Руся: “Я зразумела, чаго хачу ад жыцця”

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

Вакалістка гурта Shuma, вакалістка гуртоў Kazalpin, Akana NHS ці Indiga — такіх вызначэнняў для Русі замала. Яе кароткае сцэнічнае імя ўжо само па сабе брэнд — мноства праектаў, сумесных прац, прэмій і ўзнагарод. Яшчэ ў 2003-м Indiga перамагла на “Басовішчы”, у 2015-м званне лепшага альбома Беларусі атрымала дэбютная пласцінка Shuma, сёлета кліп Shuma стаў лаўрэатам Берлінскага фестывалю музычнага відэа. Руся прыцягвае ўвагу і ў музыцы, і па-за музыкай — у яе хапае заняткаў, якія маюць розгалас у публічнай прасторы. І нават нараджэнне дзіця не запаволіла хуткі рух. У самы бліжэйшы час на свет з’явіцца трэці альбом Shuma з назвай “Me, mother”, які сама артыстка лічыць лепшым у кар’еры гурта.

/i/content/pi/cult/759/16424/21.JPGКаб падтрымаць інтэлект

— Здавалася, што праект Shuma пастаўлены на паўзу — вакалісткі ў дэкрэтным адпачынку. Аказалася, што нарадзіліся не толькі дзеці, але і альбом.

— Усё здарылася па волі лёсу. З Надзяй Чугуновай, з якой працуем у Shuma і беларуска-швейцарскім праекце Kazalpіn, колькі вандравалі па свеце, столькі ў кожным стрэчаным храме, капліцы, ля Сцяны Плача ці іншым месцы заўсёды ставілі свечкі, клалі запіскі і прасілі вышэйшыя сілы дапамагчы нам здзейсніць нашу мару — стаць мамамі. І яшчэ хацелі нарадзіць у адзін год дзяўчынак, каб і тыя потым між сабой сябравалі. Вось так і здарылася — з розніцай у адзін месяц мы нарадзілі дачок. Надзя зрабіла свайму мужу падарунак на Дзень усіх закаханых і дала дачцэ імя самай рамантычнай спявачкі — Адэль. А мне неаднойчы снілася, што мая будучая дачка хоча, каб ёй далі імя Ая. Потым я высветліла, што ў персідскай культуры (а ў мяне ёсць іранскія карані) гэтае імя мае некалькі прыгожых значэнняў — напрыклад, светлая, першая дачка, свет Месяца і гэтак далей. Так што сумненняў не было.

А калі мы былі цяжарнымі, то начыталіся рознай медыцынскай літаратуры: маўляў, у будучых маці арганізм змяняецца настолькі, што інтэлект зніжаецца. І адразу западозрылі ў сябе нейкую інтэлектуальную слабасць. Таму я прапанавала запісаць песенную праграму, проста каб заняцца нейкай разумовай працай — бо гэта ж трэба развучваць песні, працаваць над партыямі, рабіць апрацоўкі. Прыдумалі так, што будзем прыходзіць на студыю, гладзіць свае жывоцікі і спяваць ад душы — з памарачкамі, з памылачкамі, як мама спявае дзіцяці. У такіх выпадках кажуць пра “экалагічнае гучанне”, калі як праспявалі, так і пакінулі на запісе, — акустычная праграма без апрацовак голасу і выпраўлення нот. Жарт не жарт, але такім чынам падтрымалі свае інтэлектуальныя здольнасці (смяецца).

Дарэчы, там гучыць і мужчынскі голас, які нам спатрэбіўся на ролю “бацькі”, і наш сябар псіхолаг Аляксандр Янкялевіч паўдзельнічаў — калі трэба шаптаў, баюкаў, ці нейкія замовы прагаворваў. А ён вывучае шаманскія практыкі, бо лічыцца, што шаманы былі як цяперашнія псіхатэрапеўты.

— Мне здаецца, назву альбома “Me, mother” — “Я, маць” — можна ўспрымаць і як “маць-зямля, маць-прырода”…

 — Канешне, бо гэта ж архаічныя спевы, лічы ад прыроды. Там ёсць песня пра зямлю, там абярэгі і замовы. Shuma сабе не здраджвае і працуе толькі з фальклорным матэрыялам, па-ранейшаму лічыць сваёй задачай захоўваць народную культуру.

“Мамскі” альбом у стылі эмбіент

— У выніку ўсё роўна атрымаўся традыцыйны для вас электронны, а не акустычны альбом.

— Мы запісалі сваю “мамскую” акустычную праграму і аддалі нашаму саўндпрадзюсару Alexis Scorpio — Аляксею Карабейніку — каб ён паправіў розныя тэхнічныя моманты. І шчыра думалі, што будзем гэта слухаць самі і дарыць сваім знаёмым мамачкам. Аднак Аляксей так натхніўся, што не ўтрымаўся і пачаў дадаваць у нашы спевы сваю электронную музыку. Кажа, слухаў і думаў над тым, як гэта — быць бацькам, якая гэта адказнасць, якая гэта любоў і пяшчота. Сказаў, што яго проста накрыла, і ён пачаў тварыць — напоўніў нашы песні атмасферай чароўнасці ў стылі эмбіент, узбагаціў гукамі. У выніку разам з “экалагічным варыянтам” мы атрымалі і электронны, які і стаў альбомам “Me, mother”. Хоць мы яго і не планавалі, я лічу, гэта лепшы альбом Shuma, самая магутная наша праца.

/i/content/pi/cult/759/16424/22.JPG— Вы падбіралі нейкія спецыяльныя песні на тэму мацярынства? Наколькі твор аказаўся канцэптуальным?

— Я магу параўнаць яго з аўдыёфільмам, аўдыёспектаклем. Гэта такая лінейная гісторыя, якая распавядае пра розныя станы жанчыны, што рыхтуецца стаць маці. Канешне, і пра светлы бок, калі “ў мяне зефірка ў галаве, я іду па воблачку і люблю ўвесь свет”, і пра трывогу, паніку і нават нянавісць да сябе — карацей, увесь спектр эмоцый ад поўнага плюса да поўнага мінуса, ад ціхамірнасці да нейкага псіхалагічнага надрыву. Адну песню я выконваю надзвычай нізкім голасам, і яе нават страшна слухаць.

Там ёсць фрагменты калыханак, замоў, абярэгаў, ёсць дзіцячая лічылка. А ў прынцыпе мы ўзялі залатыя хіты фальклору, тое, што любім самі, бо запісвалі ж для сябе — “Еду я дарогаю”, “Ляцелі галочкі” з вясельнага абраду, “Адвярні, Божа, хмару” — гэта замова на дождж. Ёсць і жніўныя песні. Мы праспявалі іх максімальна мякка, быццам калыханкі. І там няма гэтай умоўнай квадратнай рытмічнай сеткі — бо мы ж спявалі ad libitum, як душа хацела. І таму Alexis аранжыраваў менавіта так, як мы спявалі, усё быццам дыхае і рухаецца.

Хто стварае электронную музыку

— Адзін з галоўных людзей у электроннай музыцы — гэта саўндпрадзюсар, які і стварае, уласна кажучы, музыку. Як у Shuma размяркоўваюцца ролі?

— Саўндпрадзюсар гэта і кампазітар, і аранжыроўшчык, і той, хто працуе з гукам — займаецца запісам, звядзеннем, саўндам. Shuma гэта  — я і Надзя Чугунова, Alexis Scorpio і Shumaboy, а для розных праектаў мы запрашаем да супрацоўніцтва розных людзей. Я прыношу ідэі, адбіраю матэрыял, прадумваю канцэпцыі, а Alexis Scorpio гэта ўсё рэалізуе ў музыцы. Аднак ён не вельмі любіць увагу да сваёй персоны — такі геній-інтраверт, які сядзіць дома і стварае, не хоча ні на сцэну выходзіць, ні з журналістамі размаўляць — проста не мае такіх амбіцый. А на канцэртах выступае і праграмуе яго музыку Аляксей Будзько — Shumaboy.

— Shuma — як праект досыць вядомы — з аднаго боку папулярызуе электронную музыку, а з другога — беларускі фальклор. І тое і тое — не музыка шырокіх мас.

— Так, Shuma выступае на фестывалях, гучыць па радыё, паказваецца па тэлебачанні. Дарэчы, многія здзіўляліся, навошта мы пайшлі ўдзельнічаць у адборы на “Еўрабачанне”, але пасля тых эфіраў у нас з’явіліся прыхільнікі сярод публікі, якая раней абсалютна не цікавілася электроннай музыкай. А асабліва для мяне каштоўна, што атрымліваецца дагрукацца да аматараў стылю, якія раней не звярталі ўвагі ні на мову, ні на народныя песні. Часта маладыя людзі з захапленнем кажуць: “Wow, гэта беларуская песня? А “качает” па сапраўднаму!”

— На ваш погляд, як справы ў беларускай электроннай музыцы?

