Пабудуй свой горад

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

Апошнія дзесяцігоддзі жыццё так імкліва рушыць наперад, што дагнаць яго цяжка. Але трэба. Можа стацца, што дзякуючы прагрэсу, новым інфармацыйным тэхналогіям мы, сучасныя бібліятэкары, неяк скарэктуем альбо ўвогуле зменім далейшы шлях развіцця бібліятэчнай справы. Зразумела, што ў тым звыклым выглядзе, у якім нашы ўстановы існавалі доўгія дзесяцігоддзі, далей існаваць не атрымаецца. Вось прафесіяналам і даводзіцца шукаць штосьці новае, нестандартнае. Навагрудскія бібліятэкары такую фішку знайшлі, хоць і не адразу.

/i/content/pi/cult/757/16384/16.JPGУжо два гады пры нашай раённай бібліятэцы існуе міні-музей міні-макетаў “Страчаная спадчына”. Сёння можна гаварыць пра першыя вынікі музейнай дзейнасці. Ці спраўдзіліся чаканні, ці падабаецца наш музей наведвальнікам? Для нас гэта вельмі важна, бо шчыра хочам, каб бібліятэчныя старанні не былі дарэмнымі.

Пачнем са слова “міні”

Аднойчы да нас у музей зайшоў турыст з Польшчы, ён быў здзіўлены памерамі нашых двух музейных пакояў (усяго 20 м2). У нас усё камерна, усё пад рукой ды навідавоку. Таму дыялог з наведвальнікамі — пастаянны. І ім гэта вельмі падабаецца. З турыстамі працуем амаль што індывідуальна, пры гэтым уваходны білет, які дарэчы ўключае і экскурсію, каштуе смешныя па цяперашніх часах грошы: адзін рубель для дарослага і 50 капеек для дзіцяці.

Музей міні-макетаў узнік, можна сказаць, выпадкова. Так сышліся зоркі, што да нас у калектыў на працу прыйшла гісторык па адукацыі, былая супрацоўніца Навагрудскага краязнаўчага музея Кацярына Драчылоўская. У мастака бібліятэкі, Анатоля Бандзюкевіча, рукі здольныя да вырабу розных рэчаў. А дырэктар бібліятэкі Ірына Царук была ў захапленні ад макетаў музейнага комплексу “Мір”. Вось так у бібліятэцы знайшліся людзі, якія заахвоціліся гісторыяй Навагрудка 20 — 30-х гадоў ХХ стагоддзя. Так і нарадзіўся музейны пакой. Спачатку былі зроблены асобныя макеты. Некаторыя з іх нават не ўпісваліся ва ўказаны перыяд. З цягам часу даследчая краязнаўчая работа цалкам паглынула бібліятэкараў.

На маю асабістую думку, менавіта краязнаўчая дзейнасць — той кірунак, што можа надаць бібліятэцы новы фармат, які яна цяпер так упарта шукае. І не мае значэння, гарадская гэта бібліятэка ці сельская. Хто, калі не яна, будзе займацца заўжды актуальным даследаваннем гісторыі сваёй малой радзімы.

Паслуга — не асноўная

Дык вось, наш міні-музей быў адчынены ў чэрвені 2017 года. Пад яго спецыяльна былі адведзены два пакоі з асобным уваходам. Размяшчэнне нашай бібліятэкі вельмі прыдатнае: “на ростанях”. І адна з гэтых дарог вядзе на замак. Таму каля бібліятэкі і ўваходу ў музейны пакой праходзяць выключна ўсе турысты, якія прыязджаюць у Навагрудак. Праўда, гэта зусім не азначае, што яны аўтаматычна становяцца нашымі наведвальнікамі. Тут ужо, як мы пакруцімся, каго паклічам. Зазначу, што мы не супернічаем з Навагрудскім гісторыка-краязнаўчым музеем. Мы яго дапаўняем. Таму іншы раз экскурсіі да нас накіроўваюць і адтуль. Сёлета за паўгода наш міні-музей наведала больш за 600 чалавек, адпачатку ж яго адкрыцця — каля дзвюх з паловай тысяч. І нас такі паказчык вельмі задавальняе, бо гэта ж не асноўны від нашай дзейнасці, гэта дадатак. Галоўнае, што слава пра нашу “Страчаную спадчыну” расце.

Экспазіцыя музея ўключае міні-макеты рынкавай плошчы Навагрудка ў міжваенны перыяд (20 — 30-я гады ХХ стагоддзя), вузкакалейнай чыгункі “Наваельня — Любча” (1916 — 1965 гады), будынка былой бібліятэкі Яўхіма Храптовіча ў вёсцы Шчорсы, палацавага комплексу роду Храптовічаў, партызанскай стаянкі вёскі Чарэшля (1942 — 1944 гады); старыя фотаздымкі горада; выставу жывапісу мастака Яўгена Даўлюда; выставу кніг пачатку ХХ стагоддзя.

