І нават... арт-турызм

№ 33 (851) 16.08.2008 - 22.08.2008 г

У кастрычніку майстру глінянай цацкі і ганчару Сяргею Шчэрбу споўніцца 50. Самы росквіт творчых сіл: і досведу багата, і вучняў шмат, а скарб зробленага — не падстава для “забранзавення”, а натуральны стымул для далейшага мастацкага пошуку.

 /i/content/pi/cult/171/1637/I navat.jpg
Токар-станочнік з Оршы паступае ў 1976 годзе ў Бабруйскае мастацкае вучылішча. Да прызыву ў войска працуе на фабрыцы мастацкіх вырабаў. Сканчвае ў 1985-ым мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. А з 1988 года жыве і працуе ў вёсцы Навасёлкі Пастаўскага раёна...
Мы пазнаёміліся з ім на Міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, у час кірмашоў якога Сяргей не першы год кіруе лабараторыяй “Керамічная майстэрня”. Падаецца, так і павінен выглядаць патомны глінамес.
Вясёлыя вочы, русявыя доўгія валасы, моцныя рукі і світка “пад старыну”. Аказалася, што творчы рахунак у творцы — дай Бог кожнаму народнаму мастаку. У 1995 годзе на абласным конкурсе ганчароў Сяргей займае першае месца і атрымлівае званне “Лепшы майстар керамічнай цацкі”. Неўзабаве яго прымаюць у Рэспубліканскі саюз майстроў народнай творчасці. А ў 1996-ым першае месца і званне “Майстар глінянай цацкі года” атрымлівае і на Рэспубліканскім конкурсе. Потым быў удзел у фестывалях “Славянскі базар у Віцебску”, “Калядныя ўзоры” ў Мінску, “Беларусь — мая песня”... Творы Шчэрбы дэманструюцца ў Расіі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Германіі, Польшчы, Англіі, Францыі... Акарыны, выкананыя майстрам са звонкай беларускай гліны, знаходзяцца ў прыватных калекцыях больш чым у 30 краінах свету. І нічога дзіўнага ў гэтым няма, як перакананы Сяргей. Маўляў, звычайная “свістулька”, зробленая з “незамуленай” душой, прыносіць людзям шчасце. А сам Сяргей, калі бярэ ў рукі акарыну, нагадвае добрага чараўніка, натхнёнага шчаслівай дзеяй бясконцай творчасці. І, бадай, апошняя рысачка ў партрэт ганчара Сяргея Шчэрбы. Пра яго знята некалькі дакументальных стужак, падрыхтавана шмат тэлевізійных перадач. А фільм рэжысёра “Белвідэацэнтра” Рэнаты Грыцковай “Сямейны блюз пад гукі акарыны” атрымаў на IV Міжнародным фестывалі жанчын-кінематаграфістаў у Мінску дыплом і прызнаны крытыкамі “самым кранальным дакументальным фільмам 1996 года”...
Колішні аршанец стала атабарыўся ў вёсцы. Жонка Людміла — настаўнік матэматыкі Навасёлкаўскай сярэдняй школы. Сяргей кіруе гуртком па кераміцы, сярод вучняў карыстаецца непахісным аўтарытэтам. Паміж педагогікай і творчасцю знаходзіць час на абсталяванне ганчарскай сядзібы пад назвай “Акарына”. Тут любы ахвотны з раёна, вобласці і рэспублікі можа пабачыць цуд нараджэння новага твора (нават паспрабаваць самому далучыцца да старажытнага рамяства), пачуць дзіўнае “гатычнае” гучанне акарыны ці пералівісты галасок свістулькі, даткнуцца да цёплай печы-горна, разабрацца ва ўладкаванні ганчарнага круга... За тры гады існавання сядзібы “Акарына” яе наведала амаль 5 тысяч экскурсантаў. А праз якіх пару гадоў сядзіба, па словах гаспадара, набудзе статус турыстычнай базы — тут можна будзе пажыць, пакаштаваць беларускіх нацыянальных страў, павудзіць рыбу...
У тым, што і цяпер дом майстра заўжды поўны гасцей, а невялічкі музей старадаўніх рэчаў пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі — вялікая заслуга Людмілы. Любога наведвальніка яна імгненна вылечвае нават ад хранічнага песімізму — запрашае ў адмысловую альтанку, выстаўляе самавар (аж на 30 літраў!), частуе духмянымі зёлкамі, запаранымі з траў па напаўзабытым рэцэпце беларускага Паазер’я, знаёміць змясцовымі бабрамі, лебедзямі, чаплямі. Травы, дарэчы, нарыхтоўваесама. А яшчэ ў “Акарыне” жывуць козы і пчолы. Словам, тры ў адным, і агра-, і эка-, і арттурызм з майстар-класамі па ганчарстве.

Яўген РАГІН
На здымку: Сяргей і Людміла Шчэрбы, гаспадары “Акарыны”.
Фота аўтара.