У чаканні джаз-клуба

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

Лепшай джазавай вакалісткай Беларусі часта называюць Яўгенію Лятун. Не ведаю, ці захоча хто з гэтым спрачацца, але на нашай джазавай сцэне па аўтарытэце і вядомасці роўных ёй няма. Джаз у Беларусі — жанр элітарны, нямасавы, кожны афішны канцэрт на вялікай сцэне становіцца падзеяй. Такой для аматараў джаза стала і сольная праграма Трыа Яўгеніі Лятун у мінскай канцэртнай зале “Верхні горад”.

/i/content/pi/cult/758/16400/15.jpgКласічны джазавы склад: вакал — Яўгенія Лятун, фартэпіяна — Максім Лоскутаў, бас-гітара — Людміла Крукоўская. Усе музыканты з імем у музычным свеце. Максім Лоскутаў — лаўрэат міжнародных конкурсаў, іграў у Нацыянальным акадэмічным аркестры Беларусі і ў Прэзідэнцкім аркестры, супрацоўнічаў з сусветнымі зоркамі джаза. Людміла Крукоўская — унікальная бас-гітарыстка, удзельніца многіх калектываў і джазавых праектаў, з некаторага часу і сама кіраўнік канцэртнага праекта BlackWhiteJazz, які ўжо некалькі гадоў паспяхова развівае джаз у Беларусі.

Яўгенію Лятун як вакалістку адрознівае незвычайны тэмбр голаса, шырокі дыяпазон, валоданне рознымі складанымі тэхнікамі: напрыклад, яна ўмее спяваць скэтам, гэта значыць, імітаваць музычны інструмент, што на канцэрце і было бліскуча
прадэманстравана з бас-гітарай і раялем. Кар’еру артыстка пачынала 20 гадоў таму ў аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, была лаўрэатам міжнародных фестываляў і конкурсаў, многа гадоў выкладала эстрадны вакал ва Універсітэце культуры і мастацтваў у Мінску. А праз пэўны час па шэрагу прычын вярнулася ў родны Пінск. І там таксама выкладае эстрадны вакал — у той жа музычнай школе, якую калісьці сама скончыла.

— Ужо трэці год, як я вярнулася ў Пінск, — расказвае Яўгенія. — Быў момант, калі трэба было прыняць рашэнне, і зоркі так сышліся, што я цяпер тут. І ні секунды пра гэта не шкадую. Не магу сказаць, што ад’езд са сталіцы моцна перашкодзіў маёй дзейнасці як спявачкі, я выязджаю з выступленнямі. Да таго ж і ў Пінску ўжо правяла два свае сольныя канцэрты, запрашаю музыкантаў з Мінска, Гомеля, Гродна. Так што ў маім горадзе джаз цяпер таксама гучыць.

Увечар 8 жніўня джаз слухалі ў цэнтры Мінска. Настрой быў зададзены ад самага пачатку: прыхільнікі, у тым ліку і многія вядомыя асобы і творцы, сталі дарыць артыстцы кветкі. Бо канцэрт супаў з днём нараджэння Яўгеніі Лятун. І яна так расчулілася, што ва ўласцівай ёй манеры пажартавала: “зараз будзе канцэрт не джазавай музыкі, а джазавых рыданняў”.

Канцэртная зала “Верхні горад” — асаблівая. На гэтым месцы ў XVII стагоддзі стаяла царква Святога Духа, на пачатку XX стагоддзя тут быў галоўны праваслаўны храм Мінска, які потым разбурылі. У 2009-м годзе пачалося аднаўленне будынка царквы па ўзору XVII стагоддзя, які цяпер і з’яўляецца канцэртнай залай “Верхні горад”. Канешне, само памяшканне, яго аздабленне, жырандолі, вокны з вітражамі і агульная філарманічная атмасфера накладваюць адбітак на канцэртныя праграмы. Вольны і свабодалюбівы джаз у гэтых сценах таксама пачынае гучаць трохі акадэмічна.

Але ў Трыа Яўгеніі Лятун і не было задачы забаўляць. Раней казалі, што “джаз — гэта музыка тоўстых”, а ў гэтым выпадку джаз быў “музыкай разумных”. Праект BlackWhiteJazz, які і ладзіў імпрэзу, увогуле на першае месца ставіць аўтарскі джаз, таму вядомыя творы гучалі менавіта ў апрацоўках, зробленых Яўгеніяй Лятун і Людмілай Крукоўскай. Як абяцалася папярэдне, аранжыроўкі здзівяць слухачоў, бо музыканты не баяцца эксперыментаваць. Так яно, бадай што, і адбылося. Акрамя таго, прагучалі аўтарскія кампазіцыі. Асабліва хочацца звярнуць увагу на прэм’еру песні “Калыханка” на беларускай мове, якая калі-небудзь, магчыма, стане беларускім так званым джазавым стандартам.

Фармат акустычнага трыа — без барабанаў і іншых гучных інструментаў — класіка жанру для сапраўдных меламанаў.

— Іграць такім складам могуць сабе дазволіць музыканты сталыя, якім ёсць што сказаць і паказаць, якія маюць пачуццё густу і шмат чаго перажылі. Тут няма за што схавацца і чым упрыгожыцца. Для таго, каб утрох існаваць на сцэне і разам ствараць музыку, трэба вельмі добра адчуваць адно аднаго, — гаворыць Яўгенія Лятун.

Нарадзіўся калектыў калісьці з блізкага сяброўства, і самі музыканты сцвярджаюць, што паміж імі на сцэне ўзнікаюць нават нейкія містычныя сувязі, дзякуючы якім ствараюцца нечаканыя і яскравыя сумесныя імправізацыі. Былі яны і ў гэты вечар, бо канцэрт не можа быць джазавым без імправізацый. Складаная акустыка залы ў выніку была пераможана майстэрствам музыкантаў і артыстычным тэмпераментам самой Яўгеніі Лятун.

Выступленне Трыа Яўгеніі Лятун стала чарговым канцэртам аўтарскага джаза, арганізаваным праектам Людмілы Крукоўскай BlackWhiteJazz.

— Джазавага клуба ў нас дагэтуль няма, і таму нашы цудоўныя прафесійныя музыканты выконваюць практычна толькі чужую музыку, а не сваю, — гаворыць бас-гітарыстка Людміла Крукоўская. — У нас за некалькі гадоў прайшло канцэртаў 50, і я лічу сапраўдным дасягненнем тое, што многія пачалі іграць і ствараць аўтарскія праграмы. Увогуле, нешта зрушылася ў Беларусі ў плане джаза ў лепшы бок — і публіка пачала больш цікавіцца, і колькасць канцэртаў з фестывалямі расце. Немалая заслуга ў гэтым, я лічу, і нашага канцэртнага праекта, які аб’ядноўвае вакол сябе лепшых музыкантаў Беларусі.