Нясвіж — Кедайняй

№ 34 (1421) 24.08.2019 - 31.08.2019 г

Вядучы спецыяліст па міжнародных адносінах Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” Віталь Бядрыцкі распавёў “К”, што па выніках першага конкурсу праектных прапаноў Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвія — Літва — Беларусь у рамках Еўрапейскага інструмента суседства на 2014 — 2020 гады грант атрымаў літоўска-беларускі праект пад назвай “Захаванне спадчыны князёў Радзівілаў і яе адаптацыя для турызму ў гарадах Кедайняй і Нясвіж”.

Інакш кажучы, аб’екты спадчыны павінны прыцягваць да сябе гарантаваную турыстычную плынь. Дынаміка гэтага не можа не паўплываць на эканоміку абодвух рэгіёнаў, аб’яднаных гісторыяй роду Радзівілаў.

Віталь Бядрыцкі перакананы, што супрацоўніцтва Краявога музея ў горадзе Кедайняй і Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка ў горадзе Нясвіж можа разглядацца як стварэнне турыстычнага кластара культурных каштоўнасцяў. І менавіта такія ўзаемавыгадныя творчыя стасункі будуць спрыяць гістарычным даследаванням, наладжванню навуковых канферэнцый, абмену выставамі, распрацоўцы новых турыстычных маршрутаў…

Бюджэт сумеснага праекта, паведамляе вядучы спецыяліст па міжнародных адносінах музея-запаведніка, — больш за 700 тысяч еўра. 63 тысячы з іх выдаткаваны па гранце для “Нясвіжа”. Грошы пачалі паступаць тры месяцы таму. Яны, па словах Віталя Бядрыцкага, выкарыстоўваюцца цяпер на арганізацыю і правядзенне фэсту “Радзівіліяда” і набыццё спецыяльных вітрын.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"