Часовы і пазачасавае

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

Казкі бываюць розныя: вясёлыя і сумныя, добрыя і страшныя. “Зімовую казку” Шэкспіра, пастаўленую Алегам Жугждам у Гродзенскім абласным тэатры лялек, можна назваць жыццёвай ды высакародна-смутнай.

/i/content/pi/cult/757/16381/12.jpgВяртанне гэтага спектакля ў афішу тэатра, які ўпершыню пабачыў сцэну яшчэ ў 2004-м і па розных прычынах не ішоў амаль дзесяць гадоў, адбылося напрыканцы ліпеня. Непасрэдна перад прэм’ерай абноўленага варыянта “жорсткага прадстаўлення апошняй п’есы аўтара ў стылі сюррэалізму” Алег Жугжда адзначыў, што ў тэатры лічаць: “Зімовая казка” не страціла сваёй актуальнасці. Спрачацца з гэтым няпроста. Састарэласць альбо неактуальнасць Шэкспіра даказваць не выпадае, а тэрмін прыдатнасці ў тэме чалавечых стасункаў, немінучых наступстваў пэўных учынкаў і адказнасці за іх, верагодна, не сыдзе ніколі.

Па лёгкім налёце рэтра ва ўведзеным у спектакль вакальным нумары (сэнсава цалкам дарэчным) заўважна, што “Зімовая казка” была пастаўлена не ўчора. Аднак гэтая пастаноўка не прымушае пазяхаць ці глядзець на гадзіннік у чаканні фіналу, дарэчы вартага таго, каб сесці на цягнік да Гродна. Бо тыя ж вакальныя і харэаграфічныя “арнаментацыі”, як і разлічанае чаргаванне трагічных ды камічных сцэн, служаць проціяддзем ад ператварэння дзеяння ў манатонную плынь, закалыхвання некаторай высакамоўнасцю тэксту, падкрэсленай крыху манернымі маўленнем выканаўцаў ды іх пластыкай.

Разнастайнасць выкарыстаных у “Зімовай казцы” лялек, сярод якіх і рэдкія ў “дарослых” спектаклях марыянеткі (Страта і Фларызэль), увогуле надае пастаноўцы своеасаблівую чароўнасць. Гэта не самамэта і не проста прыём для ўтрымання глядацкай увагі. Як і спосабы існавання герояў (у жывым плане і ў лялечным, у масках і без), марыянеткі, пальчаткавыя лялькі прадстаўляюць розныя пласты п’есы і маюць адметны сэнс. Вытанчаныя марыянеткі прынца і прынцэсы — гэта ідылія маладога кахання, якой наканавана такое ж кароткае жыццё, што і вясновым першацветам, лялькі-пастухі — выражэнне камічнага, нізавога гумару, маскі — ідэальныя ролі, якія выконваюць у жыцці ды пры двары: раўніўца-тырана караля (Леонт Аляксандра Баброўскага), прыгажуні і пакутніцы каралевы (Герміона Ларысы Мікуліч), мудрага слугі ці вернай служкі.

У чым яшчэ нельга папракнуць “Зімовую казку”, дык гэта ў маральнай састарэласці: не дазваляе тое зрабіць рэжысёрская інтэрпрэтацыя п’есы і бездакорны густ, заўсёды ўласцівы работам Алега Жугжды.

Быццам адштурхнуўшыся ад прыметніка “зімовая” ў назве шэкспіраўскай трагікамедыі, рэжысёр стварыў спектакль, дзе сапраўды царуе зіма — час замірання, сну, смерці. Зіма — пара стрыманых колераў, і сцэнаграфію спектакля, прыдуманую Ларысай Мікінай-Прабадзяк, вызначае графічнае спалучэнне белага ды чорнага. Сумесныя работы рэжысёра і мастачкі заўжды вылучаюцца прыгажосцю, нават пэўным эстэтызмам, а “Зімовая казка” дае прыклад той стрыманай элегантнасці, што за 15 гадоў “не паліняла ні пёркам”.

Аскетычныя дэкарацыі, тры белыя сцяны-выгарадкі з праёмамі-дзвярыма і акенцамі, ствараюць вобраз умоўнага палаца і выклікаюць няўлоўныя асацыяцыі з творамі Рэнэ Магрыта, а калі ў адным з вокнаў з’яўляецца скульптурная выява Апалона, то ў галаву прыходзяць карціны Джорджа дзі Кірыка. Касцюмы ж часткова адсылаюць да моды першай трэці мінулага стагоддзя — росквіту ўсіх магчымых “-ізмаў”. Іх чорны колер, які дамінуе пры двары, прыкрывае аблічча герояў бы маска, а белы толькі ў рэдкія моманты выступае сімвалам радасці ды чысціні. Ён у “Зімовай казцы” ўвасабляе холад, небыццё і смерць, якая здымае ўсе маскі. Белы пануе ў спектаклі, а нябожчыкі і багі кіруюць гэтай казкай так, як гуляе лялечным караблём памерлы Мамілій. Яны вяршаць сваё правасуддзе, не караюць — адплочваюць. І іх справядлівасць суворая, быццам зімовая сцюжа. Думаецца, менавіта пра яе непазбежнасць, немагчымасць вярнуць час і выправіць памылкі распавядае Алег Жугжда.

У гэтым спектаклі памерлыя не вяртаюцца да жыцця, а час не гоіць раны, бо яго плынь не ў стане перамагчы прывідаў памяці. Таму радкі Remember me, but forget my fate з “Плача Дыдоны” Пёрсэла, выкарыстанага як лейтматыў (музыка Паўла Кандрусевіча), набываюць у “Зімовай казцы” адметны сэнс. “Памятай пра мяне!” гучыць закляццем, а сама памяць робіцца спосабам пакарання і пакрысе забівае: дотык нямоглага старога Леонта да статуі Герміоны — увасаблення згубленага і загубленага — прыносіць каралю смерць.

“Зімовая казка”, расказаная Алегам Жугждам, жорсткая ды горкая. У жыцці іначай не бывае: шчаслівы фінал з усеагульнымі прабачэннем і гармоніяй магчымы толькі ў ідэальным свеце — замку ў шкляным шары, прыдуманай Шэкспірам чароўнай Сіцыліі. Але ў горычы гэтай “Зімовай казкі” ёсць і прыгажосць, і гаючая моц, бо самыя дзейсныя лекі, што для цела, што для душы, — заўсёды горкія.

Кацярына ЯРОМІНА

Фота Ганны ПРУДКО