Сюррэалізм як… прага любові

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

Да творчасці драматурга Дзмітрыя Данілава ў Беларусі ўжо звярталіся. П’есу “Чалавек з Падольска”, за якую драматург атрымаў Расійскую нацыянальную тэатральную прэмію “Залатая маска”, у сталічным Маладзёжным тэатры ставіў Дзмітрый Багаслаўскі. Не так даўно адбылася новая прэм’ера паводле Данілава: у Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы рэжысёр Дзяніс Фёдараў паставіў спектакль “Сярожа вельмі тупы”.

/i/content/pi/cult/758/16398/12.jpgСцэнограф Фёдар Калодзіч размеркаваў глядацкія месцы — уключаючы бескаркасныя VIP-крэслы — з трох бакоў вакол квадратнага памоста. Пляцоўка для дзеяння ўяўляе свайго роду сцэну-скрыню з празрыстымі, умоўнымі сценкамі. Сцэнічны дызайн фармуюць лямпы з бліскучымі плафонамі і экран, што скупа выкарыстоўваецца для адлюстравання рэальных і фантастычных відэазванкоў. Касцюмы персанажаў дакладна ствараюць і падрабязна перадаюць вобразы нашых сучаснікаў (мастак — Таццяна Карвякова). У спектаклі гучыць музыка ў стылі “лаўндж”, адмыслова напісаная брэсцкім электронным кампазітарам Дзмітрыем Рамановічам, які працуе пад псеўданімам AVIAVI — і гэта натуральны свет хіпстэрскіх кавярняў, буцікоў, лофтаў і сталічных офісаў IT-кампаній.

Сюжэт п’есы дакладна ўкладаецца ў біблейскі архетып “гасціннасць Аўраама”, дзе фігуруюць тры анёлы (кур’еры розных пакаленняў — усе яны родам з Узды і клічуць іх Мікалаямі), Аўраам (айцішнік Сярожа) і Сара (дызайнер Маша — жонка Сярожы). У спектаклі занятыя вядучыя акцёры брэсцкай сцэны: Міхаіл Ільіч выходзіць у ролі Сярожы, Яўгенія Гадун — Машы, Генадзь Чурыкаў, Вячаслаў Цыцкоўскі і Іван Гізмант граюць кур’ераў. Артысты працуюць ва ўсёй прасторы малой залы, час ад часу імправізуючы з гледачамі.

Паводле Старога Запавету, Гасподзь з’явіўся Аўрааму ў вобразе трох мужоў-падарожнікаў, трох анёлаў, абвясціўшы, што састарэлая Сара народзіць Ісаака, сын якога стане родапачынальнікам “плямёнаў Ізраілевых”, а гэта значыць — новай цывілізацыі. Аднак у сям’і Сярожы цуд не здарыцца, таму што, падгавораны Машай, ён выкіне фанерную скрыню, што прынеслі загадкавыя кур’еры. Маленькая скрыня — гэта ненароджанае дзіця, бо з першых дзён жыцця чалавек змяшчаецца грамадствам у футарал нормаў і чаканняў. У сваю чаргу, вялікая скрыня ў інтрадукцыі — сацыяльная абалонка Сярожы. З’яўленне галоўнага героя рэжысёр вызначае як стварэнне Адама, які арганізуе прастору вакол сябе пры дапамозе ўдала падабранага рэквізіту, што адлюстроўвае матэрыяльны свет сучаснага 30-гадовага мужчыны. Тая ж вялікая скрыня ў фінале — грабніца неадбыўшагася патрыярха лічбавай, “пасляпатопнай” эры. Смерць паўстае ў спектаклі як нешта будзённае, сярод пустой балбатні за вячэрнім келіхам віна.

Вобраз Машы, яе імідж — у стылёвых буйных акулярах і белым шаўковым капюшоне ствараюць ілюзію прысутнасці гераіні на працягу ўсяго дзеяння, нягледзячы на тое, што яна з’явіцца толькі ў другім акце, нібы Сара, якая хавалася за полагам шатра і падслухоўвала размову Аўраама з анёламі. Сярожа нават няздольны пабудаваць дыялог з незнаёмцамі, а Маша ветліва частуе іх гарбатай і размаўляе з імі так, нібы яна ў змове з няпрошанымі гасцямі, а гэта значыць — ведае аб сваёй цяжарнасці. Наступныя танец і рэп-маналог Машы раскрываюць сутнасць яе адносін з мужам.

Пастановачны жанр road movie у поўнай меры адпавядае драме Данілава, у якой аўтар звяртаецца да ўласцівых рускай культуры ідэй будучыні народа і пошуку ўнікальнага шляху. У творы выразна асуджаюцца індывідуалізм, спажывецкія каштоўнасці, імкненне да імгненнага камфорту. Кантрапунктам становіцца гутарка пра веру ў Бога ля старадаўняй бабулінай іконы з інфернальнымі пасыльнымі, якія прайшлі падрыхтоўку ў невядомай Акадэміі персанальнай лагістыкі. У гэтым эпізодзе ўводзіцца Багародзічны абраз “Замілаванне” як сімвал прагі Любові, якую ўвесь час адчувае чалавечая душа. Іранічна гучыць стылізацыя пад данскую казачую песню ў выкананні кур’ераў (на жаль, сцэнічная мова і вакал у спектаклі павінны быць больш дасканалымі).

Да ашалеласці даводзіць гледача танец і слоган пасыльных — дакучлівая рэклама службы дастаўкі, што працуе па адрасе, якога не існуе. Усе пазаштатныя сітуацыі ў працы службы адбываюцца на мяжы жыцця і смерці: вымушаная хірургічная аперацыя, выратаванне атрымальніка ад суіцыду, памінальная літургія. Адрыў IT-праслойкі ад жыцця грамадства, парушэнне “сувязі часоў” высмейваюцца ў дзеі, дзе кур’еры гуляюць з Сярожам у “гарады”, а той здзіўляецца нават таму, што дзесьці ёсць горад пад назвай Узда.

Рэжысёрскае вырашэнне п’есы і спосаб існавання артыстаў сюррэалістычныя, але не абсурдныя — звычайна драматургія Данілава класіфікуецца менавіта так. Ролю адпраўніка таямнічай пасылкі (у вызначанай іканаграфіі — Бога Айца) на відэа, што транслюецца на экран, сыграў сам рэжысёр.

У сучасным рэпертуары Брэсцкага тэатра драмы — трэба адзначыць, вельмі кансерватыўным — спектакль “Сярожа вельмі тупы” выглядае асобным і самадастатковым. Альтэрнатыўны напрамак у творчасці тэатра на XXIV Міжнародным фестывалі “Белая Вежа“ будзе прадстаўлены менавіта гэтай сцэнічнай працай.

Зміцер ЕРМАЛОВІЧ-ДАШЧЫНСКІ, тэатразнаўца

Фота Таісіі ОСІПАВАЙ