Імідж? Нішто. Іміджмейкер – усё!

№ 32 (850) 09.08.2008 - 15.08.2008 г

Мінуў час, калі мы акцэнтавалі ўвагу на ўнутранай сутнасці, калі знешняя прыгажосць лічылася ўсяго толькі кідкай “этыкеткай”. Зараз жа ледзь што — клічуць дызайнера. Але і ў гэтай сферы рэвалюцыя пачалася, найперш, з вытворчасці. А пра “дызайн” вобраза самога чалавека сталі думаць пазней. Вось вы, да прыкладу, маеце ўласнага іміджмейкера? Не? І я — таксама… А ці маюць іх нашы артысты?

Між тым, узгадайце апошняе “Еўрабачанне”. Што выклікала самыя гарачыя дыскусіі? Песня нашага Руслана Аляхно? Ці яе выкананне? Не, змена іміджа спевака! А на нядаўнім “Славянскім базары ў Віцебску”? Колькі б ні сыпаў усё новымі жартамі (і песнямі, прычым не пад “фанеру”, а жыўцом) Максім Галкін, найперш гаварылі не пра гэта, а пра ягоны новы імідж гэткага мача. Дый наша Вікторыя Алешка: ніводны паварот у яе жыцці і творчасці не выклікаў такой сенсацыйнай увагі, як цяперашні вобраз “ракавой жанчыны-вамп”. 

На фестывалі жадалася сонейка

А на конкурсе маладых выканаўцаў у тым самым Віцебску ці не ўзнікала часам жаданне адправіць чарговага канкурсанта за кулісы — пераапрануцца. Прычым змяніць не толькі сам сцэнічны строй, але і прычоску, грым — цалкам увесь знешні вобраз.

Цікава, што на рэпетыцыях многіх канкурсантаў было не пазнаць: адчуваўся густ і ў падборы вопраткі, і ў касметыцы, разлічанай на “погляд зблізу”. Але сцэна (а тым больш такая вялікая, як у Летнім амфітэатры) патрабуе іншага: на ёй змяняюцца колеры, прапорцыі, некаторыя дэталі сыходзяць у цень, іншыя — наадварот, пачынаюць кідацца ў вочы.

Свае законы ёсць і ў тэлебачання: як бы ні намагаліся рэжысёры, за рэдкім выключэннем, салісты проста спявалі, асабліва не клапоцячыся аб “пражыванні” песні на сцэне.

Так, конкурс “Славянскага базару ў Віцебску”, у адрозненне ад многіх іншых творчых спаборніцтваў, накіраваны найперш на самі спевы, а не на знешні антураж. Але ж невыпадкова здаўна існуе прымаўка пра тое, што сустракаюць па апратцы. Бо калі двое канкурсантаў з розных краін выходзілі ў касцюмах, быццам набытых у адной краме, а прыгожыя дзяўчаты выбіралі сукенкі, якія ператваралі іх у нейкіх няўклюдзіц, выступленні не хацелася нават слухаць.

З маімі разважаннямі пагадзілася Святлана РАДЧАНКА — іміджмейкер-псіхолаг, мастак-мадэльер па прычосках і дэкаратыўнай касметыцы, стылістка і выкладчыца Міжнароднай школы цырульніцкага майстэрства, прадстаўніца Лігі прафесійных іміджмейкераў Расіі:

 /i/content/pi/cult/172/1641/Imidzh.jpg
— У псіхолагаў ёсць сваё выслоўе:
не “бачу” — значыць, таксама і не чую. Наша ўспрыняцце вобраза (ці, здараецца, яго катэгарычнае непрыняцце) моцна ўздзейнічае на тое, як мы будзем успрымаць далейшую гукавую інфармацыю. Пра ўзаемасувязь колеру і гуку гаварылі яшчэ класікі, намагаючыся дасягнуць між імі гармоніі. Адна і тая ж песня можа ўспрымацца зусім па-рознаму, дастаткова толькі спеваку змяніць кашулю. Бо колер здольны “перафарбаваць” гук, надаўшы яму іншыя тэмбравыя адценні, а галоўнае — сфарміраваўшы само наша жаданне слухаць спевака і надалей ці проста “пераключыцца” на штосьці іншае (не абавязкова на іншы тэлеканал — можна і простана свае ўласныя думкі). Аднойчы я прапанавала адной спявачцы змяніць яе “любімы” колер (тая звычайна абірала чорны: мабыць, лічыла, што будзе выглядаць у ім больш стройнай), — і ўсе адразу пачалі адзначаць, што яна стала значна лепей спяваць! А справа ж была не ў самім колеры, а ў тым, што ён не

пасаваў ні яе ўласнаму вобразу, колеру валасоў, ні тэкстам яе песень.

