Эпоха легендарнага дыктара

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

Яго называлі “залатым голасам” Беларусі, нават айчынным Левітанам. І вось ён, гэты чалавек-легенда, чалавек-эпоха пайшоў у Нябёсы. Але непаўторны яго голас, які захаваўся на алічбаваных цяпер носьбітах, застанецца каштоўным дыяментам у скарбніцы беларускай культуры. Нашым журналістам пашчасціла чуць яго прыгожы барытон, запісаць аповед, які праявіў пэўныя этапы жыцця Ільі Львовіча Кургана. Сёння мы ўзгадалі тую сустрэчу ды рэтранслюем невялікую частку адказаў любімага народам дыктара і педагога.

/i/content/pi/cult/759/16414/7.jpgАдзін з першых выпускнікоў

— Ілья Львовіч, вы вучыліся ў нашых тэатральных легенд — у таго ж Дзмітрыя Арлова…

— Так. Паступіў у Тэатральна-мастацкі інстытут адразу пасля вайны, калі ён толькі ўтварыўся, — у 1945 годзе. Лічыце, адзін з першых яго выпускнікоў. Педагогі — неверагодныя, фантастычныя! Гэта быў яшчэ той склад: Арлоў, Міровіч, мама мія! Бацькі і яны мяне сфарміравалі. Ды яшчэ, вядома, сам час… Памятаю, першыя пасляваенныя дні, калі вярнуўся ў Мінск з Самарканда, дзе мы жылі з мамай і братамі ў эвакуацыі. Наш дом разбамбілі яшчэ ў самым пачатку вайны — прытулку аніякага. Куды пайсці? Куды падацца? Дзве ночы правёў на вакзале: рабіў выгляд, што чакаю цягнік... Спаў на лаўцы ў скверы ля Купалаўскага тэатра. Нарадзілася нават думка заначаваць у танку: ля Дома афіцэраў утварылася такая плошча ажно да Савецкай вуліцы, і на ёй — выстаўка нямецкіх трафейных рэчаў. Акурат на месцы нашага былога дома — танк стаіць. Я і падумаў: а мо залезці ў яго? Там жа сядзець і, адпаведна, спаць можна? Але пашанцавала: сустрэў нечакана на наступны дзень у Мінску свайго бацьку. Уяўляеце сабе! Вось так ішоў па вуліцы Карла Маркса — а ён мне насустрач. Жывы! Яго толькі-толькі дэмабілізавалі. Колькі было радасці! Высветлілася, што за гэты час ён ужо і працу знайшоў, і жыллё ў яго мелася. Адвёў ён мяне ў інтэрнат, усё паказаў. Спалі з ім удвух на адной койцы. Але ж гэта дом! Родны чалавек побач! А потым ужо сілы паступаць знайшліся. І паступіў. Вось так распачыналася мая вучоба.

< ... >

Радыё

— А як вы пачуваліся на Беларускім радыё? Якая атмасфера там панавала?

— Там было ўтульна, я сказаў бы. Працавалі цікавыя і моцныя журналісты. Не ўсе, але агульны ўзровень быў высокім. Наша дыктарская група складалася з чалавек дваццаці. На ранішнюю змену (толькі на яе, вядома ж), якая пачыналася а шостай, прыязджала забіраць машына. Людзі кантактавалі паміж сабой, нават калі працавалі ў розных аддзелах. Не магу паскардзіцца: было ў каго павучыцца, з кім сябраваць. Але сама праца была цяжкай. Такі прыклад прывяду. Прыносяць мне неяк чытаць чарговыя паперчыны: да 70-годдзя Сталіна, здаецца, прамова кшталту “Сталін і армія”. На гэтай паперы стаяць усе штампы, подпісы цэнзара, але пачынаю чытаць, а там чорным па-белым напісана: “Сталін — прычына бяздольнасці савецкай арміі”. Не “баяздольнасці”, а “бяздольнасці”. Літару “а” прапусцілі. Столькі подпісаў — і ніхто тую памылку не заўважыў. Калі я прачытаў бы, як там напісана, немаведама што адбылося б. Працавалі вось у такім напружанні, шмат прамых эфіраў, трансляцый.

< ... >

Сіла падтэксту

— А ці дазвалялася савецкім дыктарам пэўная ступень імправізацыі?

— Тое, што называецца, падтэкст… Чытаеш літара ў літару, не прычапіцца, а тэкст гучыць інакш.

Памятаю, як Аркадзь Куляшоў пасля праграмы патэлефанаваў у літаратурную рэдакцыю і сказаў: “А я і не ведаў, што такія добрыя вершы склаў!” Вось ён — падтэкст, яго сіла. І мне сёння не хапае гэтага разумення, працы з тэкстам у некаторых сучасных журналістаў. Слухаеш іншы раз — і ўсведамляеш: чалавек усяго толькі прамаўляе тэкст, распавядае пра факт здарэння, але ж няма ніякай думкі! Не выяўлены свае чалавечыя адносіны да зместу.

< ... >

Куды знікла прыгажосць мовы?

— Ілля Львовіч, сёння радыёжурналістыка змянілася. Раней быў дыктар, а зараз — вядучы навінаў, вядучы музычных праграм…

— Вось у тым і справа, што я не заўжды разумею, куды вядуць тыя вядучыя. Некаторыя з іх не валодаюць спецыфікай і тонкасцямі вуснай мовы. І гэта, на жаль, становіцца нормай...

Культура прафесіі сыходзіць. У людзей знікае разуменне нормы — і яны пачынаюць той дэфект успрымаць як належнае. А дзе тая прыгажосць мовы, якая ў ёй ёсць?

— Ведаем, што рэжысёр Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін запрашаў вас ставіць маўленне ў прэм’ернай “Чайцы”...

— Сапраўды, запрашалі. І я, увогуле, працаваў і там, і ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі кансультантам па сцэнічнай мове. І сёння існуе такая практыка: акцёры тэлефануюць ды пытаюцца, як вымаўляць тое або іншае слова. У Купалаўскім, сапраўды, яшчэ застаўся пэўны ўзровень культуры маўлення. Але я памятаю, разам з тым, яшчэ тых купалаўцаў — Глебаў, Платонаў. Вось гэта было дзіва дзіўнае! А сёння бывае і такое, што я кажу маладым артыстам на рэпетыцыі: “Хлопцы, а як ваш тэатр называецца? Нацыянальны акадэмічны? Памятаеце пра тое?” Калі казаць пра ўзровень валодання беларускай мовай, то становішча, вядома, не радуе. У Акадэмію мастацтваў прыходзілі маладыя людзі, якія, нібыта, з-за мяжы прыехалі. Мовы не ведаюць. Некаторыя кажуць: “Нам настаўніца казала, што “як пішацца, так і гаворыцца”. І лупяць абы што: сумесь французскага з ніжагародскім. А, да прыкладу, тое ж слова “смяешся” ў нас гаворыцца зусім не так як пішацца, а “сьмяесься”.

< ... >

у тэатры

— Вы разам з Андрэем Калядой з’яўляецеся аўтарам трохтомнай хрэстаматыі па сцэнічнай мове. Прызнайцеся, напісалі яе, ужо зусім страціўшы надзею на новае пакаленне?

— Тут — іншае. Студэнты звычайна проста не могуць знайсці матэрыял для працы. Таму я палічыў вартым напісаць гэту работу. Бо моладзь — яна ж амаль не чытае беларускія кнігі.

— А ўвогуле моладзь зараз чытае?

— У Акадэміі — чытае. Бо без чытання ў акцёрскай прафесіі няма чаго рабіць. Для таго, каб выбраць верш, студэнту неабходна прачытаць творы многіх аўтараў. З гэтай вялізнай колькасці абраць свой і вывучыць. Але мая заклапочанасць узроўнем беларускай сцэнічнай мовы ды мовы ўвогуле выклікана тым, што няма да яе піетэту. Не ва ўсіх, праўда. Але праблема — існуе.

< ... >

Пра родных студэнтаў

— А вам, Ілья Львовіч, дарэчы, радыёслухачы пісалі?

— Так. Былі такія водгукі: мы вас слухаем і хочам размаўляць так, як вы. Ды і мае студэнты на занятках часам скардзіліся: “Мы баімся з вамі размаўляць”. “Ну, давайце, — адказваю, — тады будзем маўчаць разам і вось так вучыцца”. Але потым паступова стасункі наладжваюцца, я ім дапамагаю, і студэнты пачынаюць штосьці рабіць. Колькі і кружэлак з маімі запісамі ёсць, праўда, расцягалі ўсё. З іншага боку, даеш паслухаць — і яны паступова ўцягваюцца. Адзін запіс, другі… І яны ўжо пачынаюць вучыцца, ім ужо, здаецца, і цікава робіцца. Таму і кружэлак тых не шкада…

< ... >

Паспеў!

— Сябравалі вы і з вашым вядомым калегам — Юрыем Левітанам…

— 1968 год. У Маскве праходзіла канферэнцыя кіраўнікоў замежных камуністычных партый. І іх запрасілі ў Мінск на ганаровае пасяджэнне. У той час у нас гасцяваў Юрый Барысавіч, і я дамовіўся, каб ён падмяніў мяне падчас трансляцыі, прачытаўшы ўступную прамову: напярэдадні я атрымаў званне заслужанага артыста БССР і адсвяткаваў гэту справу. Стэлефанаваліся з Масквой, дамовіліся. Пераклалі тэкст на рускую мову. Часовы пропуск Левітану выпісалі, аніякіх перашкод, здаецца, не ўзнікла. Але было вырашана, што я ўсё ж такі буду суправаджаць Левітана на сход. Прыйшлі ў Палац спорту, пасяджэнне ладзілася там. І тут да Юрыя Барысавіча кідаецца вядомы маскоўскі каментатар па інтэрв’ю. Добра, адпусцілі на паўгадзінкі.

І вось тут пачаліся прыгоды. Юрый Барысавіч — ЮрБор, як я яго называў — даў інтэрв’ю і паспрабаваў дайсці да нашай студыі. А ў Палацы паставілі ахову, якая, як ёй і належыла, нікога не пускала. “Ніякіх хаджэнняў”, — гавораць ахоўнікі, і ўсё тут. І Левітан, знаходзячыся ад нас літаральна ў некалькіх дзясятках метраў, праз залу, не можа прарвацца праз гэты кардон. Не пускаюць. Чаго ён толькі не рабіў: паказваў той часовы пропуск, казаў, што ў яго трансляцыя, казаў, што ён Левітан. Але ўсё дарэмна! Мы ж у гэты час месца сабе не знаходзім. Адчуваем: трэба штосьці вырашаць. Наш рэдактар і кажа: “Ну ўсё, Ілья, ты будзеш чытаць”. Тут высветлілася, што і тэксту няма — ён жа ў Левітана застаўся! І вось якімсьці цудам у аднаго з маіх калег знайшоўся нейкі пакамечаны варыянт, лічы, чарнавы. Працягваюць яго мне і заклінаюць: “Чытай!” “Хлопцы, — кажу, — а павязуць жа мяне аднаго, калі што. Хацелася б усё ж такі, каб у кампаніі”. Жарты жартамі, а дзеячы кампартый рассаджваюцца… Вось ужо і Машэраў падыходзіць да свайго месца. Як толькі прамаўляю яго прозвішча, усе рэгаліі, ён пачынае выступаць: “Таварышы!..” Паспеў! Але тое, што мы там перажылі, — не перадаць словамі. Я потым пэўны час ад напружання нават узняцца не мог. Калі нарэшце суворыя “дзядзечкі ў гальштуках” сышлі, да нас дайшоў-такі Левітан. “Хто чытаў?”, — пытаецца. “Ілья”, — яму адказваюць. “Жартуеце? А тэкст адкуль?”. А яму працягваюць той пакамечаны варыянт. І тады ЮрБор, ён жа ўсё разумее, і сказаў: “Вам не трэба Левітан, ёсць у вас Ілья Курган”.

З серыі матэрыялаў “Рэдакцыя плюс...” (“Культура” № 41
за 2015 год)