Vector з мінуўшчыны ў будучыню

№ 31 (1418) 03.08.2019 - 10.08.2019 г

Сваё разуменне адзінства мінуўшчыны і будучыні, вялікага шляху, які прайшлі нашы продкі, і яго ўплыву на перспектывы сучаснага творчага працэсу ў перасоўнай выставе Vector прадставілі больш за 20 мастакоў, сярод якіх студэнты, выпускнікі і выкладчыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Вандроўка творчага праекта па краіне пачалася ў кастрычніку 2018 года ў Міры і скончыцца праз тры месяцы ў Пінску — сёлетняй культурнай сталіцы Беларусі.

/i/content/pi/cult/756/16362/12.jpgІдэя перасоўнай выставы, прысвечанай жывапісу і гісторыі, узнікла ў сценах Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дзе маладыя студэнты-мастацтвазнаўцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў праходзілі практыку. Маладыя куратары адштурхоўваліся ад экспазіцыі “Развіццё археалагічнай навукі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, куды ўваходзілі археалагічныя знаходкі і шэдэўры старажытнага мастацтва, што ў выніку прывяло да стварэння асаблівай мастацкай міфалогіі, якая раскрыла б у творах сувязь мінуўшчыны і будучыні.

Увага ў праекце засяроджана на даследаванні паняцця “традыцыі”, яго развіцці і ролі ў фарміраванні сучаснага свету. Назва “Вектар” — метафара выбару чалавечага шляху ад пэўнай кропкі адліку ў пэўны момант гісторыі. У жывапісных творах незвычайнага фармату (120 / 40), які сімвалізуе археалагічны слой, адлюстроўваюцца ўнікальныя каардынаты ўнутранага свету аўтараў. Многія з іх натхняліся вобразамі беларускай міфалогіі, арнаментам народнай вопраткі, вышытых пакрывалах і рушніках. Хтосьці звярнуўся да вечных філасофскіх вобразаў — напрыклад, вада, што абмывае камень, хтосьці — да вершаў беларускіх паэтаў, старых фотаздымкаў і карцін, вясковых хат і сельскага побыту.

Па куратарскай задуме праект вандруе па краіне і дэманструецца ў месцах, якія з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, каб творы экспанаваілся ў кантэксце ўнікальнай гістарычнай атмасферы. З кастрычніка мінулага года выстава экспанавалася ў такіх месцах, як Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку, Мемарыяльны музей-сядзіба Тадэвуша Касцюшкі ў Косаве, гісторыка-краязнаўчы музей у Івацэвічах і палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне. Зараз “Вектар” знаходзіцца ў вежы “Духаўскі круглік” у Віцебску, а ўжо пасля выставу перавязуць у апошні пункт падарожжа — Пінск.

Праект задумваўся, каб нагадаць пра важнасць захавання памяці, культурных і гістарычных традыцый, але пры гэтым прапанаваць наведвальнікам задумацца пра будучыню, паразважаць на тэму выбару жыццёвага руху, шляхоў развіцця грамадства. Задача выставы — пабудова змястоўнай камунікацыі паміж мастакамі і гледачамі, людзьмі розных пакаленняў, цікавасцей і поглядаў для таго, каб адчуць культурнае і гістарычнае адзінства. Мяркуючы па водгуках у шматлікіх кутках Беларусі, мэта паспяхова дасягнута.

Лізавета КОЗЕЛ, Яна ТЫШКЕВІЧ, студэнткі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў