Ментальны чыннік Акадэміі

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прайшлі абарона дыпломаў і ўступная кампанія. Сваімі ўражаннямі пра “гарачае лета-2019” з “К” дзеліцца рэктар Акадэміі Міхаіл Баразна.

— Спадар Міхаіл, сёлета мне не давялося прысутнічаць на абароне дыпломных работ, што лічу вялікай стратай. Памятаю, напярэдадні абароны вы абяцалі сенсацыю ад кафедры графікі. Вы мелі на ўвазе Глеба Сідарэнку?

— Так. Гэты хлопец зрабіў сабе імя яшчэ падчас навучання. На ўсіх выставах, у якіх ён браў удзел, ягоныя работы былі ўпрыгожаннем экспазіцыі і аказваліся ў цэнтры ўвагі звычайных гледачоў і калег Глеба па творчым цэху. Не падвёў ён кафедру і на абароне. Хіба што крыху замінала экспазіцыі пампезная аздоба, якую ён прыдумаў для сваіх афортаў.

— Два афорты з ягонай дыпломнай серыі я бачыў сярод твораў Трыенале, што зараз экспануюцца ў Палацы мастацтва. Насамрэч, уражвае.

— Глеб цэлы год рабіў гэтыя афорты, па сутнасці ў чатыры разы перакрыўшы патрабаванні да дыпломнай работы. Для Акадэміі ягоная абарона — падзея выключная. Бо гэта сведчанне і высокага класа нацыянальнай мастацкай школы, і эфектыўнасці нашай мадэлі навучання. У дадзеным выпадку ў наяўнасці гарманічнае спалучэнне прафесійнага майстэрства, валодання тэхналогіямі ды эмацыйна-вобразнага складніка.

Годна абараніліся і іншыя дыпломнікі кафедры графікі. У прыватнасці Валерыя Гомаш-Дрэбезава. Яна прадставіла аздобу дзіцячай кнігі, вельмі цікавай па фальцоўцы і макеце, а галоўнае — па адпаведнасці дзіцячаму светаўспрыманню.

На жаль, я не ведаю, ці ёсць у Беларусі такая паліграфічная вытворчасць, якая б магла рэалізаваць гэты праект у адпаведнасці з аўтарскай задумай. Мяркую, аднак, і са мною пагодзяцца многія, што гэтая работа атрымае шмат узнагарод на многіх конкурсах, і ў нас, і за мяжой.

Усе сёлетнія графічныя дыпломы стылёва і канцэптуальна розныя, яднае іх высокі густ і такое ж высокае майстэрства.

— У мяне склалася ўражанне, што сёння трэндам нашай графікі з’яўляецца стыль, закладзены і распрацаваны выбітнымі творцамі накшталт Юрыя Якавенкі, Валерыя Славука, Паўла Татарнікава, Юрыя Хілько, Рамана Сустава і іншымі. З той, бадай, розніцай, што ў маладзейшых больш выяўлены пачуццёвы складнік.

— Адносна вашай характарыстыкі іх творчасці можна спрачацца. Але тое, што згаданыя майстры зачынальнікі школы і маюць значны ўплыў на моладзь, відавочна. Сустаў у нас выкладае, і Якавенка не пакідае сувязі з Акадэміяй. У прыватнасці, Юрый Якавенка напярэдадні абароны нам тэлефанаваў, цікавіўся, як ідзе праца ў дыпломнікаў-графікаў. Натуральна, што на самым пачатку студэнты з’яўляюцца яўнымі апалагетамі названых майстроў, але праз пэўны перыяд творчасці і змагання з самімі сабой і падабенствам на існыя ўзоры ступаюць нарэшце на свой уласны шлях. Такая эвалюцыя, дарэчы, адбылася ў творчасці таго ж Сідарэнкі. Мая ацэнка гэтага выхаванца акадэміі даволі аб’ектыўная, таму што я не выкладаю на кафедры графікі. Я назіраю звонку і бачу развіццё студэнта ад першага курса да апошняга. Глеб ужо на чацвёртым курсе рабіў па замове выдавецтва аздобу кнігі, якую маглі даручыць толькі прафесіяналу, што ўжо паспеў сябе добра зарэкамендаваць. Я ведаю, у яго зараз ёсць буйны заказ ад заходне-еўрапейскай краіны на ілюстрацыі да старажытных міфаў.

— А як у гэтым годзе сябе паказала кафедра, што рыхтуе спецыялістаў па мастацкім тэкстылі і мадэляванні адзення? На гэтай кафедры, памятаецца, была арганізацыйная перабудова, і выказвалася заклапочанасць, што гэта можа адмоўна адбіцца на навучальным працэсе і творчым імпэце выкладчыкаў і студэнтаў.

— Сістэма адміністрацыйнага кіравання насамрэч ускладнілася, але тое не адбілася на творчым патэнцыяле кафедры, якая на абароне была прадстаўлена вельмі годна. Тэкстыль у гэтым годзе рабіў прэзентацыю дыпломаў у двары нашай Акадэміі. Для нас кожны квадратны метр тэрыторыі нашай “Альма-матэр” вельмі дарагі. І мы імкнёмся выхаваць такое ж стаўленне і ў нашай моладзі. Зразумела, можна арандаваць, наняць іншае памяшканне для такой імпрэзы, але мы дбаем пра міф Акадэміі, які ствараецца на нашых вачах і які мы самі ж і робім. Вось і двор Акадэміі пераўтварыўся ў подыум, дзе прайшла прэзентацыя калекцыі адзення, зробленай рукамі студэнтаў. Атрымалася цікава. Мы фактычна запачаткавалі традыцыю, будзем і далей яе развіваць.

— Ці плануеце зрабіць недзе на працягу года выставу сёлетніх дыпломных работ? Падобныя выставы, я памятаю, ладзіліся. Прымяркоўваліся да юбілейных дат самой Акадэміі і тых ці іншых яе падраздзяленняў — кафедраў, факультэтаў. Было б добра, каб тое, што пакуль бачыла шчыльнае кола адмыслоўцаў, стала досведам вялікай грамады.

— Адказаць на пытанне і лёгка, і складана. Пачнём з таго, што вы бачылі работы нашых дыпломнікаў у экспазіцыі Трыенале. Гэта значыць, што нейкім чынам яны знаходзяць сваю аўдыторыю і без намаганняў з боку Акадэміі. Але і сама Акадэмія ладзіць нямала выстаў, у тым ліку і замежных. Вось сёлета мы рабілі даволі вялікую выставу ў будынку ААН у Жэневе. Там былі курсавыя і дыпломныя работы бадай за пяць дзесяцігоддзяў. Выстава вялікая. На яе адкрыцці выступалі кіраўнік жэнеўскага офіса ААН, міністр замежных спраў нашай краіны. Экспазіцыя складалася з работ пэўнага фармату, якія змаглі змясціцца ў транспарт. Была выстава ў Аўстрыі два месяцы таму.

Наступны год — 2020, для нас юбілейны. 75 гадоў з дня заснавання Акадэміі. Як я заўсёды кажу, мы — дзеці Перамогі. 1945 год — Вялікая Перамога і тады ж быў заснаваны Беларускі дзяржаўны тэатральны інстытут, які развіўся ў Акадэмію мастацтваў. І мы зараз у стане абмеркавання, якім чынам будзем прадстаўляць у Мінску, у Беларусі і за яе межамі наша мастацтва з нагоды юбілею. Нам ёсць чым пахваліцца.

Больш як на працягу года мяркуем ажыццяўляць праграму паказу дыпломных работ у самым розным фармаце — і непасрэдна творы, і выданні, і разнастайныя прэзентацыі, у тым ліку і камп’ютарныя, і гэтак далей. Рабіць выставу толькі з дыпломных работ — не вельмі сучасна. Да таго ж, на дадзеным этапе ёсць складанасць, бо многія творы, зробленыя нашымі студэнтамі, з’яўляюцца іх уласнасцю.

— Не ўласнасцю Акадэміі?

— Толькі ў тым выпадку, калі яны зроблены на сродкі Акадэміі. Ёсць студэнты, якія навучаюцца на платнай аснове, дык вось яны шмат робяць за ўласны кошт. У нас застаецца ўвесь аналітычны матэрыял, тлумачальныя запіскі, але часам твор Акадэміі ўжо не належыць.

Гонарам Акадэміі з’яўляюцца манументальныя творы — як іх паказваць? Гэта заўжды было праблемай… А мы зноў жа прыдумалі, як мець пастаянна дзеючую выставу твораў дыпломнікаў-манументалістаў. За апошнія тры гады шмат зрабілі, каб творы знаходзіліся менавіта ў Акадэміі. Каб, скажам так, з цягам часу наш комплекс мог стаць турыстычным аб’ектам. Такім аб’ектам, дзе можна правесці лекцыю ці экскурсію па гісторыі культуры і мастацтва, паказаць сучаснае беларускае мастацтва ў працэсе яго фарміравання. Прычым, мастацтва самае рознае — і манументальнае, і графічнае, і відэа, і інсталяцыі, і многае іншае. Ну а ўсё жыццё наша, як вядома, перформанс.

Таму на сценах Акадэміі ёсць і вітражы, і мазаікі, і выкананыя ў складаных тэхніках пано. У нас яшчэ не ўведзены ў эксплуатацыю тэатральны комплекс, але яго эстэтызацыю мы ўжо пачалі. Голыя сцены гэта не для Акадэміі. Ужо само знаходжанне ў нашых будынках мусіць ствараць пэўны настрой, інфармаваць, вучыць, спрыяць творчасці. Сама атмасфера мусіць быць заклікам да прафесіі.

— Спадар Міхаіл, а запатрабаваны сёння на радзіме досвед і творчы патэнцыял выхаванцаў Акадэміі? Ці знойдуць сённяшнія выпускнікі ў Беларусі працу, адпавядаючую іх амбіцыям і памкненням?

 — Гэта пытанне індывідуальнае. У мяне досыць знаёмых, якія пэўны час знаходзіліся за мяжой, але ўрэшце рэшт вярталіся дадому. Прынамсі Алесь Родзін трынаццаць гадоў шчыраваў у Германіі, а цяпер вярнуўся і робіць вялікую выставу на Оk16. Ён — на Радзіме, і, здаецца, вярнуўся, каб тут зрабіць асноўныя творы. Ёсць самыя розныя сітуацыі…

Мабільнасць мастацтву ніколі не шкодзіць. У глабальным свеце мабільным становіцца і сам мастак, і ягоная творчасць. Нічога не замінае творцы ўдзельнічаць у міжнародных конкурсах, у біенале, трыенале, іншых мастацкіх акцыях. Нехта з’язджае, нехта вяртаецца. Розныя лёсы.

Я не буду гаварыць пра выканаўчае мастацтва, бо я не зусім разумею ягоную прыроду. А што датычыць мастацтва выяўленчага, дзе аўтар сам сабе і драматург, і рэжысёр, і выканаўца, дык тут вельмі важна мець сувязь з вытокамі і асяроддзем, у якім ты выхаваны.

У мастацтве вельмі важны ментальны чыннік, ад успамінаў дзяцінства да насычанасці колеру неба і формы травы, якая на нашай зямлі менавіта такая. Ментальны чыннік важны ў прафесіі рэжысёра, драматурга, мастака, а таксама пэўнага кола адмыслоўцаў, задзейнічаных у арт-дызайне. Сярод прадстаўнікоў гэтых прафесій я не бачу перспектывы масавага ад’езду ці настрояў пакінуць Беларусь.

Але хтосьці менавіта за мяжою і раскрываецца як беларускі творца. А хтосьці, можа, трапіў на тую зямлю, адкуль ягоныя продкі, і нешта шчоўкнула ў свядомасці…

— Спадар Міхаіл, з кожным новым наборам студэнтаў пішацца новая гісторыя Акадэміі. Што можаце сказаць пра першакурснікаў?

— Будзем вучыць. Вучыць светаўспрыманню, навукам, разуменню рэчаў, густу. На што яны здольныя, пакажа першая сэсія. Уступная кампанія, яна як абарона, раз на раз не падобная. Мне як рэктару па сутнасці няма магчымасці назіраць, як ідзе гэты працэс. Ды я і не бачу ў гэтым патрэбы. Сістэма ўступных іспытаў такая, што ніхто не мае права ўмешвацца ў іх хаду, неяк перашкаджаць маладому чалавеку раскрываць свае магчымасці. Наша справа толькі забяспечыць яму ўмовы для таго раскрыцця. Таму мы пабачым, што атрымалі, толькі з першага верасня і з першага кастрычніка. З імі пазнаёмімся, убачым іхнія вочы, твары… Пакуль што мы іх ведаем толькі па работах, пазначаных шасцізначнымі ці якімі там яшчэ нумарамі. А хто стаіць за тымі лічбамі, ніхто з выкладчыкаў не ведае.

Разам з тым, ёсць пэўныя рэчы якія можна канстатаваць ужо на дадзеным этапе. Лічбы па наборы на бюджэтнае навучанне мы выканалі. А на платнае я ўжо па выніках бачу даволі значную прысутнасць выпускнікоў школ, гімназій, а не каледжаў.

— З чым гэта звязана?

— Калі дзяўчына ці хлопец не прайшлі на бюджэт, а навучаліся ў каледжы на бюджэтнай форме, дык яны павінны адпрацаваць свой неабходны тэрмін, толькі потым будуць мець права паступаць. А выпускнікі гімназій і школ такіх абавязацельстваў не маюць. Так што відавочна падымаецца маса здольных абітурыентаў, якія не навучаліся ў каледжах, і якія маюць пры паступленні шанцы бадай роўныя са сваімі канкурэнтамі з больш грунтоўнымі базавымі ведамі.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"