Канструктарскае бюро краязнаўства

Але музей “Страчаная спадчына” для наведвальнікаў — гэта не толькі экскурсіі па міні-макетах, на яго базе працуюць і эксклюзіўныя праграмы абслугоўвання як турыстаў, так і вучняў школ. У іх ліку “Навагрудказнаўства” — цыкл урокаў, якія робяць акцэнты на шматнацыянальны і шматканфесійны склад насельніцтва Навагрудка, а таксама лёсе асобных архітэктурных аб’ектаў горада. Канструктарскае бюро “Пабудуй свой горад” адметнае тым, што па гатовых чарцяжах збіраецца папяровы домік Рынкавай плошчы, прыдумваецца цікавая гісторыя пра яго жыхароў, а гатовы домік дазваляецца забраць дадому. “Навагрудак ваяводскі. Успомнім разам” — гэта настольная гульня, сутнасць якой заключаецца ў развіцці памяці і мыслення, калі ўдзельнікам з дапамогай магнітаў неабходна раскласці шыльды на будынкі і крамы Рынкавай плошчы: “Цырульня”, “Аптэка”, “Тэатр”, “Гатэль”, “Школа”, “Друкарня” і іншае.

У міні-музеі “Страчаная спадчына” ладзяцца і падзейныя мерапрыемствы. Дарэчы тут будзе ўспомніць рэтра-фотасесію маладых дзяўчат “Рэканструкцыя моды Навагрудка міжваеннага перыяду”, якая была арганізавана летам — восенню 2017 года, тэматычны ўрок-экскурсію на польскай мове “Гісторыя Навагрудка. Знамянальныя і памятныя мясціны”, этнаграфічную дыктоўку “Збяры ў сваім сэрцы Беларусь”, квэст “Пазнай Навагрудак” ды іншае.

Гандлярка ці актрыса

Падчас агульнагарадскіх свят у міні-музеі іншым разам арганізуецца анімацыйная праграма “100 гадоў таму”. Гэта спецыяльна адведзеная фотазона для гістарычных фота, дзе турысты могуць прымерыць на сябе вобразы навагрудчан XX стагоддзя: актрысы мясцовага тэатра, гандляркі, цырульніка, краўца і гэтак далей. Да паслуг модныя ў 20 — 30 гады аксесуары: каралі, радзікюлі, вееры, муфты ды іншае. Шырока выкарыстоўваецца фотабутафорыя — штучныя вусны, акуляры, люлька для палення ды іншыя. Асабліва запатрабаваныя капялюшыкі, ажурныя шалі, футравыя шапкі і муфты.

Аналізуючы дзейнасць нашага міні-музея, акрамя экскурсійнага абслугоўвання, эксклюзіўных праграм, падзейных мерапрыемстваў, трэба назваць шэраг іншых відаў паслуг, у прыватнасці, інтэрактыўныя гульні — пазл-гульня “Нефармальныя славутасці”, “Шкатулка з гісторыяй”, продаж магнітаў і сувенірнай прадукцыі. Яны ў нас закладзены ў прэйскуранце цэн. Уся гэтая дзейнасць мае плён, у фінансавым вымярэнні — таксама. За шэсць месяцаў бягучага года міні-музей зарабіў 162 рублі 50 капеек, што складае 9 працэнтаў ад платных паслуг па раённай бібліятэцы.

Увогуле, ёсць адчуванне, што мы рушым у правільным кірунку. Тэма страчанай спадчыны, закранутая бібліятэкай праз стварэнне міні-музея, ва ўсіх ракурсах сёння надзвычай актуальная, у тым ліку і ў плане захавання гістарычнай памяці народа. Гэта можна адсачыць нават па гарадскіх справах. У Навагрудку праз год пасля арганізацыі нашага музея — у 2018 годзе — быў заснаваны музей пад адкрытым небам з аднайменнай назвай “Страчаная спадчына”. Гэта таксама пацвярджае і абласны конкурс макетаў “Архітэктурныя помнікі малой радзімы”, які сёлета праводзіцца ўпраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя Яўхіма Карскага. Навагрудская раённая бібліятэка ў намінацыі “Страчаная спадчына Гродзеншчыны” на суд журы прадставіла макет гарадской ратушы, якая існавала ў XVII — XVIII стагоддзях. Ізноў жа, гэта работа бібліятэчнага мастака Анатоля Бандзюкевіча.

У музей прыходзяць людзі розных узростаў і з розных краін. Тут неаднаразова пабывалі турысты з Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Кітая і іншыя. Музей наведалі таксама паслы гэтых краін. Гонар нашаму музею аказаў і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. І кожнаму было цікава.

Фаіна МАЛЮЖЭНЕЦ, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Навагрудскай раённай бібліятэкі