Вярнуць імідж “аптэкі для душы”

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

Не мае значэння, колькі грошай было ўкладзена ў абсталяванне дома, галоўнае — калі тут добра сябе адчуваюць і дарослыя, і дзеці, гаворачы, што ў ім станоўчая, спрыяльная для творчасці аура. Усё гэта — пра Вялікараёўскую сельскую бібліятэку.

Вялікараёўская ўстанова культуры стала менавіта тым месцам, куды чытач можа прыйсці з любой праблемай і заўсёды атрымае дапамогу і параду.
Згадваецца старадаўняе прызначэнне бібліятэкі як “аптэкі для душы”, бо ўсе стасункі тут грунтуюцца на даверы і добразычлівасці. Ёсць тут нават гульнёвы пакой: казачны горад з Карлсанам і Бурацінам, Бабай Ягой і Катом Леапольдам, які заклікае дзяцей жыць дружна. А фотавернісаж “Вялікараёўскія дзеці — лепшыя чытачы ў свеце” напаўняе душы малечы пачуццём годнасці і становіцца прадметам запаветнага жадання — убачыць свой фотаздымак на вернісажы.
Наватарскімі сталі ідэі бібліятэкі па прыцягненні ў чытацкую грамаду дашкольнікаў. Гэта традыцыйныя “Пасвячэнні ў чытачы”, дзе для дзяцей ствараецца такая атмасфера, што яны просяць дазволу прыйсці сюды яшчэ. У бібліятэцы дзейнічаюць тры клубы для рознага ўзросту: “Залатая казка”— для самых маленькіх; сямейны клуб “Рамонак”, які збірае мам і татаў, бабуль і дзядуляў; тэатр “Страказа”— для ўсіх ахвотных карысна і цікава бавіць вольны час. Вельмі шмат тут дзяцей з няпоўных сем’яў, якім дома не хапае ласкі, клопату і ўвагі. У бібліятэку яны ідуць з задавальненнем, бо адчуваюць сябе не гасцямі, а членамі вялікай і дружнай сям’і.
Пра бібліятэкара Наталлю Новік пішу з асаблівым задавальненнем, бо яна не толькі прафесіянал, а і чалавек цудоўны. Сціпласць, добразычлівасць, такт, ветлівасць здабылі ёй сярод чытачоў не проста павагу, а — сапраўдную любоў. Любоў да кнігі і чытання Наталля Іванаўна прывівае дзецям з самага ранняга ўзросту. I паколькі першае знаёмства дзіцяці з кнігай адбываецца ў сям’і, бібліятэкар стараецца растлумачыць бацькам, што ад іх у многім залежыць далейшы чытацкі лёс дзяцей.
Усе мерапрыемствы Вялікараёўскай бібліятэкі накіраваны на выхаванне любові да чытання: дзень сямейнага чытання “Не сумуй!”, конкурсная праграма “Чытаем усёй сям’ёй”, вечар сямейнага адпачынку “Дарыце мамам радасць”, урок дабрыні “Мама! Лепшага слова ў свеце няма”. Удзельнікі тэатра падрыхтавалі і паказалі казкі “Марозка”, “Пад грыбам”, “Казка пра дурное мышанё”, гледачамі якіх сталі наведвальнікі дзіцячага садка, мамы і таты — чытачы бібліятэкі. “Адкуль пайшла назва вёскі Вялікая Раёўка” — новае прадстаўленне тэатра, якое зацікавіла ўсіх жыхароў...
Да ўсяго, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Пятровіч распачала раённую акцыю па прафілактыцы шкодных звычак “Дзякуй, не!”. Была арганізавана выстаўка-папярэджанне “Забавы для дурняў” з тэатралізацыяй асобных раздзелаў. Акцыя “Дзякуй, не!” распачалася ў раённай бібліятэцы, а прадоўжылася ва ўсіх сельскіх.

Таццяна АСТРЭЙКА,
загадчыца аддзела
бібліятэчнага маркетынгу Капыльскай ЦБС