Нацыянальны гістарычны: другое нараджэнне

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

Большасць беларускіх музеяў размешчаны ў прыстасаваных памяшканнях, якія да гэтага мелі іншую функцыю. Толькі для некаторых, найбольш важных для краіны ці рэгіёна, рабіліся выключэнні. Такім чынам запланаванае ўзвядзення спецыяльнага будынка для Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь на сталічным праспекце Пераможцаў па вызначэнні для культуры — падзея надзвычайная. Пра тое, чаго чакае музей ад наваселля карэспандэнту “К” распавёў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага Павел САПОЦЬКА.

/i/content/pi/cult/757/16375/5.jpgРака часу, рака жыцця

Паводле слоў спадара Паўла, візуальны вобраз будучага будынка ў 3D фармаце ўжо ёсць. У наяўнасці і вельмі добры дызайн экспазіцыі, распрацаваная Мастацкім камбінатам Беларускага саюза мастакоў. Менавіта ён выйграў тэндар на распрацоўку і ўжо падрыхтаваў архітэктурна-мастацкае рашэнне. Гісторыя Беларусі паказана праз рэкі. Яны пранізваюць усю экспазіцыю. Уздоўж рэк нараджаюцца і развіваюцца цывілізацыі. Рэкі — гэта камунікацыі, шляхі зносін. Мы гаворым “рака жыцця”, “рака часу”, “рака памяці” — гэтыя сэнсы таксама прысутнічаюць у вобразным рашэнні экспазіцыі, якая адлюстроўвае гісторыю і культуру нашай краіны ад першабытнага ладу, ад з’яўлення першых людзей на нашым абшары да сённяшняга дня.

Галоўны архітэктар будынка Алег Арсеньевіч Вараб’ёў, заслужаны архітэктар Рэспублікі Беларусь, ад пачатку быў у шчыльным кантакце з калектывам музея, прыслухаўся да прапаноў і пажаданняў. Праз гэта, як мяркуе Павел Сапоцька, атрымаўся сінтэз выдатнага архітэктурнага аб’екта і ўнікальнай экспазіцыі. Так бы мовіць, не два маналогі, а плённы дыялог. Недзе, па просьбе музейшчыкаў, мяняліся калоны, пераносіліся перагародкі, недзе “ўразаліся”, недзе пашыраліся.

У цэнтры — артэфакт

Больш як 5000 квадратных метраў будзе задзейнічана толькі пад пастаянную экспазіцыю Нацыянальнага гістарычнага. Зараз у будынку на Карла Маркса, 12 немагчыма размясціць паўнавартасную экспазіцыю, прысвечаную гісторыі нашай краіны. Тут выстаўлена меней аднаго адсотка таго, што музей мае. А ў новым будынку экспазіцыя прыме недзе 15 — 20 адсоткаў усіх збораў, якія знаходзяцца ў фондасховішчах музея. У Нацыянальнага гістарычнага самы вялікі музейны фонд у Беларусі: больш 470 тысяч адзінак захоўвання. Складаецца ён з 58 калекцый.

/i/content/pi/cult/757/16375/6.JPG-- Мы зможам паказаць гісторыю праз музейны прадмет, і што для нас вельмі важна, безумоўна трымаць баланс унікальных гістарычных артэфактаў і розных мультымедыйных тэхналогій, дадатковай рэальнасці, віртуальных сродкаў і гэтак далей, — кажа Павел Сапоцька. — Усе гэтыя тэхнічныя навацыі дадатковымі і будуць. Цэнтрам увагі стане музейны прадмет, артэфакт гісторыі і культуры.

Да распрацоўкі канцэпцыі экспазіцыі прыцягнулі экспертаў, якія прадстаўлялі Нацыянальную акадэмію навук, Беларускі дзяржаўны і Педагагічны ўніверсітэты, Універсітэт культуры і мастацтваў. Музейшчыкі кантактавалі са спецыялістамі ідэалагічных структур, з гісторыкамі, археолагамі, музейнымі мастакамі, дызайнерамі, зразумела — з архітэктарамі. На базе Нацыянальнага гістарычнага музея спецыяльна быў створаны Экспертны савет, які разглядаў экспазіцыю цалкам, а таксама яе чыннікі. Адбылося пяць пасяджэнняў савета. У яго ўвайшлі вядомыя ў краіне людзі, заўвагі і прапановы якіх аказаліся вельмі дарэчнымі.

