“Твой сад цвіце…”

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

Дзень памяці Якуба Коласа
Пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа 13 жніўня а 16-й гадзіне, у дзень памяці Песняра, на Вайсковых могілках адбудзецца памінальны мітынг і ўскладанне кветак да яго магілы.

63 гады таму пайшоў з жыцця народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч). У тыя дні здавалася, што разам з ім сыходзіць у мінулае цэлая эпоха. Аднак, дзень памяці Песняра і сёння збірае ў доме-музеі і на Вайсковых могілках прыхільнікаў творчай спадчыны знакамітага пісьменніка.

Талент Песняра выключны і фенаменальны, нібы лучыцца з Нябёсамі, а адданасць яго свайму народу і Бацькаўшчыне зусім рэальная, выяўленая ў канкрэтных зямных справах. I жыццё паэта — узор і прыклад для ўсіх, хто хоча пакінуць добры след пасля сябе, паслугаваць Айчыне незалежна ад таго, якой справе сябе прысвяціў.

Класік нацыянальнай і суветнай літаратур, аўтар паэтычных шэдэўраў, педагог, літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, дзяржаўны дзеяч, чалавек вялікай і шчодрай душы — такім быў Якуб Колас ва ўспрыманні сучаснікаў. Такім ён застаецца і сёння ў свядомасці беларускага грамадства. Дзейнасць знакамітага пісьменніка, яго роля і значэнне ў нацыянальным духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі. У сталіцы і на радзіме Якуба Коласа, на Стаўбцоўшчыне, а таксама ў мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Песняра, вітаюць наведвальнікаў музеі пісьменніка. Чым далей, тым больш спраўджваюцца радкі беларускага паэта Петруся Броўкі, прысвечаныя Якубу Коласу: “Твой сад цвіце ў радаснай краіне, ягоны шум прасторамі звініць, і доўга будзеш ты пад небам сінім ісці, спяваць, паэт, і жыць, і жыць”.

Удзел у жалобнай імпрэзе прымуць члены сям’і Якуба Коласа, літаратары, грамадскія дзеячы, мастакі, навукоўцы, прыхільнікі творчай спадчыны народнага паэта Беларусі.

Паводле паведамлення
Дзяржаўнага літаратурна-
мемарыяльнага музея
Якуба Коласа.