Не чакаць, але спадзявацца

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

Як рэаліі суседнічаюць з набалелым у сельскай культуры
Песня пра 33 каровы ў вёсцы Янкавічы — недарэчная. Нават у выкананні заезджых гасцей, зусім не дасведчаных аб колькасці гэтай рагатай жывёлы ў дадзеным населеным пункце. Аднак з культурай справы ідуць лепш, нягледзячы на адкрытыя прызнанні адной з маіх суразмоўніц. Ва ўсякім выпадку, рэцэнзент “К” сітуацыю не лічыць крытычнай. Ці ж — усё ведае і бачыць, проста можа параўнаць з іншымі месцамі…

/i/content/pi/cult/759/16422/18.JPGФатальнага не будзе

У сельскім Доме культуры спадарыня Самуйлава дырэктарствуе дзесяць гадоў, а яе працоўны шлях у гэтай установе пачынаўся ў 2002-м — паспела яна тут пабываць акампаніятарам (Таццяна Пятроўна валодае iгрой на баяне і балалайцы) і мастацкім кіраўніком. Але да СДК была ў яе біяграфіі і іншая “культурная” старонка, звязаная з Янкавічамі — калісьці шэсць гадоў яна загадвала тутэйшай бібліятэкай.

— Здараліся ў маім жыцці і іншыя прафесіі, якія не маюць дачынення да культуры, але вярнуцца да таго, чаму я вучылася з дзяцінства — да музыкі, а, значыць, да творчасці, мабыць, мне было наканавана, — кажа Таццяна Самуйлава. — Ды і дынастыю я працягваю — тата дванаццаць гадоў з’яўляўся мастацкім кіраўніком нашага Дома культуры.

Сёння ва ўстанове працуюць дарослы і дзіцячы драматычныя гурткі, вакальны гурт “Землякі” і жаночы клуб “Рабінушка”, на сходах якога яго члены дзеляцца рэцэптамі, кашавараць, вышываюць, рыхтуюць розныя выставы і вывозяць іх у раён на конкурсы. На базе СДК дзейнічае і расонскі аўтаклуб. Яшчэ аб адным фарміраваннi вы прачытаеце ніжэй.

— Самая вялікая наша праблема заключаецца нават не ў тым, што Дому культуры патрабуецца рамонт, а ў наведванні, — гаворыць адкрыта візаві. — Усе ж прывыклі хадзіць на мерапрыемствы бясплатна, а мне план платных паслуг трэба выконваць! Таму некаторыя прадстаўленні сталі білетнымі. І за гульню ў настольны тэніс і на більярдзе трэба плаціць, а ў вёсцы народ беднаваты, няма ў яго грошыкаў на забавы — шарык перакідваюць і шары ганяюць толькі па вялікіх святах, калі ў нас людзі масава і збіраюцца, тады тут па-сапраўднаму шумна і весела.

Выкручваецца з выкананнем плана платных паслуг спадарыня Самуйлава, як можа, а менавіта... уносячы кожны месяц з уласнай кішэні па 70 рублёў, інакш запланаваных 1300 рублёў у канцы года ёй не сабраць.

— І дыскатэкі даходу не прыносяць? — пытаюся я ў дырэктара.

— Толькі летам, з прыездам дачнікаў. А звычайна іх наведваюць сем — дзесяць чалавек, білет каштуе 60 капеек, вось і лічыце.

Калісьці ў Янкавічах было 250 двароў, цяпер — 150. Адпаведна, зменшылася колькасць жыхароў. І кароў — адна на ўсю вёску засталася. Але не засталося мастацкага кіраўніка ў СДК — чацвёрты месяц няма жадаючых заняць вакансію. І цягне адміністрацыйную і шмат у чым творчую працу Таццяна Пятроўна на сваіх плячах.

— Часам так нездароўе прыцісне, што хочацца ўсё кінуць і наогул адсюль звольніцца, — прызнаецца яна. — А потым аддыхаешся, не — сцэна кліча! Да таго ж, адказнасць яшчэ. Было б каму ўсё гэта перадаць, але каму? Моладзь да нас на працу не імкнецца — з жыллём цяжкасці, перспектывы кар’ернага росту вельмі няўдзячныя . Заяўку я дала на маладых спецыялістаў, баюся, толькі... Cтрашна падумаць, што з ДК будзе, калі мы з Канстанцінаўнай (Надзея Кавалёва, кіраўнік калектыву “Крыніца” — “К”) з яго ўсё-такі пойдзем.

/i/content/pi/cult/759/16422/19.JPG— Таццяна Пятроўна, я пакуль вас чакаў, з хлапчуком тут на ганку разгаварыўся, гадоў сем — восем яму, кажа, з задавальненнем наведвае Дом культуры, спявае…

— У вёсцы пятнаццаць дзетак — пачынаючы з зусім малых. Шэсць да нас ходзяць, гэта радуе. Але наколькі іх хопіць?

Тым не менш, СДК лічыцца ў раёне адной з лепшых спяваючых устаноў культуры. Прычым спяваць у клубныя фарміраванні бяруць не ўсіх запар, каб “даць лічбу”, а ледзь не праз конкурсны адбор! Першы сярод аб’яднанняў — народны фальклорны калектыў “Крыніца”, што аднаўляе культурную спадчыну гэтай тэрыторыі: традыцыйныя для Беларусі песні і спецыфічныя — характэрныя толькі для дадзенай мясцовасці, а таксама абрады, танцы, казкі, легенды, паданні, прыказкі і гэтак далей. Удзельнікі ансамбля ў этна-экспедыцыях збіраюць фальклорны матэрыял там, дзе жылі і яшчэ жывуць яго носьбіты, дапаўняючы ім ужо раней знойдзены.

— Праўда, — хітра ўсміхаецца спадарыня Самуйлава, — “Крыніца” выконвае не толькі аўтэнтыку, але і псеўданародныя песні — людзі ж іх любяць! Па аграсядзібах ездзім з канцэртамі, спяваем для замежных гасцей, тым і зарабляем. Касцюмы б нам яшчэ абнавіць, а то ўсё сваімі рукамі нешта падшываем.

Уласныя ў кабінеце дырэктара і ноўтбук з тэлевізарам, нават журнальны столік прынесены ёй з хаты.

— Але вы на мае скаргі ўвагі асабліва не звяртайце, проста набалела, — просіць Таццяна Самуйлава. — Пакуль мы, старыя кадры, тут, з культурай Янкавічаў нічога фатальнага не здарыцца. І ранейшыя ініцыятывы будзем развіваць, і нешта новенькае абавязкова прыдумаем.

Праславутае наведванне

Былы мастацкі кіраўнік сельскага Дома культуры Янкавічаў зараз узначальвае тутэйшую сельскую бібліятэку, якая знаходзіцца ў тым жа будынку, што і СДК. Дарэчы, па адукацыі Алена Хамчаноўская — бібліятэкар. Аднак, абзавёўшыся сям’ёй і аддаўшы некалькі гадоў творчай дзейнасці, яна вярнулася да першай прафесіі — зусім нядаўна. І адразу акунулася ў рэаліі…

— Людзі сталі менш чытаць папяровую літаратуру, замяніўшы яе інтэрнэтам, — тлумачыць прычыну таго, што з наведваннем “яе” ўстановы ёсць праблемы. — Да нас ідуць, але моладзь — у тым самым узросце, калі яна ўсё больш і больш пачынае адчуваць патрэбу ў атрыманні ведаў, — ад бібліятэкі практычна адмовілася. Атрымлівае яна іх з дапамогай камп’ютараў, гаджэтаў.

Асноўны карыстальнік кніжніцы — пенсіянеры. Яны і самі прыходзяць у яе, і літаратура можа быць дастаўлена ім на дом. Навінкі ў бібліятэку паступаюць рэгулярна — абменны фонд працуе бесперабойна.

