзі пры ўладзе іх не паслухалі.

А па той бок мяжы за арыштаванага ГПУ Аляхновіча горача ўступіўся і колішні сведка на ягоным вяслеллі — вядомы на той час віленскі лекар Адольф Наркевіч. І ў немалой ступені драматург абавязаны сваім вызваленнем з ГУЛАГу у 1933 годзе менавіта яму.

Тады, праз сем гадоў, і здарыўся той вядомы ўсім эпізод, калі Аляхновіча памянялі на ўвязнёнага ў Польшчы Браніслава Тарашкевіча. Пры кароткай сустрэчы на дзяржаўнай мяжы Францішак яго з сумнай усмешкай запытаў: “Куды ж ты, братка, ідзеш?”. І як у ваду глядзеў…

Сам жа ён рушыў у Вільню, да сваёй сям’і. Аднак адносіны з жонкай да таго часу канчаткова разладзіліся. Доўгая адсутнасць Францішка прывяла да таго, што пасля ягонага вяртання яны жылі асобна. Не дапамаглі нават захады доктара Наркевіча, які вельмі намагаўся іх паяднаць.

Цікава, што кнігу “7 год у кіпцюрах ГПУ” Францішак Аляхновіч прысвяціў менавіта яму — свайму вызваляльніку і добраму сябру.

Як жа склаўся ягоны лёс? Яшчэ адзін сябра лекара — навуковец і грамадска-палітычны дзеяч Міхал Ромэр — напісаў у сваіх успамінах, што ў 1941 годзе, у пачатку сакавіка, Наркевіча ў Вільні арыштавалі савецкія ўлады, і след ягоны абарваўся.

Трэці шлюб: яшчэ адна загадка

Той самы Міхал Ромэр ў сваім дыярыўшы некалькі разоў згадвае трэцюю жонку Францішка Аляхновіча, якой давялося перажыць забойства мужа і правесці яго ў апошні шлях.

На жаль, імя яе пакуль невядома. Ажаніліся яны недзе увёсну 1943 года. Новая жонка была “радавітай”, як і Станіслава, яна паходзіла з Падляшша, з ваколіцаў Ломжы (Мазуры). Шлюб адбыўся пасля таго, як Францішак Аляхновіч дамогся грамадзянскага разводу з папярэдняй жонкай.

Вось такая атрымалася гісторыя, і яна яшчэ чакае свайго аўтара. Каб увасобіцца ў манаграфію, якая б ахапіла не толькі творчую спадчыну Францішка Аляхновіча, але і радавод ды гісторыю яго сям’і. Пагатоў, асновай для яе могуць стаць ужо надрукаваныя шыкоўныя ўспаміны ягонага сына Юрыя (памёр у 2008 годзе), якія і самі па сабе вартыя выдання асобным томам.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар