Адбіткі часу на ліпавых дошках

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

Праз 325 гадоў “Біблія для народа” вярнулася на Беларусь — гістарычную радзіму яе стваральніка
11 ліпеня ў Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання (філіял Віцебскага абласнога краязнаўчага музея) адкрылася выстава “Біблія для народа 1692 — 1696 гг. Васіля Кораня. Да 325-годдзя першай у Расіі гравіраванай кнігі”. Падзея адбылася ў рамках XXVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

/i/content/pi/cult/756/16368/18.JPGВыставу ў горад Віцебск прывёз вядомы маскоўскі мастак-графік, манументаліст, заснавальнік і першы прэзідэнт Акадэміі народнага мастацтва, заснавальнік сучаснага расійскага лубка Віктар Пензін, які займаецца адраджэннем драўляных формаў рускіх лубкоў XVII — XVIII стагоддзяў, гравіраваных на дрэве. Абапіраючыся на арыгіналы, Віктар Пензін робіць адбіткі з іх і перш за ўсё з самабытнай “Бібліі для народа” — працы беларуса Васіля Кораня, што стала наватарскім падыходам да захавання спадчыны мастацтва славянскіх народаў.

Майстар гравіравання з Дуброўна

/i/content/pi/cult/756/16368/19.JPGВасіль Корань нарадзіўся ў беларускім мястэчку Дуброўна каля 1640 года, біяграфічныя звесткі пра яго нешматлікія. Вядома, што ў юнацтве Васіль Корань пераехаў у Масковію, дзе стаў разьбяром-гравёрам, а з 1671 года — жыхаром Мяшчанскай слабады у Маскве. Менавіта там Корань склаўся як майстар гравіравання.

Біблія — вечная кніга міру і духоўны спадарожнік чалавецтва. Яна не ведае межаў у часе і прасторы і звяртаецца да сэрцаў людзей, якія будуць размаўляць на самых розных мовах. Зразумець яе найглыбейшы сэнс і высокую духоўную сімволіку дапамагае вялікі і дасканалы інструмент — мастацтва. Жывапісцы і скульптары, майстры іканапісу, кніжнай графікі, мініяцюры і мазаікі, якія жылі ў розныя часы і належалі да розных народаў, на працягу многіх стагоддзяў шукалі і знаходзілі ў Бібліі крыніцу натхнення.

Чатыры гады, з 1692-га па 1696-ты, Васіль Корань выразаў і друкаваў сваю Біблію ў малюнках. Жанр “Біблія для народа” ўзнік у Еўропе і прызначаўся не толькі прадстаўнікам простага люду (падобна фрэскам, названым “Кнігамі для непісьменных”), але і бедным святарам. Назва “Біблія бедных” — агульнапрыняты тэрмін ў мастацтвазнаўстве (па-латыні — biblia pauperum).

Дзесяць гадоў, каб паўтарыць подзвіг

“Біблія для народа” Кораня цалкам самабытная. Кніга мае цікавую кампазіцыю і складаецца з 36 аркушаў размаляваных гравюр з подпісамі на сюжэты з Кнігі Быцця (20 аркушаў) і Апакаліпсісу (16 аркушаў). Адзіны дайшоўшы да нас асобнік Бібліі з’яўляецца арыгіналам XVII стагоддзя, які сёння захоўваецца ў Аддзеле рэдкай кнігі Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу.

Увёў у гісторыю мастацтва Біблію Кораня Дзмітрый Равінскі (гісторык мастацтва і калекцыянер, выдатны даследчык гравюры і лубка) у канцы XIX стагоддзя. А шырокую вядомасць твору Васіля Кораня прынесла Антаніна Георгіеўна Саковіч — адзін з найбуйнейшых у Расіі спецыялістаў у галіне рускай народнай карцінкі і рускай гравюры. Яна даследавала Біблію Васіля Кораня і выдала яе факсіміле у кнізе “Народная гравіраваныя кніга Васіля Кораня 1692 — 1696” (Масква, “Мастацтва”, 1983 год). Менавіта Антаніна Саковіч апублікавала першыя біяграфічныя дадзеныя пра Кораня і яго сына Аляксея і ўпершыню згадала, што Корань — беларус з Дуброўна.