Акрамя таго актыўна вывучаўся замежны досвед. Супрацоўнікі за апошнія гады пабывалі ў вядучых музеях Расіі, Польшчы, Казахстана, Арменіі, Амана, наведалі Кітай, іншыя краіны. Там вывучалі вопыт не толькі стварэння экспазіцый, але і сістэмы фондазахоўвання, у прыватнасці, тэхналогіі менавіта адкрытага захоўвання экспанатаў, што зараз актыўна практыкуюцца за мяжой. Такую ж сістэму плануюць уводзіць і ў нашым музеі. Вельмі цікавым уяўляецца досвед працы з рознымі катэгорыямі наведвальнікаў, арганізацыі музейнай прасторы для інтэрактыўных праграм, практыка работы з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.

Наша гісторыя, нам яе і трактаваць

/i/content/pi/cult/757/16375/7.JPG— Вельмі цікавыя былі стажыроўкі нашых музейшчыкаў у Польшчы, музеях Варшавы і Гданьска. Мы раіліся з замежнікамі па цікавых для нас тэхнічных пытаннях, — кажа спадар Павел. — Але што тычыцца трактоўкі нашай нацыянальнай гісторыі, дык тут нам замежныя эксперты не патрэбныя. Наша гісторыя — нам яе і трактаваць.

Пры стварэнні канцэпцыі, структуры, тэматыка-экспазіцыйнага плана музей супрацоўнічаў з навукоўцамі з Нацынальнай акадэміі навук Беларусі.

— Наведвальніку найперш павінна быць цікава. Ён мусіць атрымаць агульнае ўражанне аб краіне і выйсці з музея з думкай, што гэта моцная, дынамічная дзяржава са сваёй культурай, багацейшай гісторыяй, з уласнай нацыянальнай ідэяй, унікальнымі асобамі і героямі. Са сваім і пантэонам, шляхам і курсам, -- падкрэслівае Павел Сапоцька, і дадае, што музей мае вялікае ідэалагічнае значэнне. -- Таму пільная ўвага надаецца перыяду абвяшчэння незалежнасці і станаўлення найноўшай дзяржаўнасці. І праз розныя артэфакты, прадметы і праз экспазіцыю ўвогуле хочам паказаць чаго мы дасягнулі як Рэспубліка Беларусь за нядоўгі час, што прайшоў з 1991 года.

Вымалёўваецца цікавая нацыянальная экспазіцыя, заснаваная на нацыянальным матэрыяле і абгрунтаваная нацыянальнай ідэяй.

Ужо ў наступным годзе

Будоўля музея мусіць распачацца ўвесну будучага года і завяршыцца праз два — два з паловай гады.

Увогуле супрацай з архітэктарамі музейшчыкі задаволены. Архітэктар прыносіў у музей планы, і розныя структурныя падраздзяленні — проста пісалі на іх свае каментарыі, рабілі нейкія ўмоўныя абазначэнні, якія надалей улічваліся ў праектаванні.

— Цяпер увогуле ўяўляем, якім будзе кожнае з памяшканняў. Інфармацыйныя тэхналогіі ў нас будуць, але ў балансе. Зараз людзі хочуць усё ж такі дакрануцца да гісторыі, да артэфакта. Таму зноў паўтару: у цэнтры — музейны прадмет.

Музей шчыльна працуе з рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій, з калегамі з краін Садружнасці. У экспазіцыі шмат інсталяцый — Першая Сусветная, Напалеонаўскія войны, Краснасельскія шахты і іншае. Плануецца стварэнне дзвюх музейных прастораў. Адна з іх прысвечана этнаграфіі, другая — нумізматыцы. Нумізматычны кабінет якраз па сістэме адкрытага фондазахоўвання. Паўстануць залы для часовых выстаў, дэпазітарый, канферэнц-зала, лекцыйная зала са сцяной-трансформерам. Будзе магчымасць праводзіць і навуковыя канферэнцыі, і канцэрты, і літаратурныя вечарыны, прэзентацыі. Асобны пакой прызначаны для заняткаў з дзецьмі.
І абавязкова будуць створаны ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

І яшчэ плануецца прэзентацыйная зала з вялікім экранам для дэманстрацыі кароткага фільма пра Беларусь. Зараз музейшчыкі працуюць над ягоным зместам. З гэтага фільма і распачнецца экскурсія па музею.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"