Quiz — гэта спаборніцтва

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

Мы працягваем публікацыю матэрыялаў пра развіццё культуры аршанскага рэгіёна. Сённяшняя падборка летніх навін тычыцца ўдасканалення бібліятэчнай і музейнай справы. Дапамогу ў падрыхтоўцы гэтай хронікі аказалі рэдакцыі дырэктар Аршанскай ЦБС Аксана Кулагіна і дырэктар Музейнага комплексу гісторыі і культуры Аршаншчыны Юлія Камарова.

/i/content/pi/cult/757/16372/3.JPGЦэнтральная бібліятэка адзначыла 6 чэрвеня 120-годдзе з моманту свайго заснавання і 220-годдзе з дня нараджэння Аляксандра Пушкіна, імя якога яна носіць. Установа ў чарговы раз запрасіла сяброў: чытачоў і калег-творцаў усіх узростаў і многіх прыхільнасцяў. Таму апрача вершаў гучала на свяце і цудоўная музыка.

13 — 14 чэрвеня Цэнтральная бібліятэка імя Аляксандра Пушкіна стала базай для Рэспубліканскай школы дырэктараў бібліятэк. Арганізавалі мерапрыемства Міністэрства культуры краіны, Аршанскі райвыканкам, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Аршанская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. “Школьнікамі” на два дні сталі кіраўнікі і спецыялісты абласных і цэнтральных бібліятэк (усяго каля 150 дэлегатаў). Аршанскія бібліятэкары дзяліліся досведам камп’ютарызацыі сваіх устаноў і іх падключэння да віртуальнай чытальнай залы НББ. Гэтай падзеі быў прысвечаны грунтоўны артыкул на старонках “К”.

Цягам амаль усяго чэрвеня ў рамках праграмы летняга чытання “Востраў Чыталія на планеце Лета” ў бібліятэках Аршанскай ЦБС было праведзена 13 творчых сустрэч з сябрамі Саюза пісьменнікаў Беларусі.

30 чэрвеня супрацоўнікі Цэнтральнай бібліятэкі, аршанскія пісьменнікі Канстанцін Нілаў, Тамара Краеўская і Алена Кучынская разам з работнікамі філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы сабраліся ў вёсцы Ляўкі — знакамітым маляўнічым лецішчы Песняра, каб выказаць даніну павагі яго творчасці, таленту і адзначыць дзень нараджэння класіка.

/i/content/pi/cult/757/16372/4.jpg25 ліпеня супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі імя Уладзіміра Караткевіча, Цэнтральнай бібліятэкі імя Аляксандра Пушкіна, разам з работнікамі Літаратурнага музея Уладзіміра Караткевіча зладзілі ля помніка Караткевічу літаратурныя чытанні з удзелам мясцовых літаратараў, інтэлігенцыі і школьнікаў.

На Дзень горада і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь супрацоўнікі Аршанскай ЦБС арганізавалі культурна-адукацыйную праграму “Квітней, зямля бацькоў маіх!” Дзве акцыі запомніліся асабліва. Падчас першай “Пажаданні роднаму гораду” ахвотныя выказвалі свае пачуцці на сардэчках, падчас другой “Дай пяць любімаму гораду” ахвотныя пакідалі адбіткі далоняў на святочным плакаце.

Як пашырыць інфармацыйны кругагляд чытача і сістэмна весці прафілактыку шкодных звычак? Для гэтага ў бібліятэцы імя Максіма Горкага распрацавана праграма па ўзаемадзеянні з цяжкімі падлеткамі. Да прыкладу, праведзены quiz (спаборніцтва ў выглядзе апытання) “Кніга vs наркотык”. Дэманстраваўся фільм пра наркаманію, выступалі ўрачы і святары.

Цяпер — пра клопат музейны. Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны апошнія паўгода шчыльна супрацоўнічае з Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь. Да прыкладу, у дзень вызвалення Оршы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Аршанскай гарадской мастацкай галерэі Віктара Грымыкі дэманстраваліся плакаты часін Вялікай Айчыннай вайны. Дагэтуль калекцыя пабывала ў Францыі і карысталася там незвычайнай папулярнасцю.

Дарэчы, карцінная галерэя ўрэшце набыла якаснае асвятленне для сваіх калідораў. Такім чынам экспазіцыйная плошча значна павялічылася. Прынамсі, факсімільныя выданні геаграфічных карт XVI — XVIII стагоддзяў (таксама падтрымка Нацыянальнага гістарычнага) глядзеліся вельмі выгадна.

У зону віртуальнай вандроўкі па гістарычным цэнтры Оршы, разлічанай для мабільных тэлефонаў і планшэтаў, трапілі чатыры ўстановы Музейнага комплексу. Кожнай даецца дакладнае апісанне. У выніку прырост наведвальнікаў значна павялічыўся.