— Наконт чорнага. Вы, мабыць, заўважылі, што колеравая гама гала-канцэрта закрыцця сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску” была, за рэдкім выключэннем,чорна-белай. Не ведаю, як вашы ўражанні, а ў мяне яны — такія ж “паласатыя” з рэдкай светлай палоскай на агульным фоне...

— Чорна-белая палітра сама па сабе выклікае асацыяцыі з супер-дзелавой абстаноўкай, нават з жалобай. Ці ж гэта фестывальны настрой?

— Мне здаецца таксама, што яна быццам “выключае” відовішчныя эфекты, што можа быць прыдатна, да прыкладу, у акадэмічнай музыцы: невыпадкова, мабыць, многія любяць слухаць класіку з заплюшчанымі вачыма.

— Але ж летні фестываль на адкрытым паветры вымагае іншага!

Вы звярнулі ўвагу на публіку? Яна ж сваім адзеннем таксама быццам “падказвае” арганізатарам і рэжысёрам, чаго яна чакае ад свята. Я ўжо некалькі гадоў назіраю за “Славянскім базарам у Віцебску” не толькі звонку, але і “знутры”. Прыглядаюся не толькі да закулісся, але і да саміх гараджан, да таго, як змяняецца іх знешнасць пад час фестывалю. І як па-рознаму апрануты тыя, хто накіроўваецца на фестывальны канцэрт ці проста гуляе воддаль і глядзіць выступленні па вялікім экране, што ўсталяваны на плошчы.

Віцябчане (і асабліва віцябчанкі) шыюць сабе да фестывалю новыя строі — так раней модніцы рыхтаваліся да пачатку бальнага сезона. Летась многія не змаглі прадэманстраваць іх напоўніцу, бо фестывальныя дні былі даждлівымі. Сёлета ж сярод публікі пераважаў жоўты колер.

— Гледачы быццам хацелі “прыцягнуць” на фестываль сонейка.

— Дый увогуле панавалі яркія, насычаныя, святочныя фарбы. Вось вам і адказ, чаго прагне публіка.

Паўтарыць памылкі артыста і выправіць іх?

А што прапануюць гледачам артысты? Ці заўсёды іх вобраз “трапляе ў дзесятку”? Ці заўсёды адпавядае абраным песням? І як увогуле гэты вобраз ствараецца.

У закуліссі нашага фестывалю працуюць дзве стылісткі і візажыстка. Працы ў дзяўчат хапае, асабліва на гала-канцэртах.

— Рэдка хто з артыстаў ездзіць са сваім стылістам, — расказваюць яны. — Таму перад выступленнем трэба кожнаму “навесці прыгажосць”: зрабіць гэта хутка і патрапіць у калісьці знойдзены імі вобраз.

Некаторыя адразу паказваюць выяву: фотаздымак, нават проста здымак на мабільным тэлефоне, каб было больш зразумела, чаго яны хочуць. А некаторыя тлумачаць “на пальцах”: маўляў, вось тут зрабіце завіток, і тут, і там. А тут — вочы падфарбуйце, і хопіць з мяне. Бываюць і прыдзірлівыя: усё не так, а як трэба — растлумачыць не могуць. Мабыць, і самі не ведаюць?

Святлана Радчанка таксама ў мінулыя гады працавала на “Славянскім базары ў Віцебску”. Але:

— Шчыра прызнацца, мяне мая праца не задавальняла.

— Няўжо нелюбімая прафесія? Ніколі не паверу!

— Наадварот: за прафесію крыўдна. Бо часам ты бачыш усе недасканаласці створанага артыстам знешняга вобраза, а змяніць ужо нічога не можаш. І вымушаны проста паўтарыць зробленыя кімсьці іншым (часцей за ўсё, самім артыстам) памылкі. Усё ж змена іміджа — працэс дастаткова працяглы. І справа не толькі ў тым, каб паспець усё гэта прыдумаць і ўвасобіць, але і, галоўнае, у тым, каб спявак адчуў сябе ў новым вобразе натуральна. А ёсць жа яшчэ і забабоны: маўляў, мне не так пасмачку пакладуць — вось я і праспяваю дрэнна. Асабліва гэта тычыцца канкурсантаў. Я заўсёды ў іх пыталася: а якая песня? І ўжо зыходзячы з гэтага, думала, што зрабіць з валасамі. Памятаю, адна канкурсантка выконвала пяшчотную, крыху сумную, песню пра маці. І са сваімі доўгімі валасамі нічога не збіралася рабіць: маўляў, хай проста так застаецца, чым прасцей — тым лепш. Але я зрабіла ёй зверху штосьці накшталт “сетачкі” — тыя ж доўгія валасы былі зашчыплены ў вузельчыкі. Адчуванне — быццам паверх распушчаных валасоў накінута нябачная хустачка. Калі проста хустку накінуць — будзе і надта проста, і неяк па-бабску, быццам вяртанне ў мінулыя дзесяцігоддзі. А так — і сучасна, і вельмі адухоўлена. Цырульніцкае мастацтва — асаблівае. Здавалася б, што ў ім такога? Прычасаўся, не калматы — і добра. А між тым, правільна гавораць, што прыгажосць горада залежыць не толькі ад архітэктараў, але і ад цырульнікаў. Гэта сцвярджае і папулярная тэлеперадача “Модны прыгавор”: няма прычоскі — няма нічога. А ў тым жа Віцебску — я спецыяльна назірала — літаральна адзінкі з тысячы гараджан могуць пахваліцца дагледжанымі валасамі.

І, прабачце, немалую ролю ў гэтым адыгрывае фестываль: артысты ж таксама выхоўваюць публіку!

Адрознасць — без “местачковасці”!

Дык у чым выйсце? Мабыць, у яшчэ больш прадуманай падрыхтоўцы — і канкурсантаў, і фестывальных канцэртаў. Вядома, зоркам у гала-канцэрце не пачнеш рэзка мяняць імідж. Але калі б рэжысёры праглядалі будучыя выступленні (менавіта ў сцэнічных строях!), ці хаця б проста спрабавалі даведацца, хто ў якой сукенцы і якога колеру збіраецца выйсці, дык такія канцэрты можна было б зрэжысіраваць больш удала. Дый самі артысты, думаю, былі б удзячны даведацца яшчэ да канцэрта, а не пад час яго, што іх “канкурэнты” сёння вырашылі выйсці ў аднолькавым з імі “колеры”.

Што ж да канкурсантаў, дык працу над іх знешнім выглядам трэба, мабыць, пачынаць яшчэ да конкурсу — як гэта робіцца, да прыкладу, з аркестравымі рэпетыцыямі.

— З вялікай увагай і некаторай творчай рэўнасцю, — кажа Святлана Радчанка, — я сачыла за тэлетрансляцыямі “Новай хвалі” ў Юрмале. Можна не пагаджацца з тым ці іншым знешнім выглядам спевака, але заўважна, што над ім працавалі спецыялісты. Таму і конкурс быў, так бы мовіць, больш “канцэртны”: мы засяроджваліся не толькі на спеўнай манеры кожнага, але і на самім ствараемым песенным вобразе. Канкурсантаў, наколькі я ведаю, запрашаюць у Юрмалу за некалькі дзён да конкурсу і аддаюць іх у рукі прафесіяналаў. Так, я ніколі не пагаджуся з тым, які вобраз стварылі нашаму Дзядзю Ваню ў першы конкурсны дзень.

Не, сама па сабе постаць атрымалася каларытнай, запамінальнай: адныя толькі целагрэйка ды вушанка чаго вартыя! Але ж ці ўпісваўся такі вобраз у праграму вечара — “Сусветныя хіты”? Не, не і не! Адпаведнымі былі і адзнакі журы. Думаю, члены журы проста “не пачулі” спеву, бо аказаліся падманутымі “дзядоўска-местачковым” іміджам саліста.

А колькі бывае такой “местачковасці” — абсалютна ненаўмыснай! — на дзіцячым конкурсе “Славянскага базару ў Віцебску”! Маці намагаюцца як мага лепей упрыгожыць сваіх дзяўчынак, а атрымліваецца — пародыя на дарослых. “Дарослая” касметыка (бо знойдзеныя для сябе адценні яны пераносяць на сваіх дачок), “дарослыя” завушніцы, іншыя дадатковыя аксесуары здольныя парушыць любы сцэнічны строй, над якім працавалі прафесійныя мадэльеры. Увогуле, гэта яшчэ адна праблема: мадэльер, стыліст, візажыст — кожны адказвае за сваю сферу. А патрабуецца іміджмейкер, які адказваў бы за агульны вобраз: бы той рэжысёр, што трымае ў руках нітачкі ўсяго разгортвання дзеі. І робіць яе прыцягальнай для публікі.

Сапраўды, як зрабіць больш прыцягальным для публікі той ці іншы канцэрт, асабліва конкурс? Пытанне вельмі актуальнае, бо сёлета запаўняльнасць залы, напрыклад, Летняга амфітэатра, як адзначыў віцэ-прэм’ер нашай краіны Аляксандр Косінец (гл. “К” № 30), у першы конкурсны дзень фіналу была ўсяго 15 працэнтаў, у другі — 35. Сярод прапаноў — запрашэнне ў пазаконкурсную праграму віцебскага спаборніцтва спеваў вечара самых любімых папулярных артыстаў, унясенне ў самі конкурсныя выступленні элементаў шоу, у тым ліку з дапамогай харэаграфіі. І ўвогуле стварэнне больш яркага, запамінальнага відовішча. У тым ліку— з дапамогай іміджмейкераў!

 

Надзея БУНЦЭВІЧ