— У нас многа таленавітых творцаў. Канкрэтна Shumа заняла нішу этна-электронікі — задала ў свой час гэты трэнд, і нехта нават пайшоў па нашых слядах. Але нямала электроншчыкаў застаецца ў цені: працуюць на Еўропу і Амерыку і ніяк не выяўляюцца на беларускім рынку, якога практычна няма. Мы раз-пораз запрашаем іх пасупрацоўнічаць з Shuma, каб асвяжыць гучанне. Колькасць аматараў падобнай музыкі пастаянна расце — можна паглядзець хоць бы на канцэрты фестывалю “Сияние” — вечарыны, якія ладзіць Аляксей Будзько: за тры гады існавання іх аўдыторыя вырасла да дзвюх тысяч чалавек. Так што і музыканты, і прыхільнікі ёсць, але саму нашу электронную сцэну вялікай не назавеш. Проста ў такой вузкай нішы музыкант сябе не пракорміць, і практычна ўсе нашы электроншчыкі — людзі, якія ходзяць на звычайную працу і паралельна займаюцца музыкай. У мяне ж таксама ёсць работа, якой я зарабляю на жыццё.

“Голас чыгункі” і педагог

— Усе ведаюць, што вы не толькі спяваеце, але з некаторага часу і агучваеце розныя абвесткі на беларускай чыгунцы. А яшчэ працуеце як педагог па “дызайне голасу” і сярод вашых кліентаў нават сур’ёзныя бізнесмены. Наколькі ў параўнанні з музыкай вам цікавыя і гэтыя заняткі?

— Я, здараецца, з іроніяй кажу, што можна дваццаць гадоў спяваць, выпускаць альбомы, атрымліваць прэміі, а праславіцца толькі тады, калі агучыш вакзалы. Я ганаруся гэтай сваёй працай, і вось з нядаўняга — ганаруся Брэсцкім аўтавакзалам, адзіным сярод аўтастанцый, які замовіў мне агучку на беларускай мове. І ганарары ў маёй кар’еры як педагога па маўленчай практыцы растуць менавіта дзякуючы таму, што я “голас вакзалаў”.

На сваіх трэнінгах я дапамагаю людзям раскрыць голас, навучыцца ім кіраваць — гэта не пра спевы, гэта пра здароўе, так бы мовіць. Я многае ўжо вывучыла і працягваю вывучаць — псіхалогію, сэксалогію, бо на голас уплываюць і псіхалагічны стан і сексуальныя праблемы. Была, напрыклад, і на курсах стваральніка НЛП Фрэнка Пьюсэліка, зараз вывучаю дзіцячую сексалогію. Маю сертыфікаты, дыпломы — усё даволі сур’ёзна.

— Вы адукаваны філолаг і перакладчык, спявалі ў самых розных праектах і ў самых розных стылях, працавалі журналістам: так бы мовіць, вагаліся і шукалі сваё месца. З чаго пачалося новае жыццё, калі ўсё стала атрымлівацца?

— Я перажыла вельмі складаны развод, і гэта прымусіла мяне зірнуць на сваё жыццё з іншага ракурсу. Выходзіць з цяжкага стану дапамагла псіхатэрапія, работа над сабой. Я пачала разумець, хто я такая на самай справе, чаго хачу ад жыцця. Карацей, разабралася з сабой, і жыццё наладзілася, а чаканні я перавяла ў дзеі: засяродзілася на музыцы, самапазнанні і самаразвіцці.

— Пры гэтым вы яшчэ і даволі часта ўдзельнічаеце ў праектах, звязаных з сацыяльным жыццём. Дый проста займаецеся самымі рознымі, падчас нечаканымі справамі.

— Я хварэю за жаночую тэму і тэму роўнасці, за правы абмежаваных у нечым слаёў: усе мы розныя, і ўсе маем права жыць. Кліп на песню “Хмаркі”, з якой мы прымалі ўдзел у нацыянальным адборы на “Еўрабачанне”, — не проста музычны, а сацыяльны ролік — меў вялікі розгалас у Еўропе і Амерыцы, атрымаў ужо 5 узнагарод і працягвае збіраць прэміі — што на фестывалях музычнага відэа, што на конкурсах кароткаметражных фільмаў ці сацыяльнага кіно. Самая высокая ўзнагарода — трэцяя прэмія на The Berlin music video awards, а гэта кшталту “Оскара” ў вялікім кіно: наш кліп
абыйшоў ролікі Бэёнсе, гуртоў Мuse і “Ленінград”. Для беларускага праекта, які калісьці ствараў музыку практычна на каленках, гэта неверагодны прагрэс.

— Міжнародная кар’ера развіваецца?

— Канешне. Альбом “Me, mother”, які выйдзе на пачатку восені, будзе на ўсіх сусветных платформах, у Еўропе з’явіцца і на вініле. Ужо ёсць запрашэнні на еўрапейскія фестывалі — у нас сур’ёзныя амбіцыі. У Мінску, дарэчы, вялікую прэзентацыю пласцінкі зладзім у лістападзе — плануем сапраўднае шоу, з мноствам запрошаных гасцей. А зараз Shuma працуе ўжо над чацвёртым альбомам.