— Таццяна Пятроўна Самуйлава казала мне, што план платных паслуг — гэта яе галаўны боль…

— Зарабляем, даючы магчымасць дзецям гуляць на нашым камп’ютары. Асабліва летам дадзеная паслуга карыстаецца попытам. Наведвальнікі могуць скарыстацца камерцыйным абанементам, выплаціўшы за выданні павышанага попыту — ад дваццаці да сарака капеек у залежнасці ад кнігі.

Ва ўстанове запісана 225 чытачоў, а патрабуецца 270, але Алена Сяргееўна да канца года разлічвае дамагчыся неабходнай колькасці.

— Зараз я праводжу, ці што, інвентарызацыю напрацаванага багажу, — дзеліцца спадарыня Хамчаноўская. — Думаю над тым, якімі акцыямі варта паспрабаваць прыцягнуць новых чытачоў, утрымаць моладзь. Пры сустрэчах з маімі калегамі пытаюся, што яны маглі б параіць у плане папулярызацыі бібліятэкі, сама шукаю ў інтэрнэце якія-небудзь прыклады гэтай дзейнасці.

А праводзіла мяне з будынка песня. У актавай зале СДК саліст “Крыніцы” з 1980-га года Станіслаў Казлоў выконваў пад мінусавую інструментальную фанаграму нешта заліхвацкі вясёлае, рыхтуючыся да маючых адбыцца замежных гастроляў.

Каментатарам жа янкавіцкага культурнага жыцця-быцця нечакана апынуўся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ушацкага райвыканкама Віктар Котаў, які часам зазірае ў гэты край. Фатаграфавацца ён адмовіўся, але некалькі слоў пра культуру Янкавічаў сказаць пагадзіўся.

Каментарый Віктара КОТАВА:

— Чым адметная культура вёскі? Перш за ўсё, я лічу, аўтэнтычным калектывам “Крыніца” — такіх, як ён, напэўна, адзінкі на ўсю вобласць, ды і, магчыма, на рэспубліку. Адрозніваецца ансамбль своеасаблівымі гарлавымi, тэмбральнымі галасамі яго артыстаў, не ўсякія выканаўцы змогуць паўтарыць гэты спеў.

Янкавіцкі ж Дом культуры быў заўсёды моцны сваімі традыцыямі, а для таго, каб яны захоўваліся, каб нараджаліся новыя, неабходны стабільны творчы калектыў. Тут ён ёсць. Таму і людзі сюды цягнуцца, ведаючы, што любое мерапрыемства, прапанаванае ім установай, будзе праведзена на ўзроўні прафесійным.

Можа быць, моладзь уліваецца ў клубную працу ў недастатковай колькасці, аднак прыток свежай крыві ўсё ж ідзе. У якія аб’яднанні зараз ідуць дзяўчаты і хлопцы на сяле? У харэаграфічныя гурткі — пажадана з сучаснымі эстраднымі танцамі, у вакальныя — зноў жа туды, дзе навучаюць сучасным спевам. Да нацыянальнага мастацтва імкнуцца не так актыўна. Але сказаць, што да яго няма цікавасці наогул, было б перабольшаннем.

Што можа падсілкоўваць культуру наогул у буйных сельскіх населеных пунктах? Напрыклад, наяўнасць свайго, фірмовага свята, якое б грунтавалася на народных асновах. І ўключала б у сябе не толькі песні і танцы, а яшчэ і выставу традыцыйных рамёстваў, правядзенне майстар-класаў, гатаванне і дэгустацыю страў нацыянальнай кухні. І каб усё гэта мела дачыненне да канкрэтнага рэгіёна.

Не хочацца ўпадаць у сум-кручыну, хоць становішча спраў у культуры Янкавічаў, па прызнанні тых, хто яе ўзначальвае, жадае быць лепшым. Такога ўжо яўнага засмучэння ў іх вачах я не ўбачыў, горычы было больш у прамовах. Яны жывуць сённяшнім днём? У чымсьці так. І як там, у Дзюма-старэйшага? “Уся чалавечая мудрасць заключаецца ў двух словах: чакаць і спадзявацца!” Аднак у Доме культуры не чакаюць седзячы сіднем, а штосьці прыдумляюць, шукаюць. Значыць, на нешта светлае разлічваюць.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"