Нешта губляем, нешта набываем

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

У Рэспубліканскай мастацкай галерэі — Палац мастацтва — працуе выстава “Іншы ракурс”. У ёй бяруць удзел чальцы секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў. Яны прадставілі свой станковы жывапіс.

/i/content/pi/cult/757/16382/13.jpgУ тым, што прафесіяналы, навучаныя рабіць мазаікі, фрэскі, вітражы, калі-нікалі становяцца да мальберта, нічога дзіўнага няма. Я не бачу сёння выразнай мяжы паміж дэкаратыўным мастацтвам і станковым жывапісам (у чым вы можаце пераканацца на традыцыйных сталічных Восеньскіх салонах), а таксама паміж карцінай у раме і манументальным творам. Не аднойчы даводзілася быць сведкам таго, як у нашай мастацкай акадэміі дыпломнікі-манументалісты абараняліся станковымі карцінамі, праўда прызначанымі для аздобы канкрэтных інтэр’ераў. Згадаю, што жывапіс Георгія Паплаўскага ці Мікалая Селешчука не менш выразны і самабытны за іх графічныя аркушы. Цікавыя ўзоры пластыкі не аднойчы дэманстраваў графік Уладзімір Вішнеўскі, а скульптар Алесь Шатэрнік пераканаўча даводзіў, што пэндзлем можа рабіць не горш чым стэкай. Ёсць фармальныя крытэрыі той ці іншай творчай спецыялізацыі. Калі зроблена на паперы — дык графіка, на палатне — жывапіс, упрыгожвае мур — манументальнае мастацтва. Але са з’яўленнем новых матэрыялаў і тэхналогій, з радыкальнымі зменамі ў кан’юнктуры мастацкага рынку гэта ўжо, бадай, не істотна.

Мяжа паміж умоўна станковым і ўмоўна манументальным чыннікамі мастацтва праходзіць найперш не ў матэрыяльна-тэхнічнай, а ў ментальна-вобразнай сферы. Крытэрыем прыналежнасці да той ці іншай творчай намінацыі з’яўляецца прынцыпы формаўтварэння і прыярытэты зместу. Манументаліста пазнаеш нават па некалькіх лініях на аркушы і некалькіх мазках на палатне. У гэтым, дарэчы, можна пераканацца на згаданай выставе.

Немалая частка экспазіцыі складаецца з твораў, гледачам ужо знаёмым. Гэта натуральна, бо мэта выставы не ў тым, каб заінтрыгаваць гледачоў, але прадставіць творчы патэнцыял прафесіяналаў, якім, на жаль, нячаста выпадае працаваць паводле сваёй базавай спецыяльнасці. Мазаікі ды фрэскі заўжды былі раскошаю, а сёння калі на тле неакрэсленасці арыенціраў адбываецца ломка эстэтычных стэрэатыпаў, запатрабаванасць, а значыць і перспектывы класічнай школы манументальна-дэкаратыўнага мастацтва падаюцца няўцямнымі. Вось і становяцца манументалісты станкавістамі. Збольшага вымушана, але некаторыя знаходзяць у станковым фармаце магчымасць пабачыць рэчаіснасць у іншым ракурсе.

Такім творцам мне ўяўляецца, да прыкладу, Аляксандр Некрашэвіч. Ягоныя карціны — гэта станкавізм высокага гатунку. Акцэнт робіцца на, так бы мовіць, фатаграфічнай прамалёўцы выразных дэталяў. Традыцыйнаму манументальнаму мастацтву гэта не ўласціва. Але вобразны лад карцін спадара Аляксандра насамрэч манументальны і дэкаратыўны адначасова. Гэтыя карціны можна перавесці ў фрэскі без страты выразнасці.

/i/content/pi/cult/757/16382/14.jpgЗа кошт арыгінальнай тэхнікі здалёк пазнаеш почырк Васіля Зянько. Ён карыстаецца акрылавымі фарбамі і дасягае значнага дэкаратыўнага эфекту. Тэматыка для Васіля Зянько — справа другасная. Гэта найперш прыгожыя рэчы, якімі можна ўпрыгожыць і офіс, і грамадскі будынак, і жытло.

Памятаю дыпломную работу Ларысы Макатун (абаранялася ў 1998 годзе) пано “Дзяцінства Еўропы” — той Еўропы, якую, як вядома, скраў Зеўс, прыкінуўшыся быком. На карціне Ларысы Еўропа — дзяўчынка, якая, нібыта, прадчувае сваю будучыню. Псіхалагізм, які праявіўся яшчэ ў дыпломнай рабоце, стаў важным чыннікам яе творчасці. Ён выразна адчуваецца ў сталых творах мастачкі. На выставе Ларыса Макатун прадставіла местачковыя краявіды, у якіх сучасныя рэаліі накладваюцца на ілюзорнасць спыневага часу.

Пасуе сучаснай архітэктуры геаметрычны абстракцыянізм Валянціна Нуднова, свабодныя формы жывапісу Станіслава Гурскага, аптычныя ілюзіі Валерыя Чайкі. Ілля Маланаў малюе легендарныя аўтамабілі з такім жа замілаваннем, як Уладзімір Зленка рамантычныя краявіды, дзе цывілізацыя прысутнічае хіба ўскосна ці ўвогуле “за кадрам”. Глеб Отчык скарыстоўвае ў жывапісе прыёмы, запазычаныя ў фотаграфіцы. Тое, што ён робіць, і насамрэч бліжэй да графічнага мастацтва. І гэта яшчэ адно сведчанне размытасці межаў у намінацыях сучаснага мастацтва.

У прэс-рэлізе выставы ёсць словы пра тое, што сённяшняе манументальнае мастацтва Беларусі грунтуецца на традыцыях, закладзеных Гаўрыілам Вашчанкам, Аляксандрам Кішчанкам, Міхаілам Савіцкім, Уладзімірам Стальмашонкам. Магчыма, у нейкай ступені гэта так. Аднойчы зробленае нікуды не знікае, і нават калі не трапляе штодня на вочы, жыве ў падсвядомасці. Толькі я не ўпэўнены, што сённяшняя “манументалка” прыйшлася б даспадобы згаданым мэтрам. У іх творчасці адчуваецца рэха Абсалюту (інакш кажучы, глабалісцкай ідэалогіі). Яны жылі ў іншай краіне, працавалі дзеля іншай грамады, мелі іншыя духоўныя арыенціры. Але сённяшнім маладым і не надта маладым творцам, што прызвычаіліся да разняволенасці, наўрад ці было б утульна ў савецкай эпосе… Нешта губляем, нешта набываем.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"