Тэатральным гурманам прысвячаецца

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

Тым, хто жыве ад восені да восені ў чаканні тэатральных прысмакаў вышэйшага гатунку, можна пачынаць рух у бок кас: Міжнародны форум тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ” абвясціў сёлетнюю праграму. З 20 верасня па 8 кастрычніка аматары канцэнтрату з найлепшых пастановак змогуць пабачыць чатыры спектаклі міжнароднай праграмы з Літвы, Францыі, Грузіі, Германіі і 11 мерапрыемстваў у рамках шоукейса Belarus Open.

/i/content/pi/cult/757/16373/teart-2012_0_opt.jpegШтогадова арганізатары змяняюць слоган мерапрыемства. Дзявяты “ТЭАРТ” заклікае на “Канцэнтрат”: гэтым вызначэннем падкрэсліваецца, што форум дазваляе адчуць максімальную прысутнасць тэатра ў жыцці Мінска і яго жыхароў. Складальнікі фестывальнай афішы абяцаюць наведвальнікам канцэнтрат смелых рэжысёрскіх рашэнняў, правакацыйных ідэй, актуальных тэм, яркага выканання і новых эмоцый.

На праграму Belarus Open было пададзена 32 заяўкі, аднак у шорт-ліст трапіла ўсяго восем пастановак. Тут — сапраўдная насычанасць рэжысёрскімі імёнамі. У афішы самыя гучныя прэм’еры сезона “Стражы Тадж-Махала” Аляксандра Янушкевіча і “Паветра” Вольгі Лабоўкінай. Дзве пастаноўкі ад эпатажнага рэжысёра Юры Дзівакова: “Павятовы лекар” Гомельскага гарадскога маладзёжнага тэатра і “Песня песняў” на пляцоўцы “Арт Карпарэйшн”. Столькі ж ад украінскага пастаноўшчыка Стаса Жыркова: “Паляванне на сябе” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і “ГЭТАМЫ” Цэнтра беларускай драматургіі. У дадатак — гісторыя пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі “Дом № 5”. А на дэсерт — інтэрпрэтацыя круцельскага рамана Вальтэра “Кандыд, або Аптымізм” ад знакавага рэжысёра-лялечніка Ігара Казакова.

У рамках беларускага шоукейса ўпершыню пройдзе прэзентацыя праектаў “Тэатр сацыяльных даследаванняў”. Лабараторыя сацыяльнага тэатра ECLAB, HUNCHtheatre і брэсцкі калектыў “Крылы халопа” распавядуць, чаму лічаць тэатр магчымым механізмам для змяненняў у грамадстве.

Дарэчы, з 2-га па 8-га кастрычніка ў рамках традыцыйнай “Школы ТЭАРТ” пройдзе рэжысёрская лабараторыя пад кіраўніцтвам швейцарскага пастаноўшчыка Дэні Майфера. Удзельнікам воркшопа прапануюць папрацаваць над эскізам спектакля па п’есе “Рычард III” Уільяма Шэкспіра. Па выніках лабараторыі адбудзецца публічны паказ работ.

У міжнароднай праграме значыцца нямецкая “Адысея” ад рэжысёра Анту Рамэра Нуньеса, французскі “Піксель” ад харэографа Марада Мярзукі Нацыянальнага харэаграфічнага цэнтра Кратэя і Валь-дэ-Марн і Кампаніі “Кэфіх”, літоўская “Плошча герояў” Нацыянальнага драматычнага тэатра ў рэжысуры польскага мэтра Крысціяна Люпы і грузінскі “Сталінград” у марыянетках ад рэжысёра, сцэнарыста, мастака, скульптара Рэзо Габрыядзе.

Нагадаем, што арганізатарамі ІХ-га Міжнароднага форума тэатральнага мастацтва “ТЭАРТ” з’яўляюцца Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў “АРТ Карпарэйшн”, ААТ “Белгазпрамбанк”, ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”. Форум адбываецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі і Мінгарвыканкама.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"