Ёсць пасіянарый — ёсць прагрэс…

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

Лета — найлепшы час для валанцёрскіх ініцыятыў па захаванні тых ці іншых аб’ектаў спадчыны. Іх лік два гады таму папоўніла колішняя сядзіба Храптовічаў у Шчорсах — і здарылася гэта, як падаецца, вельмі своечасова. Бо дасюль маёнтак паволі працягвае руйнавацца, паколькі ўсе папярэднія спробы распачаць ягонае адраджэнне вялікага плёну не займелі. Ці атрымаецца гэтым разам?

/i/content/pi/cult/758/16394/7.jpgАўкцыён — аўкцыёнам, а прыборка — прыборкай

Стары парк у Шчорсах выглядае неахайна і нерамантычна: хмыззё, вецце, пашарпаныя разваліны, зарослая сажалка… Тым не меней, вялізная група турыстаў з цікавасцю слухае экскурсію. Іх увага да гэтага месца заканамерная. Сядзіба ў Шчорсах — гэта не проста адно з соцень спустошаных родавых гнёздаў з бадай аднолькавай сумнай гісторыяй. Гід бы з рога дастатку выцягвае адзін прывабны факт з яе мінуўшчыны за другім: рэформы Іахіма Храптовіча, яго знакамітая бібліятэка, Міцкевіч ды іншыя славутасці таго часу…

Тым не меней, шыкоўны гістарычны бэкграўнд на лёс гэтага помніка спадчыны бадай ніяк не ўплывае. З ім дасюль адбываецца тое самае, што і з дзясяткамі іншых — паступовая дэградацыя.

Яшчэ адносна нядаўна флігелі палаца і гаспадарчы двор неяк выкарыстоўваліся, хоць сабе і несамавіта. Школа, дзіцячы садок, жылыя дамы… Сёння — татальнае запусценне. Апошняй з’ехала крама а-ля сельпо. Зразумела, “нічыйны” статус руйнаванне паскорыў. Нават паштовачнага выгляду вяндлярня нядаўна займела прабоіны ў сваім шыкоўным гонтавым даху. Значыць, яшчэ пару-тройку гадоў — і гонты не будзе.

Парэшткі былой велічы мясцовыя ўлады імкнуцца прадаць з аўкцыёна. Іх прайшло ўжо багата, і ўсё безвынікова. Цана не тое каб надта кусаецца, але ж кожны разумее: вялізны комплекс патрабуе шалёных укладанняў. Пагатоў, паводле ўмоваў аўкцыёна, увесці яго ва ўжытак належыць аўральнымі тэмпамі — усяго за чатыры гады.

— І тут праблема найперш у тым, што пакуль аб’ект прадаецца (а гэта можа доўжыцца гадамі), у яго ніхто не ўкладае ні грошай, ні намаганняў. Маўляў, навошта: хай іх укладае ўжо новы ўласнік, — кажа старшыня культурна-асветніцкага фонду “Шчорсы і Храптовічы” Ганна Булда.

Сама яна перакананая, што такая вялікая і знакавая сядзіба павінна застацца на балансе дзяржавы. А супрацьстаяць няўмольнаму працэсу заняпаду варта несупынна, без залежнасці ад аўкцыёнаў.

І вось, у Шчорсах ужо трэці сезон працуюць валанцёры — хлопцы і дзяўчаты з мінскіх ВНУ. Яны вызвалілі ад вецця і смецця тое месца, дзе да Першай сусветнай стаяў палац Храптовічаў, грунтоўна прыбраліся ў фальварку “Мураванка”, а цяпер вось заняліся расчысткай меліяратыўнага канала, каб спыніць падтапленне парку. У адну змену прыязджае пад два дзясяткі чалавек. Цягам двух тыдняў яны спяць на падлозе ў звычайнай вясковай хаце, гуляюць з мясцовай моладдзю ў валейбол, адрываюцца на “дыскачах”… І, вядома ж, робяць добрую справу.

У ахвотніках нястачы няма — наадварот, ёсць нават невялічкі конкурс. Рамантыка прываблівае многіх. Але толькі чамусьці не мясцовых. Як кажа Ганна Булда, адносіны да яе ініцытыў тут, вядома, ухвальныя, але… пасіўныя.

— Бывае, запросіш на суботнік чалавек дваццаць, і ўсе паабяцаюць, што прыйдуць, — кажа яна. — А прыходзіць хіба пару чалавек. Нават не ведаю, як гэта пераламаць. Чаму людзі не ўспрымаюць свае адметнасці як тое, што вартае высілкаў?

Каб знайсці паразуменне з мясцовай супольнасцю, фонд на грантаўскія грошы паставіў у парку прыгожую альтанку з дзіцячай пляцоўкай. Летась ладзіў і кінапаказы пад адкрытым небам, але нешта яно не пайшло.

