У турнэ як у турнэ

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

Падазраю, шмат каму з тых, хто далёкі ад артыстычнага свету, здаецца, што жыццё зорак папулярнай музыкі складаецца выключна з феерычных падзей і дасягненняў. Што яны атрымліваюць велізарныя ганарары за свае хіты, якія выходзяць адзін за адным, іх выступы на пляцоўках вялікіх і малых праходзяць пры рэгулярных аншлагах. I ўсё ў іх — жыхароў неба — у творчым і бытавым сэнсе абсалютна бясхмарна. Аднак не спяшайцеся цешыцца за куміраў. І сёння аб некаторых нюансах гастрольна-канцэртнай дзейнасці нам раскажуць тыя, хто да яе датычны, прычым з розных бакоў.

/i/content/pi/cult/759/16419/2_opt.jpegІван ВАБІШЧЭВІЧ, лідар гурта “Дядя Ваня”:

— Сёлета ў нашага гурта праходзіць тур па краіне. Праўда, зараз мы зрабілі перапынак да восені, ён звязаны з тым, што iдзе ўборачная, у якой занятыя нашы патэнцыйныя слухачы, людзі раз’ехаліся ў адпачынкі і па дачах. Да таго ж летам у Беларусі праходзіла мноства буйных мерапрыемстваў — тыя ж Еўрапейскія гульні або “Славянскі базар у Віцебску”, таму публіка фінансава патрацілася. Але да канца года, як і планавалі, павінны выйсці ў агульным на 30 — 40 канцэртаў. А завершыцца тур у лістападзе ў Палацы Рэспублікі сумесным выступам з Прэзідэнцкім аркестрам Рэспублікі Беларусь.

Для арганізацыі тура мы запрасілі канцэртнага адміністратара, які адказвае за рэкламную кампанію, узаемадзейнічае з прымаючымі бакамі, выбудоўвае канцэртны графік і гэтак далей. У прынцыпе, накладак было не шмат, але нейкія канцэрты зляцелі па тых прычынах, пра якія я сказаў вышэй. Да прыкладу, дзесьці падвялі мясцовыя арганізатары, чамусьці забыўшыся расклеіць у патрэбнай колькасці афішы, што адбілася на запаўняльнасці залаў (нават прытым, што інфармацыя аб нашых выступах распаўсюджвалася праз сацыяльныя сеткі). Гаворачы яшчэ аб казусах пры кантактах з арганізатарамі на месцах, магу ўспомніць пра тое, як з-за нядбайнасці аднаго бухгалтара мы тыдні два праз пошту абменьваліся з гэтым чалавекам дакументамі. Ці, бывала, падводзіла сцэнічнае абсталяванне, а мясцовага ўмельца, здольнага хутка вырашыць праблему, пад рукой не аказвалася. І тады даводзілася адкладаць, а то і зусім адмяняць саўндчэк, а замест яго наш гукарэжысёр сам пачынаў, напрыклад, перамотваць шпулькі драйвераў калонак.

Што тычыцца цэнавай палітыкі, “Дядя Ваня” не з тых артыстаў, якіх я называю “ён, яна і міні-дыск” і якія, выкарыстоўваючы ў ходзе сваіх паездак па краіне мінімум тэхнічных сродкаў, у самым горшым выпадку 400 рублёў з канцэрта могуць атрымаць. Нашы ж такія канцэрты я да гэтага часу лічу не спосабам заробку, а прасоўваннем музыкі гурта ў масы. Бо, зноў-такі, калі казаць шчыра, нягледзячы на мой, як некаторыя сцвярджаюць, ужо зорны статус, і мяне, і калектыў у большасці сваёй ведаюць перш за ўсё па песні “Мая Белараша”. Ну, можа, нехта яшчэ запомніў лысага дзядзьку па якім-небудзь тэлеэфіры, хтосьці бачыў яго на “Новай хвалі” або ў “Голасе”. Карацей, турнэ — выдатная нагода для папулярызацыі творчасці “Дяди Вани”.

Транспартныя выдаткі ляжаць на нас, а ездзім мы на маёй вялікай машыне. У яе змяшчаюцца чатыры музыканты, уключаючы мяне, і гукарэжысёр. Часам з намі адпраўляецца яшчэ чалавек — калі канцэрт прадугледжвае выкарыстанне відэакантэнту. Возім уласны бэклайн — большую частку гукавога абсталявання. У невялікіх гарадах кошт білета на наш выступ складае парадку дзесяці рублёў. Дапусцім, зала Дома культуры месціць 300 чалавек, пры ўмове яе добрай запоўненасці, чыстымі мы заробім каля 1000 — 1200 рублёў, іх і падзелім на пяць — шэсць чалавек (з гэтай жа сумы аплачваецца і праца канцэртнага адміністратара). Калі гурт запрашаюць на мерапрыемствы з гарантаванай аплатай — кшталту карпаратываў, наш цэннік складае ў сярэднім 3000 — 4000 рублёў за выступ. І “заказнікаў” у “Дяди Вани” ў апошнія гады больш, чым звычайных білетных канцэртаў. Нярэдка здараецца і так, што мы ўваходзім у становішча клуба, які валодае не занадта вялікім бюджэтам для аплаты выступу, але запрашае гурт сыграць на акцыі, ідэя якой нам проста цікавая.

/i/content/pi/cult/759/16419/1_opt.jpegУладзімір ШАБЛІНСКІ, прадзюсар, прамоўтар:

— Як правіла, наша каманда сама звяртаецца да беларускіх артыстаў, канцэрты якіх лічыць патрэбным правесці. І мы працуем толькі з выканаўцамі, чыя творчасць нам падабаецца. Вядома, было б ідэальным, калі б канцэрты заўсёды прыносілі прыбытак, але часам такога не адбываецца. “Наш” кантынгент выканаўцаў — у асноўным — асаблівы, ці што. З аднаго боку, гэта людзі знакавыя для беларускай музыкі, з другога — яны не з’яўляюцца “фарматнымі” для вельмі шырокай аўдыторыі слухачоў, бо пераважна граюць рок і этна i ў вытворных ад iх стылістыках. Дарэчы, і вялікая частка айчынных прамоўтараў, якія працуюць і з беларускімі, і з замежнымі артыстамі, таксама выбіраюць сабе адзiн — два напрамкі, і дзейнічаюць у іх рэчышчы: хтосьці арганізоўвае канцэрты зоркам — у залежнасці ад жанраў, іншы займаецца электроннай музыкай і яе адгалінаваннямі, трэці — папсой і папулярным рокам, чацвёрты абмяжоўваецца фестывалямі i чымсьці яшчэ і гэтак далей.

Фінансавыя ж пытанні вырашаюцца наступным чынам. Мы адразу агаворваем з артыстам ганарар — незалежна ад таго, колькі будзе прададзена білетаў на яго канцэрт. Здараецца, што продаж білетаў ідзе не так добра, як планавалася, і тады выканаўца, усё ж такі жадаючы выступіць перад любой колькасцю публікі, можа пайсці нам насустрач і пагадзіцца з паніжэннем свайго ганарару; бывае, мы прэміруем яго грашовым бонусам — дапусцім, у выпадку аншлага. Аднак такога, каб канцэрты “нашых” выканаўцаў па прычыне дрэнных продажаў адмяняліся, не было. У прынцыпе, гледачы заўсёды хадзілі на канцэрты, — нават калі ў эканоміцы краіны становішча рэчаў выглядала не лепшым. Артыст атрымліваў менш грошай за свой выступ, арганізатар канцэрта выратоўваў меншую суму, але відовішча людзям было трэба заўсёды — якія б часы ні стаялі на двары.

Як бы гэта дзіўна ні гучала, але дагэтуль у Беларусі публіка, у масе сваёй, дрэнна ведае родных артыстаў. Ведаюць іх тыя, хто яшчэ глядзіць па тэлевізары “салянкі” айчынных выканаўцаў (аднак такія тэлепраекты не занадта частыя госці на экранах) і ходзіць на буйныя зборныя мерапрыемствы на адкрытым паветры. І таму таксама далёка не ўсе, здавалася б, вельмі папулярныя артысты могуць сабраць залы на ўласных сольніках у Мінску. Выратоўваюць паездкі па краіне: для жыхароў невялікіх населеных пунктаў прыезд любога сталічнага музыканта — заўсёды падзея. “Нашы” ж выканаўцы не часта з’яўляюцца нават у радыёэфіры, нягледзячы на тое, што сёй-той з іх ужо сапраўды мае “статус” легенды. Зрэшты, калі артыст хоча паспяхова канцэртаваць, то пад рукой заўсёды ёсць інтэрнэт — вось хто зараз рэальна здольны аказаць неацэнную дапамогу ў раскрутцы. Думаю, у тым, што, да прыкладу, гурт Nizkiz збірае поўныя залы, “вінаваты” інтэрнэт, праз які калектыў шмат піярыў сваю творчасць. Тое самае можна сказаць, дапусцім, і пра Ціму Беларускіх.

