Верыць у народ і край

№ 33 (1420) 17.08.2019 - 24.08.2019 г

Вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Павел Каралёў паведаміў “К”, што 20 жніўня купалаўцы прэзентуюць выставу “У народ і край свой толькі веру”. Такім чынам будзе адзначана стагоддзе з дня смерці выбітнага грамадскага дзеяча, палітыка і археолага Івана Луцкевіча. Як сцвярджае Павел Каралёў, упершыню ў краіне ў межах асобнай выставы музейшчыкі збіраюцца адлюстраваць шлях Івана Луцкевіча, які значна паўплываў на станаўленне асобы Янкі Купалы.

/i/content/pi/cult/758/16391/5.JPGДзякуючы Луцкевічу быў заснаваны “Беларускі музей”, аснову якога склалі зборы слуцкіх паясоў, рыцарскія даспехі, рукапісныя зборнікі Янкі Купалы “Паўлінка”, “Сон на кургане”, “Шляхам жыцця”, захаваныя Іванам Луцкевічам. У пасляваенны час гэтыя фонды пасля расфарміравання ўстановы сталі падставай для ўзнікнення шэрагу музеяў у Літве і Беларусі.

Згаданыя зборнікі Песняра таксама можна будзе пабачыць падчас выставы ў Купалаўскім. Экспазіцыю запланавана скласці і са збораў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, грамадскай арганізацыі “Беларускі музей імя Івана Луцкевіча” (Вільнюс, Літва). Упершыню будуць дэманстравацца асабістыя рэчы Івана Луцкевіча з прыватнага сямейнага архіва.

20 жніўня адбудзецца і асвячэнне памятнага каменя на месцы сядзібы Луцкевічаў у парку Янкі Купалы.

Старэйшыя браты Луцкевічы адыгралі важную ролю ў лёсе Янкі Купалы. Менавіта Іван і Антон запрасілі пісьменніка на працу ў рэдакцыю “Нашай Нівы”. А малодшы брат Стэфан уратаваў Песняра, калі той спрабаваў скончыць жыццё самагубствам падчас сталінскіх рэпрэсій 1930 года. Ліставанне паміж Купалам і Луцкевічамі таксама будзе прадстаўлена на выставе.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"