Пусціць карані

/i/content/pi/cult/758/16394/8.JPGМінчанка Ганна Булда вітае мяне на парозе сваёй паўразбуранай хаціны, якую яна зусім нядаўна купіла ў Шчорсах. Што яшчэ раз само па сабе сведчыць: карані яна пусціла тут глыбока. “Тубыльцы” яе ўжо даўно прымаюць за сваю і часцяком завітваюць па нейкай справе ці “проста пагаварыць”. Хаця родам яна не адсюль, сваякоў тут не мае. Ды і наогул: пра існаванне такой вёскі, як Шчорсы, даведалася не так і даўно.

— Аднойчы я сасніла, што займаюся аднаўленнем прыгожай шляхецкай сядзібы, — распавядае яна фантастычную гісторыю свайго з’яўлення ў гэтых мясцінах. — А якой менавіта — не зразумела. Прачнулася — і стала шукаць. Звярнулася па кансультацыі да вядомага прафесара Анатоля Федарука, той даў мне цэлы спіс. Але як толькі я “нагугліла” Шчорсы, адразу адчула: гэта маё!

На пачатку ў спадарыні Ганны быў намер знайсці для гэтай сядзібы інвестара. Але яе спробы ніякага плёну не прынеслі: ніхто не хацеў укладацца ў такі аб’ект. Кожны бізнесмен разумее, што ён патрабуе тытанічнай працы і вялізных затратаў, якія нават у найлепшым выпадку пачнуць вяртацца праз дзесяцігоддзі. І тады яе выкладчыца ў
Белдзяржунівесітэце культуры і мастацтваў (Ганна сканчала “завочку” па менеджменце ўжо ў сталым веку) Святлана Ганчарова параіла іншы спосаб: стварыць дабрачынны фонд. Па парады яна парэкамендавала звярнуцца да свайго былога студэнта — цяперашняга дырэктара Нацыянальнага гістарычнага Паўла Сапоцькі, які раней працаваў у фондзе “Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага”.

— Павел Міхайлавіч вельмі кантактны чалавек і лёгка адгукнуўся. Яго кансультацыі істотна дапамаглі мне прайсці розныя юрыдычныя працэдуры, — распавядае спадарыня Ганна. — А іх, трэба адзначыць, было нямала. Не так і лёгка зарэгістраваць фонд.

А пасля таго, як новы фонд з’явіўся на свет — прычым не толькі дэ-юрэ, як некаторыя іншыя грамадскія арганізацыі, — жыццё Ганны Булда ў корні змянілася. У мінулым засталося “звычайная” праца і тыповы сталічны побыт. Фонд, справамі якога яна займаецца пастаянна, высмоктвае ўсе сілы і час. А грошай не дае. Спярша для дырэктара планаваўся заробак, але
неўзабаве выявілася, што плаціць яго проста няма з чаго.

Што адметна, дзейнасць фонду пачалася не з амбітных пачынаў, а з навядзення парадку ў сядзібе і неабходных даследаванняў. Супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі агледзелі парк, і валанцёры потым кіраваліся іх рэкамендацыямі.

А затым фонд узяўся за такую цяжкую, але неабходную справу, як стварэнне праектаў ахоўных зон. І паспяхова яе завяршыў: дакумент сёння чакае зацвярджэння Міністэрства культуры краіны. Праўда, дасюль яшчэ вінаваты за працу навукова-праектнаму цэнтру “Рэстабіліс”, але паколькі архітэктары адтуль — людзі патрыятычныя, пра пазыку яны не нагадваюць.

Між тым, праект зон аховы трэба было б распрацаваць даўно. Тады б не ўзнікла прынамсі аднаго непаразумення.

Паркан пасярод парку

Літаральна ўсутыч да найбольш прывабнай і найлепш ацалелай (пакуль што) часткі маёнтка — закінутага дома аканома — усталяваны высокі жалезны паркан. Ён пазначае прыватную тэрыторыю. Аграсядзіба, якая з’явілася ў парку некалькі гадоў таму, выглядае на агульным тле выспачкай упарадкаванасці. Пагатоў, не можа не радаваць і ейны гістарычны ўхіл.

Але гэта сёння, а вось заўтра (пры аптымістычным развіцці падзей), калі з’явіцца агульнае разуменне, што рабіць з помнікам, і сродкі для ўвасаблення той канцэпцыі, могуць узнікнуць не абы-якія праблемы. Бо абгараджаная парканам прыватная тэрыторыя — гэта свайго кшталту “іншародны аб’ект” у гістарычным ансамблі. Наяўнасць у аднаго гістарычнага комплексу розных уласнікаў, а іх тут ужо і без прыватніка ажно чатыры, рэдка калі прыводзіць да дабра.

Гаспадар аграсядзібы прыдбаў невялічкую камянічку, якая ўваходзіла ў склад ансамбля (калі побач была школа, там жылі настаўнікі, таму і сёння той дом называюць “настаўніцкім”), істотна яе перарабіў і “дапоўніў” іншымі пабудовамі. Болей за тое — як уласнік маёмасці, ён звярнуўся ў сельсавет з просьбай выдзеліць яму ўчастак у 25 сотак, і яго атрымаў. Так і з’явіўся паркан. Апрача мясцовых уладаў, ён нікуды і не звяртаўся — у чым неаднаразова прызнаваўся ў СМІ.

Зразумела, у абазнанага ў заканадаўстве чалавека тут можа ўзнікнуць пара-тройка пытанняў. Па-першае, чаму гэтае пагадненне аб набыцці не была ўзгодненая з Міністэрствам культуры краіны — што цалкам неабходна ў выпадку з каштоўнасцю катэгорыі 2 (рэспубліканскага значэння)? І па-другое — чаму будаўнічыя работы на тэрыторыі помніка спадчыны распачаліся да распрацоўкі праекта зон аховы — хаця Кодэкс аб культуры гэта забараняе?

Варта адзначыць, што непасрэдна тая камянічка, пра якую вядзецца гутарка, у адпаведным артыкуле Дзяржспісу не згадваецца — хаця яе прыналежнасць да сядзібнага комлексу сумневаў у даследчыкаў не выклікае. Таму ўзгадняючы пагадненне, мясцовыя ўлады, пэўна, вырашылі, што заканадаўства аб ахове спадчыны на той будынак не распаўсюджваецца. Але ж у Дзяржспісе ў якасці аб’екта аховы пазначаны парк, на тэрыторыі якога камяніца стаіць. Хіба гэтага не дастаткова?

Урэшце, у мяне ўзнікла і яшчэ адно пытанне: чаму ж уласнік сядзібы, які заяўляе пра намер паспрыяць адраджэнню Шчорсаў, не робіць гэта “як трэба” — ды яшчэ і супольна з фондам? Як распавяла спадарыня Ганна, пачыналі яны і сапраўды разам, але потым сцяжынкі разышліся праз розныя непаразуменні. Што ж, шкада!

Дарэчы, сам парк плошчай болей за 30 гектар таксама спараджае нямала праблем. То старыя дрэвы спілуюць у рамках “добраўпарадкавання”, то лішак вады пачне ствараць праблему для раслін… Ды і агульны яго выгляд, як я ўжо казаў, пакуль не ўражвае.

Ганна Булда дамагаецца ад мясцовых уладаў рэгулярных пакосаў. Калі гэтага не рабіць, зачышчаная валанцёрамі тэрыторыя вельмі хутка зноў пераўтворыцца ў джунглі. І ўрэшце дасягнутае папярэдняе пагадненне: неўзабаве ў сельсавеце будзе адкрытая вакансія для чалавека, чыёй працай стане добраўпарадкаванне парку. Хочацца верыць, тады ён будзе выглядаць больш прэзентабельна.

Зрэшты, аднаго чалавека тут замала: надта вялікія плошчы. А калі яшчэ ўлічыць, што ў кіламетры-другім ад сядзібы Храптовічы заснавалі свой фальварак “Мураванка”… Вонкава ён вельмі падобны да сярэднявечнага замка, і цяжка паверыць, што вежы насамрэч выкарыстоўваліся ў якасці кармасховішчаў.

Лёс гэтага славутага сельскагаспаларчага комплексу здаваўся зусім ужо безнадзейным — хаця б таму, што ён нават не ўключаны ў Дзяржспіс. Дахі даўно праваліліся. Вялізная тэрыторыя зарасла такім хмыззём, што праз яго было цяжка прабіцца.

Але летась валанцёры зладзілі там генеральную прыборку. Хмыззё павыкошвалі, раскрыўшы старую брукаванку. І сёння фальварак выглядае зусім іначай. Яго хараство можна ўбачыць з недалёкай шашы. Як вынік — машыны сталі сюды збочваць. За палову гадзіны налічыў іх шэсць. І здзівіўся: як мала трэба, каб пераўтварыць разваліны ў тураб’ект!

Прычым большасць наведальнікаў сёе-тое пра Храптовічаў ведае — а нехта і сам вам распавядзе мясцовыя гісторыі, пачутыя ад бабулі.

— Гаспадара б сюды! — кажа адзін з наведвальнікаў. — Іначай парадку не будзе.

У бліжэйшых планах фонда — распрацоўка дакладнай канцэпцыі выкарыстання маёнтка. Ганна Булда як чалавек высокаарганізаваны лічыць гэта не простай фармальнасцю: трэба яшчэ на беразе вызначыцца з тым, што належыць рабіць, а потым ужо пачынаць.

Але ці ажыццявяцца добрыя намеры і ці зменіць свой вектар сумны пакуль што ход рэчаў? Тут у нашых варунках усё залежыць ад асобы.

Кожная з падобных ініцыятыў у справе аховы спадчыны ўтрымлівае аднолькавую дэталь. У эпіцэнтры амаль заўсёды самаахвярны пасіянарый, які гуртуе вакол сябе іншых. Ёсць пасіянарый — ёсць прагрэс. З аднаго боку, такая залежнасць ад чалавечага фактару сведчыць пра брак сістэмнасці. З іншага — добра, што такіх “апекуноў” у нашых помнікаў становіцца ўсё болей. І, вядома ж, вельмі радуе яго з’яўленне і ў Шчорсаў.