/i/content/pi/cult/759/16419/3_opt.jpegКацярына САКАЛОВА, дырэктар Столінскага гарадскога Дома культуры:

— На зборныя канцэрты, прысвечаныя якім-небудзь буйным падзеям, мы самі запрашаем вядомых беларускіх артыстаў. Адшукваем іх каардынаты — у тым ліку з дапамогай інтэрнэту, звязваемся з імі і ў выпадку згоды, агаворваем умовы ўдзелу ў мерапрыемстве. Калі ж казаць пра сольнікi, то часта спевакі і спявачкі першымі праяўляюць ініцыятыву, тэлефануючы нам і прапаноўваючы свае праграмы. Як гэта робяць, напрыклад, Аляксандр Саладуха ці Сяргей Славянскі, што выступаюць у ДК з года ў год і публіка на іх, тым не менш, збіраецца рэгулярна. Прычым і яны, і, дапусцім, Герман Цітоў шмат самастойна займаліся рэкламай уласных канцэртаў, актыўна анансуючы іх у сетках і праз інтэрв’ю ў электронных і друкаваных СМІ. Натуральна, і мы зацікаўлены ў тым, каб зала была поўная, таму са свайго боку “засвечваем” маючыя адбыцца мерапрыемствы ўсімі магчымымі сродкамі.

Беларускія артысты — людзі непераборлівыя. Усё, што яны просяць, — гарбату, каву, лёгкія бутэрброды, наяўнасць у грымёрцы люстэрка. Праўда, асабліва агаворваюць добры гук. Абсталяванне ў ДК не сказаць, што суперсучаснае, але прэтэнзій да яго пакуль ніхто не выказваў — нармальнай яно якасці. Хтосьці захопліваў з сабой дадатковую апаратуру, калі патрэбнай ім у нас не аказвалася. Выступаюць выканаўцы пад мінусавую інструментальную фанаграму, нярэдка разам з імі прыязджаюць гукарэжысёры, здаралася, нехта браў і падтанцоўку — як, скажам, Улада, Аляксей Грос. А вось гурт “Дразды” адыграў цалкам “жывую” праграму. Бывала, што музыканты затрымліваліся ў горадзе на нейкі час — начавалі ў гасцініцы, калі ў іх быў намечаны яшчэ выступ у размешчаным непадалёк населеным пункце. Але звычайна яны адразу пасля канцэрта вяртаюцца дадому.

З кожнага такога мерапрыемства ДК атрымлівае 20 працэнтаў ад сумы даходаў ад прададзеных білетаў, адпаведна, 80 — заробак выканаўцы. Супрацоўнічаем з артыстамі, зыходзячы выключна з выніковай выручкі, і папярэдні ганарар ім не выплачваем. Сярэдняя цана за білет складае сем — дзесяць рублёў. Каб не спрацаваць ні сабе, ні госцю ў страту, інакш кажучы — каб мерапрыемства адбылося, мы павінны прадаць на яго мінімум 100 білетаў (пры ёмістасці залы ў 250 чалавек). На маёй памяці, па прычыне дрэнных продажаў за апошні час адмяніўся канцэрт толькі Аляксандра Каралёва, а так жыхары Століна на прыезджых зорак ходзяць з задавальненнем. Аднак, калі б не садзейнічанне прафсаюзных арганізацый горада, якія дапамагаюць нам з распаўсюджваннем на месцах білетаў, самому ДК кожны раз рэалізоўваць іх у патрабаванай колькасці было б цяжка — людзі сёння эканомяць на забаўках.

Як бачыце, з гастрольна-канцэртнай дзейнасці ў краіне ніхто не жыруе, — калі ідзе гаворка пра выступы беларускіх артыстаў. Нават чалавек з імем, разлічвай ён толькі на заробкі з радавых канцэртаў, мяняць мікрафоны зможа радзей, чым калі б выступы пару разоў у месяц яшчэ і на заказных імпрэзах. Прафесійныя прамоўтары, як бы ні былі патрыятычна настроены, займайся яны пракатам адных айчынных выканаўцаў, у рамястве сваім таксама хутка б расчараваліся. Дамам культуры мерапрыемствы з удзелам родных зорак — безумоўна, дапамога, памятаючы аб плане платных паслуг. Але і тут ёсць нюансы. Увогуле, такі вось наш шоу-бізнес...

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"