Хто паедзе ў Глівіцэ?

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

Фінал нацыянальнага адбору на конкурс “Дзіцячае Еўрабачанне — 2019” пройдзе 20 верасня ў прамым эфіры тэлеканалаў “Беларусь 1” і “Беларусь 24” у фармаце вялікага гала-канцэрта. Пасля яго заканчэння стане вядома, хто прадставіць нашу краіну на гэтым 17-м па ліку фестывалі песні, што адбудзецца 24 лістапада ў польскім горадзе Глівіцэ.

/i/content/pi/cult/759/16413/-VQvmEW3-cM_opt.jpegУпершыню з 2014-га года “Дзіцячае Еўрабачанне” праводзіцца не ў сталіцы краіны, паколькі ў Варшаве няма адпаведнага для мерапрыемства такога маштабу месца, а вялікая арэна ў Глівіцэ змяшчае 17 тысяч чалавек. Мінулагодні конкурс з рэкорднай колькасцю краін-удзельніц — 20, сярод якіх былі дзве краіны-дэбютанткі Уэльс і Казахстан, гасцяваў у сталіцы Беларусі Мінску, пераможцай на ім стала Раксана Венгель з Польшчы.

А на гэтым тыдні вызначыліся ўдзельнікі беларускага нацыянальнага фіналу. Жывое праслухоўванне 38-мі прэтэндэнтаў адбылося ў самай вялікай тэлевізійнай студыі Белтэлерадыёкампаніі, адзінага ў нашай краіне члена Еўрапейскага вяшчальнага саюза. У складзе журы былі прызнаныя музыканты, прадзюсары і кампазітары, а таксама маладыя артысты Аляксандр Міненок і Лідзія Заблоцкая, што ў свой час прадстаўлялі Беларусь на “Дзіцячым Еўрабачанні”.

У наступны тур конкурсу прайшлі восем салістаў, трыа і квартэт. Яны прадставяць песні на рускай, беларускай і англійскай мовах. Адметна, што ў беларускім нацыянальным адборы мы сёлета пачуем толькі дзявочыя галасы.

На сцэну фіналу нацыянальнага адбору да “Дзіцячага Еўрабачання — 2019” выйдуць: Елізавета Міснікава, Анастасія Жабко, Марыя Жыліна, Ксенія Галецкая, Група Monkey Tops, Сафія Храловіч, Сафія Рустамава, група “Зефір”, Арына Пехцерава, Марыя Ермакова.