Мінская бронза для лідскай святыні

№ 32 (1419) 10.08.2019 - 17.08.2019 г

На пачатку наступнага тыдня помнік Гедыміну, гісторыя стварэння якога асвятлялася на нашых старонках, плануюць даставіць на месца ягонай вечнай прапіскі, у Ліду. Там каля Замка, лідскай святыні, яго ўжо чакае п’едыстал. Журналісты “К” былі сведкамі абмеркавання спецыялістамі Скульптурнага камбіната тэхнічных дэталяў транспарціроўкі помніка з Мінска. …Рабочы працэс, калі гэта толькі ні майстар-клас, не для чужых вачэй. Вось і ліцейшчыкі Скульптурнага камбіната Беларускага саюза мастакоў спачатку наадрэз адмовіліся пускаць у цэх журналістаў, калі адлівалі бронзавы помнік Гедыміну для Ліды. Адзін з аўтараў помніка Сяргей Аганаў патлумачыў нам, што, па-першае, гэта прафесійныя прымхі — каб не сурочыць, па-другое — проста каб староннія людзі пад нагамі не боўталіся, увагу на сябе не адцягвалі, калі ідзе праца, што патрабуе зладжанасці і пільнасці. Так што пусцілі мяне і фотакарэспандэнта Сяргея Ждановіча ў “ліцейку” толькі пасля таго, як галоўная справа была зроблена — помнік адліты, зманціраваны і пратаніраваны. Як выглядае ён на гэтай стадыі, вы бачыце на фотаздымках.

/i/content/pi/cult/757/16369/1.jpgСкульптурны камбінат Беларускага саюза мастакоў існуе больш як паўстагоддзя. Бадай, усё што мы сёння называем беларускай манументальнай школай, выйшла з ягоных цэхаў. Не будзе памылкай сказаць, што гэтая вытворчасць — адзін з чыннікаў нашага культурнага суверэнітэту. Бо, пры яе наяўнасці нам не трэба звяртацца да паслуг замежжа пры аздабленні нашых гарадоў і паселішчаў, пры стварэнні помнікаў нашым героям.

Карыстаючыся выпадкам, мы пагутарыли з дырэктарам камбіната Таццянай Івановай. Яна паведаміла, што камбінат ведаюць і за межамі Беларусі. Не так даўно тут выконвалі заказ для Малдовы — помнік ахвярам рэпрэсій. Па яе словах, для краіны-замоўцы гэты аб’ект вельмі важны, знакавы. А паколькі ў Малдове няма вытворчасці, каб адліць 12-метровую скульптурную кампазіцыю, звярнуліся да Беларусі. Замоўцы нашай працай задаволеныя.

Зараз на камбінаце робіцца помнік для Абхазіі. Ён ужо адліты ў бронзе. Сам скульптар адтуль родам, але жыве ў Беларусі. Гэта яго другая радзіма. Зараз камбінат працуе з Масквой. Выйграны тэндар на стварэнне комплексу воінскіх пахаванняў у Мыцішчах. У Мінску зробяць гранітныя пастаменты і бронзавыя выявы. Высокая якасць работ і прымальны кошт робяць наш камбінат прывабным для замежных заказчыкаў.

Варта згадаць, што ў Беларусі ў адрозненне ад шэрагу іншых колішніх савецкіх рэспублік збольшага захавана матэрыяльная база для рэалізацыі буйнамаштабных творчых праектаў. Гэта відаць і на прыкладзе нашага камбіната. У іншых краінах буйныя вытворчасці падзяліся на дробныя, а мастакі маюць хіба маленькія ліцейкі пры творчых майстэрнях. Так што гэта яшчэ адна з прычын рынкавай прывабнасці Скульптурнага камбіната БСМ.

Задалі мы Таццяне Мікалаеўне і пытанне пра якасць бронзы. Рэч у тым, што ад майстроў старэйшага пакалення можна пачуць, што “няма таго, што раньш было”. Маўляў, за савецкім часам выкарыстоўвалася сапраўдная мастацкая бронза, а цяпер… На што тая адказала, што мастак, які ўсё жыццё працуе з металам, можа адчуваць пэўныя нюансы. Але ўвогуле, колькі існуе камбінат, бронза на ім аднаго ДАСТу. Зразумела, пры неабходнасці можна дадаць у асноўны сплаў нейкія кампаненты, каб, напрыклад, павялічыць цякучасць. Гэта нармальная рэч і істотна на структуру бронзы не ўплывае.

Было да спадарыні Таццяны і дылетанцкае пытанне пра функцыю паціны на бронзе. Паціна на бронзе ўтвараецца ў любым выпадку, адказала яна. Але колер паціны можна карэкціраваць у адпаведнасці з аўтарскай задумай.

Ці ёсць у працы пры жорсткіх тэхналагічных рамках месца эмацыйнасці? Ці бывае так, што робіць тэхнічны спецыяліст сваю звыклую справу, але пры гэтым адчувае, што спрыяе з’яўленню шэдэўра?

— Ведаеце, — адказвае спадарыня Таццяна, — у нас на прадпрыемстве тыражу няма. У нас уся прадукцыя аўтарская. Кожны выраб — твор, па-свойму цікавы, па-свойму складаны. Мы кожную рэч прапускаем праз сябе, за кожную перажываем, кожнай ганарымся. Так што тут цяжка нешта вылучыць. Адзінае, калі трапляюць аб’екты вельмі вялікага памеру. Тады паўстаюць тэхнічныя цяжкасці. А так тое, што тычыцца самой работы, дык мы самі захапляемся і натхняемся тым, што робім.

/i/content/pi/cult/757/16369/2.JPGІ апошняе пытанне — пра кадры…

— Нашы супрацоўнікі — творчыя людзі. Кожная скульптура, да стварэння якой яны маюць дачыненне, падвышае іх уласны рэйтынг. Яны маюць ўсе падставы спадзявацца, што іх імёны застануцца ў гісторыі мастацкай вытворчасці.

Дарэчы, майстры, што працуюць на камбінаце — гэта яшчэ савецкая школа.

Асобнай установы, дзе б рыхтавалі ліцейшчыкаў, увогуле няма. Людзі прыходзяць да нас на працу і навучаюцца ўсяму ў працэсе работы. Зразумела, лепей прыдбаць гатовага майстра, чым рупіцца пра ягонае навучанне. Мы гэта разумеем, і робім так, каб унікальныя спецыялісты мелі працу на радзіме, а не шукалі яе за мяжой. І там іх, дарэчы, мала.

Да слова, аўтары помніка Гедыміну Сяргей Аганаў і Вольга Нячай ужо думаюць пра ўшанаванне памяці яшчэ аднаго героя нашай нацыянальнай гісторыі — Вітаўта. Найлепшым месцам для помніка ўладару, пры якім наша сярэднявечная дзяржава дасягнула найвышэйшай магутнасці, на іх думку мусіць быць Гродна.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"