Справу Антаніны Саковіч працягнуў заснавальнік сучаснага расійскага лубка Віктар Пензін. У 1982 годзе ў Маскве Віктар Пензін арганізаваў таварыства мастакоў “Майстэрня народнай графікі” — “Савецкі лубок”. Мастакі-разьбяры майстэрні пад кіраўніцтвам Віктара Пензіна рэканструявалі 36 аркушаў Бібліі Васіля Кораня.

Выстава на 115 пляцоўках свету

Дарэчы, калі Васіль Корань у свой час выдаткаваў чатыры гады, каб выразаць дошкі і аддрукаваць тыраж сваёй Бібліі, то Віктару Пензіну з калегамі “Майстэрні народнай графікі” спатрэбілася дзесяць гадоў (1982 — 1992), каб паўтарыць гэтую працу і подзвіг.

Спачатку майстры-разьбяры пераводзілі малюнак на ліпавую дошку, потым выразалі, рабілі пробны адбітак. З гэтым адбіткам Віктар Пятровіч адпраўляўся ў Расійскую нацыянальную бібліятэку і самым дбайным чынам параўноўваў яго з арыгіналам, уносіў драбнюткія папраўкі, якія потым зноў пераносіліся на драўляную форму. Дзякуючы працы мастакоў майстэрні, Біблія Васіля Кораня была рэканструявана, а таксама былі адноўлены страчаныя часткі малюнкаў, рамкі, арнаменты, словы, літары і іншае. Кніга надрукаваная і размаляваная ад рукі фарбавальнікамі таго тыпу, якімі карысталіся майстры ў мінулым.

На сёння экзэмпляры рэканструяванай Бібліі захоўваюцца ў многіх вядомых сусветных музеях і галерэях, а выстава ўжо пабывала на 113-ці пляцоўках розных краін свету і розных кантынентаў. У чэрвені бягучага года адбылося адкрыццё выставы на радзіме Васіля Кораня ў горадзе Дуброўна, а наступным выставу прыняў Віцебск, такім чынам, павялічыўшы колькасць выставачных пляцовак да 115.

Прызнанне лідэрамі хрысціянства

Мара мастака Віктара Пензіна спраўдзілася: праз 325 гадоў “Біблія для народа” вярнулася на гістарычную радзіму яе стваральніка. У знак глыбокай павагі да творчасці вялікага майстра Віктар Пензін перадаў на пастаяннае захоўванне ў музейны фонд Дубровенскага раёна рэканструяваную Біблію Васіля Кораня і рэканструяваныя лубкі XVII — XVIII стагоддзяў.

Адноўленую Біблію Кораня прызналі таксама лідары хрысціянства — Ян Павел II (1993) і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл (2016). У 2000 годзе Біблія бедных экспанавалася ў будынку Прэзідыўма Расійскай Акадэміі навук. Выставу наведаў мітрапаліт Філарэт, які ўхваліў і высока ацаніў падзвіжніцкую працу мастакоў “Майстэрні народнай графікі”, а таксама высокапрафесійнае мастацтва свайго вялікага земляка мастака-гравёра Васіля Кораня.

Асоба і праца Васіля Кораня не менш самабытныя і значныя, чым праца Францыска Скарыны і асветніцтва Сімяона Полацкага, і маюць патрэбу ў годным ўвекавечанні на беларускай зямлі.

Аднаўленне Бібліі — духоўнага помніка, які належыць расійскаму і беларускаму народам, — з’яўляецца данінай павагі ўсім безназоўным народным майстрам мінулага і творчым подзвігам мастакоў “Майстэрні народнай графікі”.

Сняжана МАКРАВУСАВА, старшы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі прыватнага калекцыянавання

Фота прадастаўлены музеем